“Зорная салянка”

- 10:37Адукацыйная прастора

Каманда Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Росквіт” Бабруйска “Зорная салянка” прыняла ўдзел у ІХ турыстычным злёце педагагічных работнікаў Бабруйска.

Вядома, што турыст ведае і ўмее многае. Напрыклад, раскласці агонь адной запалкай, зрабіць сховішча з падручнага матэрыялу, пераадолець водную перашкоду, вызначыць без компаса стораны гарызонту і многае іншае. Турызм — вельмі цікавы і карысны для здароўя занятак. Па вялікім рахунку, турыстычная навука патрэбна для жыцця. Спасцігаючы гэтую навуку, педагогі сур’ёзна рыхтуюцца да турыстычнага злёту, на якім вызначаецца, хто на цяперашні момант лепш ёй авалодаў.

Пагодлівай вераснёвай раніцай арганізатары і ўдзельнікі турзлёту сабраліся па традыцыі ў маляўнічым мястэчку Белы Бераг на рацэ Бярэзіне, блізка ад слаўнага Бабруйска. Усе хутка і дружна ўстроіліся, і неўзабаве ад палатачных лагераў па лесе пацягнуўся дымок ад раскладзеных вогнішчаў.

Ужо ў першым конкурсе “Візітоўка” каманда “Зорная салянка”, у чарговы раз пацвердзіўшы статус “Бабруйск — культурная сталіца Беларусі”, прадставіла гледачам зорак-землякоў: Руслана Аляхно, Шуру з “Бі-2”, Алесю. І ў кулінарным паядынку не было роўных нашай камандзе: атлетычнага целаскладу кулінары-стажоры пад кіраўніцтвам французскага кухара правялі майстар-клас па гатаванні кактэйлю “Ранішні шансон”, бутэрбродаў на грылі “Бон апеці” і вытанчанага “Жульена”.

Але не толькі творчасцю вызначалася “Зорная салянка” — на вышыні спартыўнага алімпу апынуліся і нашы спартсмены. Першыя месцы ў начным арыентаванні і турыстычнай паласе, натуральна, былі нашы.

Не была б наша каманда пераможцай, калі б не феерычнае выступленне ў конкурсе кіраўнікоў дырэктара Ніны Фёдараўны Касцян. У дуэце са старшынёй прафсаюзнага камітэта Святланай Аляксандраўнай Юдзінай яны смела пераадолелі забег па турыстычнай паласе і выйшлі ў лідары.

Алена ЧАБАТАРОВА,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей
і моладзі “Росквіт” Бабруйска.
Фота Валерыі НАВІЦКАЙ.