Зрабіць прафесійны выбар

- 10:10Адукацыйная прастора

Шумна і шматлюдна было ў дзень адкрытых дзвярэй у Брэсцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі лёгкай прамысловасці. Вучні 9-х і 11-х класаў з 34 школ Брэста і Брэсцкага раёна знаёміліся з прафесіямі, па якіх рыхтуе ПТНУ.

— Наша ўстанова ўдзяляе вялікую ўвагу прафарыентацыйнай рабоце з моладдзю, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце ліцэя Т.Р.Карабанава. — Штогод ва ўстанове праводзіцца дзень адкрытых дзвярэй для школьнікаў. Падчас кірмашу прафесій выкладчыкі і майстры вытворчага навучання падрабязна расказваюць вучням выпускных класаў пра спецыяльнасці, якія можна асвоіць у ліцэі, умовы навучання і пражывання ў ім, далейшае працаўладкаванне. Акрамя дзён адкрытых дзвярэй, установа праводзіць прома-акцыі на адной з цэнтральных вуліц Брэста “Ёсць заказ на рабочы клас”.За 50 гадоў існавання ліцэй падрыхтаваў больш за 15 тысяч рабочых для прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці. Сёння ўстанова прапаноўвае абітурыентам 3 спецыяльнасці: “Швачка, кравец, закройшчык”, “Кравец, тэрмааддзелачнік швейных вырабаў, аператар аўтаматызаванага раскройнага комплексу” і “Агент па забеспячэнні, аператар электронна-вылічальных машын”. Наяўнасць некалькіх кваліфікацый у рамках адной спецыяльнасці значна пашырае магчымасці выпускнікоў на сучасным рынку працы. Сёлета плануецца набраць 140 навучэнцаў.
Падчас прафарыентацыйнага мерапрыемства школьнікі азнаёміліся не толькі са спецыфікай прафесій, але і з узорамі прадукцыі, якую вырабляюць педагогі і навучэнцы ліцэя. Канцэртная праграма ўключала паказ мадэлей адзення і творчыя нумары выхаванцаў установы.
Хочацца спадзявацца, што дзень адкрытых дзвярэй акажацца плённым і сярод будучых навучэнцаў ліцэя апынуцца сённяшнія школьнікі, якім знаёмства з установай дапамагло зрабіць прафесійны выбар.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.