Зорны палёт па Гудзевіцкім краі

- 12:10Адукацыйная прастора

Яркім, актыўным, запамінальным застанецца лета-2017 для 30 хлопчыкаў і дзяўчынак са школ № 3 і № 5 Мастоў і Гудзевіцкай сярэдняй школы. Усе яны наведвалі кругласутачны лагер “Зорны”, які размешчаны ў жывапісных мясцінах Гудзевіцкага краю.

Лагер сабраў дзяцей, каб яны пасля працяглага навучальнага года змаглі не толькі цікава адпачыць, але і аздаравіцца: адарвацца ад камп’ютара, набрацца станоўчых уражанняў, падсілкавацца вітамінамі. Дзецям сумаваць не даводзілася. Насычаную праграму распрацавалі для выхаванцаў супрацоўнікі лагера “Зорны”. Дзеці на працягу дзевяці дзён падарожнічалі па “Галактыцы навук”. Экскурсіі, паездкі, гульні-падарожжы, спаборніцтвы, заняткі па інтарэсах, конкурсы, дыскатэкі рабілі кожны дзень незвычайным, яркім і запамінальным.

Профіль змены — навуковы. Ёсць меркаванне, што адукаваны чалавек — гэта не той, хто шмат ведае, а той, хто ўмее атрымліваць веды. Таму і адпраўляліся дзеці штодзень па новыя веды на планеты “Медыцына”, “Навукова-тэхнічная творчасць”, “Медалі і прэміі”, “Археалогія”, “Эканоміка” і інш. Каб звярнуцца да мінулага, да сваіх каранёў, да сваёй спадчыны, выхаванцы наведалі этнаграфічны музей. Надоўга запомніцца дзецям экскурсія, якую правяла для іх Сняжана Валянцінаўна Рыбалка. Гасцінна сустрэла дзетак сялянская хатка з побытам ранейшага часу. Экскурсавод засяродзіла ўвагу на тым, што этнаграфічны пакой было вырашана аформіць у выглядзе сялянскай хаты. Хата — наша калыска, утульнае і цёплае гняздзечка, адкуль вылятаем мы ў вырай, куды вяртаемся з далёкіх і блізкіх дарог, гэта тое месца, пра якое марым у сваіх салодкіх снах.

Экскурсіі ў Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурны музей, экскурсія на пажарны пост № 12 Мастоўскага МНС, на Мастоўскую выратавальную станцыю, у музей “Лес і чалавек” пакінулі радасць і задавальненне ў сэрцы кожнага выхаванца.

Пры правядзенні вуснага часопіса “Гартаючы старонкі гісторыі”, конкурсу плакатаў “Мы — за здаровы лад жыцця”, аперацыі “Помнік расказвае…”, у час паходу “Па здароўе — у Барысаўскі лясок” дзеці праявілі сваю зацікаўленасць, няўрымслівасць і працавітасць.

Апошні свой дзень у лагеры дзеці правялі пад дэвізам “Да сустрэчы, лагерная змена. Падарожжа па “Галактыцы навук!”, канцэрт “Зорны палёт”, дыскатэка, развітанні ў дзень ад’езду — усё запомніцца дзецям надоўга.

Ніна СЛАВУТА,
выхавальнік лагера “Зорны” Гудзевіцкай сярэдняй школы.