Зноў памылковыя стэрэатыпы і ўстарэлыя падыходы

- 11:11Інфармацыйная гадзіна

Міністэрства замежных спраў Беларусі распаўсюдзіла каментарый у сувязі з прыняццем 27 чэрвеня даклада Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы “Сітуацыя ў Беларусі”.

“Уважліва азнаёміліся з дакладам Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы “Сітуацыя ў Беларусі”, падрыхтаваным італьянскім дэпутатам Андрэа Рыгоні. Вітаем рашэнне ПАСЕ прадоўжыць сваю дзейнасць і падтрыманне кантактаў высокага ўзроўню з беларускімі ўладамі. Гэты крок адкрывае магчымасць абмяркоўваць узаемныя заклапочанасці паміж парламентам Беларусі і ПАСЕ і ліквідуе штучную перашкоду для развіцця адносін з нашай краінай, створаную асобнымі недальнабачнымі палітыкамі яшчэ ў 2011 годзе, — гаворыцца ў каментарыі. — На жаль, асамблеі пакуль не ўдалося поўнасцю адмовіцца ад памылковых стэрэатыпаў і ўстарэлых падыходаў. Аб гэтым сведчыць шэраг палажэнняў даклада, якія мы не лічым аб’ектыўнымі”.

“Выклікае шкадаванне прыняцце папраўкі літоўскага боку да даклада па БелАЭС, нягледзячы на справядлівыя пярэчанні шэрага дэпутатаў аб тым, што гэтая тэма не мае ніякага дачынення не толькі да пытання, якое разглядаецца, але і да дзейнасці ПАСЕ”, — адзначылі ў МЗС.

“Вымушаны канстатаваць: замест таго, каб весці з намі дыялог у двухбаковым фармаце, працаваць разам у рамках спецыялізаваных міжнародных арганізацый і ў першую чаргу ў МА ГАТЭ, Літва працягвае ісці па шляху палітызацыі гэтага пытання, задзейнічаючы ў сваіх неканструктыўных мэтах міжнародныя пляцоўкі, якія не маюць ніякага дачынення да атамнай энергетыкі. Не здзівімся, калі заўтра пытанне аб БелАЭС “усплыве” ў парадку дня Міжнароднай федэрацыі шашак”, — падкрэсліваецца ў заяве.

Што тычыцца шэрага заклікаў да беларускага боку, якія змешчаны ў дакладзе, то абмеркаванне абазначаных у іх тэм праходзіць ужо ў рамках дыялогаў па правах чалавека паміж Беларуссю і яе заходнімі партнёрамі, заявілі ў знешнепалітычным ведамстве.