Нядаўна калектыў Барысаўскага будаўнічага прафесійнага ліцэя на чале з дырэктарам А.А.Зяблікавай быў узнагароджаны ганаровым дыпломам Рэспубліканскага конкурсу на лепшае дасягненне ў будаўнічай галіне Рэспублікі Беларусь за 2016 год у намінацыі “Кіраўнік года” (катэгорыя “Установа адукацыі, якая рыхтуе кадры для будаўнічай галіны”).
Конкурс быў арганізаваны Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва, Саюзам будаўнікоў, РК Беларускага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў. Гэтае спаборніцтва па праве лічыцца самым прэстыжным у будаўнічай галіне. Асноўныя мэты конкурсу — стымуляванне дзейнасці прадпрыемстваў, распаўсюджванне перадавога вопыту, паляпшэнне кадравай палітыкі і ўкараненне інавацый. Ліцэй удзельнічае ў гэтым конкурсе пяты раз і чацвёрты раз становіцца пераможцам.
Мінулы год быў для ліцэя вельмі выніковым, што стала гарантам перамогі ў прэстыжным спаборніцтве. Барысаўскі ліцэй прымае ўдзел у шматлікіх конкурсах рэспубліканскага і рэгіянальнага ўзроўню, і заўсёды выхаванцы ліцэя заваёўваюць высокія ўзнагароды. Гэта агляды тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, злёты вынаходнікаў і рацыяналізатараў, інфармацыйна-прафарыентацыйны праект “Праф-бум” і многія іншыя. Рух WorldSkills стаў для ўстановы адным з самых значных. Навучэнцы ліцэя на абласным узроўні гэтага спаборніцтва ўдзельнічалі ў некалькіх прафесійных кампетэнцыях, а на нацыянальным чэмпіянаце WorldSkils Belarus — 2016 навучэнец ліцэя Аляксандр Градовіч заняў першае месца ў прафесійнай кампетэнцыі “Малярныя і дэкаратыўныя работы”. За гэтую перамогу Аляксандр узнагароджаны першай прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Такой жа прэміі ўдастоена і Людміла Уладзіміраўна Грук, майстар вытворчага навучання ліцэя, якая рыхтавала Аляксандра да гэтага спаборніцтва.
Прымаючы віншаванні ў сувязі з высокай узнагародай, Алена Алегаўна Зяблікава расказала, што ў ліцэі праводзіцца сістэмная работа па ўмацаванні вучэбна-матэрыяльнай базы, па набыцці сучаснага абсталявання для вучэбна-вытворчых майстэрань, кабінетаў, лабараторый. Зроблены капітальны рамонт некаторых майстэрань, дзе вядзецца практычная падрыхтоўка кадраў па кваліфікацыях “сталяр”, “станочнік дрэваапрацоўчых станкоў”, “абліцоўшчык-плітачнік”, трох вучэбных кабінетаў па прадметах “Беларуская мова і літаратура”, “Асновы эканомікі”, “Дапрызыўная падрыхтоўка”, спартыўнай залы. У асобныя кабінеты набыты новыя стэнды, абсталяванне, мэбля. Праведзены бягучы рамонт вучэбных і вучэбна-дапаможных памяшканняў, вучэбных карпусоў, інтэрната.
На набыццё вучэбных дапаможнікаў, сродкаў навучання, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы штогод выдаткоўваецца значная сума бюджэтных і пазабюджэтных сродкаў.
З мэтай павышэння якасці прафесійнай падрыхтоўкі рабочых будаўнічых спецыяльнасцей у ліцэі арганізавана партнёрскае супрацоўніцтва з органамі мясцовага самакіравання, прадпрыемствамі і арганізацыямі рэгіёна, грамадскасцю. Вынікам сацыяльнага партнёрства з ААТ “Хенкель Баўтэхнік” з’явілася адкрыццё на базе ліцэя вучэбнага цэнтра Cerezit, які спрыяе весці падрыхтоўку навучэнцаў з выкарыстаннем сучасных будаўнічых матэрыялаў і тэхналогій. На базе цэнтра праводзяцца вучэбныя заняткі па вывучэнні спецыяльных тэхналогій і сучаснага абсталявання. Вядзецца распрацоўка і ўдасканаленне вучэбна-метадычных комплексаў і навукова-метадычнага суправаджэння адукацыйнага працэсу.
Ліцэй з’яўляецца рэспубліканскай эксперыментальнай пляцоўкай па праблеме “Апрабацыя зместу прафесійнага кампанента вучэбнага плана ўстановы адукацыі па спецыяльнасці “Аддзелачныя будаўнічыя работы”, абноўленага на аснове стандартаў WorldSkills International”.
Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.