Зноў верасень. Зноў у школу, і я з хваляваннем і нецярпеннем кожны дзень чакаю сваіх першаклашак. Вельмі хачу, каб іх школьнае жыццё было яркім, цікавым і запамінальным, каб бацькі з задавальненнем прыходзілі на школьныя сходы, маглі атрымаць адказ на любое сваё пытанне і сталі маімі саюзнікамі. Зноў стараюся выкласці вядомыя мне ісціны, шукаю новыя ідэі для вырашэння ўсё тых жа вечных праблем у звычайным трохвугольніку “настаўнік — бацькі — вучань”.
Люблю выказванне вядомага французскага пісьменніка Антуана дэ Сент-Экзюперы: “Бачыць адно толькі сэрца”. Як шмат сітуацый у жыцці настаўніка, калі толькі чулае сэрца і майстэрства могуць дапамагчы ў нечым разабрацца, знайсці рашэнне, здавалася б, невырашальных праблем… Сустрэча з бацькамі вучняў якраз той выпадак. Як складана бывае зрабіць, каб знікла насцярожанасць і недавер бацькоў, як цяжка знайсці тэму для размовы, у час якой бацькі б адкрыліся, падзяліліся нечым асабістым і сталі саюзнікамі педагога. Як правіла, на класных сходах педагогі знаёмяць бацькоў з поспехамі і дасягненнямі вучняў, агучваюць планы сумеснай работы, вырашаюць агульныя праблемы, даводзяць да ведама інфармацыю, якую хоча данесці адміністрацыя і выхаваўчая служба. А бацькам часта самім неабходна добрая парада педагога-прафесіянала, дапамога пры вырашэнні канкрэтнай складанай сітуацыі. Таму адной з задач маіх школьных сходаў з’яўляецца не толькі праінфармаваць, але і навучыць бацькоў спраўляцца з любой выхаваўчай задачай у адпаведнасці з узростам дзяцей.
Пры падрыхтоўцы да бацькоўскіх сходаў я стараюся прытрымлівацца некаторых правіл:
— бацькоўскі сход прасвятляе, а не інфармуе;
— сход — гэта не толькі тэорыя, але і практыка: аналіз сітуацый, трэнінгі, дыскусіі і г.д.;
— размова вядзецца з улікам узроставых асаблівасцей вучняў;
— на сходзе ні ў якім выпадку не абмяркоўваецца і не асуджаецца асоба вучня.
У зносінах з бацькамі прытрымліваюся наступных прынцыпаў.
Дзеці — самае дарагое ў жыцці, працяг роду. Мэта сям’і — выхаванне дзяцей.
Дзіця — гэта асоба. Важна правільна і тактычна ставіцца да дзяцей, каб не пакрыўдзіць і не прынізіць іх годнасць.
Бацькоў не вучаць, ім дапамагаюць. Кожная сустрэча павінна стаць для бацькоў карыснай і выніковай. Кожны сход — гэта магчымасць узброіць іх новымі ведамі ў галіне педагогікі, псіхалогіі, працэсу навучання.
— Не замест, а побач. Аснова поспеху маёй працы — саюз “настаўнік — бацькі — дзіця”.
Часта сучасныя бацькі, валодаючы дастатковымі тэарэтычнымі ведамі па пытаннях выхавання і развіцця дзяцей, не могуць прымяніць іх на практыцы. Тут важная мая дапамога як педагога: я стараюся падказаць, як ператварыць сухую тэорыю ў практыку радасных зносін з дзіцем. Такая работа з бацькоўскай грамадскасцю патрабуе высокага прафесіяналізму. Таму пастаянна ўдасканальваю свае веды і ўменні, чытаю спецыяльную літаратуру, наведваю курсы, вывучаю вопыт калег.
Ад удзелу бацькоў, ад іх укладу ў навучанне і выхаванне ў многім залежыць паспяховасць адукацыйнага працэсу ў пачатковай школе. Таму асаблівую ўвагу ўдзяляю збліжэнню дарослых і дзяцей праз сумесную дзейнасць. У такіх мерапрыемствах бацькі маюць магчымасць адкрыць саміх сябе, расказаць пра свае радасці, хваляванні, поспехі і няўдачы і г.д. Адны бацькі з задавальненнем арганізуюць вандроўкі, пазакласныя мерапрыемствы, іншыя паказваюць майстар-класы.
Вось пра што пішуць бацькі вучняў.
Вольга Валер’еўна Тарасава: “Лепшая магчымасць зрабіць дзіця добрым — гэта зрабіць яго шчаслівым”, — сказаў Аскар Уайльд. А калі дзіця сапраўды шчаслівае? Напэўна, самае галоўнае — безумоўна любіць і прымаць яго з усімі яго вартасцямі і недахопамі, клапаціцца пра яго і ўдзяляць яму дастаткова ўвагі. На мой погляд, асновы выхавання закладваюцца ў сям’і, а потым першы настаўнік і школа аказваюць значны ўплыў на будучае развіццё, навучанне і выхаванне дзіцяці. У прыватнасці, цікавыя агульнашкольныя мерапрыемствы творчай накіраванасці дапамагаюць далучыць бацькоў да ўдзелу ў сумесных праектах з дзецьмі, раскрыць іх патэнцыял, аб’яднаць усіх членаў сям’і. Несумненна, адным з такіх паспяховых праектаў быў конкурс “Асеннія фантазіі”. Дзеці разам з бацькамі з прыродных матэрыялаў стваралі цудоўныя кампазіцыі, незвычайна прыгожыя вырабы. У час падрыхтоўкі да конкурсу і дзеці, і бацькі праявілі свае крэатыўныя здольнасці, нестандартнасць мыслення, харызму. Хочацца шчыра падзякаваць педагогу за арганізацыю такога цудоўнага свята, якое падарыла яркія станоўчыя эмоцыі, цікавы вопыт, жаданне і далей актыўна ўдзельнічаць у школьным жыцці дзіцяці”.
Вікторыя Уладзіміраўна Доўнар: “У гэтым годзе мы прыйшлі ў першы клас. Усё было новым і хвалюючым. Дзіця з нецярпеннем чакала сустрэчы з першай настаўніцай і аднакласнікамі. З першых дзён вучобы ў класе была створана добразычлівая і сяброўская атмасфера. Настаўніца беражліва ставіцца да кожнага вучня, стала для іх другой маці, дапамагла зрабіць першыя школьныя крокі. Яна стараецца згуртаваць бацькоў і дзяцей з дапамогай разнастайных мерапрыемстваў: конкурс вырабаў “Асеннія фантазіі”, святкаванне Дня маці, бацькоўскія сходы і сумеснае наведванне тэатраў. Найбольш яркія эмоцыі выклікаў сумесны прагляд спектакля “Бураціна.by” ў тэатры музычнай камедыі. Дзеці апынуліся ў свеце дабрыні, сяброўства і ўзаемадапамогі, а цудоўная музыка вярнула нас, бацькоў, у сваё дзяцінства, у час косак і стужачак, новай школьнай формы з белымі каўнерыкамі… Хацелася б, каб такія мерапрыемствы сталі традыцыяй і дапамагалі будаваць цесныя сяброўскія ўзаемаадносіны бацькоў з дзецьмі”.
У выніку такой работы ў вучняў павышаецца матывацыя да навучання, у бацькоў — узрастае давер да школы, а таксама ў тых і іншых фарміруецца кола агульных інтарэсаў, устанаўліваюцца больш цесныя сяброўскія узаемаадносіны, у сям’і расстаўляюцца правільныя прыярытэты — выхаванне дзяцей.
Зноў панядзелак, я іду ў школу і разважаю, што можна яшчэ зрабіць, каб вочы маіх вучняў свяціліся ад радасці. А для гэтага неабходна, каб кожны школьны дзень быў запамінальным і яркім, сапраўднай падзеяй, каб у сям’і яны знаходзілі паразуменне, узаемадапамогу, падтрымку і любоў. І каб мы, дарослыя, заўсёды маглі дапамагчы дзецям справіцца з любой праблемай.
Ала МАЗУР,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 136 Мінска.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.