Зноў упэўненая перамога Артэга

- 10:05Інфармацыйная гадзіна

Дзеючы Прэзідэнт Нікарагуа Даніэль Артэга з вялікім адрывам ад канкурэнтаў перамог на выбарах кіраўніка дзяржавы. Аб гэтым паведаміў Вышэйшы выбарчы савет Цэнтральнаамерыканскай рэспублікі. Новым віцэ-прэзідэнтам краіны стане жонка Артэга Расарыя Мурылья.

Па выніках апрацоўкі бюлетэняў нікарагуанскі лідар заручыўся падтрымкай 72,5 працэнта выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні. Яго найбліжэйшы праследавацель Максіміна Радрыгес з Ліберальнай канстытуцыяналісцкай партыі атрымаў 15 працэнтаў галасоў. Выбары прайшлі пры высокай яўцы, якая перавысіла 68 працэнтаў. Да ўдзелу ў галасаванні было запрошана больш як 3,6 млн чалавек.

Упершыню Артэга, адзін з лідараў узброенай барацьбы супраць дыктатуры Анастасіа Самоса, стаў прэзідэнтам у 1985 годзе. Праз пяць гадоў яму не ўдалося перавыбрацца, і ён узначаліў краіну зноў толькі ў 2007 годзе. Пад яго кіраўніцтвам Нікарагуа ўдалося вытрымаць уздзеянне эканамічнага крызісу 2008—2009 гадоў і знізіць узровень беднасці з 42,5 працэнта да 29,6 працэнта з 2009 па 2014 год. Па выніках бягучага года рост ВУП рэспублікі складзе амаль 4,4 працэнта, што стане адным з самых высокіх паказчыкаў у рэгіёне.