«Зрабіў адкрыццё — падзяліся ім», лічыць свіслацкі педагог-краязнаўца Аляксандр Пясецкі

- 13:40Образование

За якую б краязнаўчую тэму ні браўся настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 2 імя М.П.Масонава Свіслачы Аляксандр Валер’евіч Пясецкі, у яго абавязкова атрымліваецца грунтоўнае даследаванне, а вынікі становяцца вядомы шырокай аўдыторыі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Толькі знакамітым землякам ён прысвяціў некалькі дзясяткаў работ! Калі гава­рыць пра тэму хлеба ў жыцці беларускага народа, то педагог кіруе ў школе асобным музеем, прычым як з рэальнай, так і з віртуальнай экспазіцыяй. Архітэктурныя, прыродныя, археалагічныя адметнасці Свіслаччыны знайшлі адлюстраванне ў некалькіх турыстычных маршрутах.

Асобны напрамак — тэма Вялікай Айчыннай вайны. Тут увага сканцэнтравана на лёсе чырвонаармейцаў, партызан, падпольшчыкаў, імёны якіх нанесены на мемарыяльныя пліты брацкіх магіл Свіслаччыны. Адным словам, работа вядзецца маштабная, грунтоўная. Таму і перамогі ў шматлікіх конкурсах, дыпломы за ўдзел у канферэнцыях, края­знаўчых чытаннях, форумах не з’яўляюцца для настаўніка рэдкасцю.

— Як і кожны раён Беларусі, Свіслаччына славіцца багатай гісторыяй, архітэктурнай спадчынай. Асаблівая наша гор­дасць — Белавежская пушча. Таму, канечне, складана выбраць нейкі адзін напрамак у вывучэнні роднага краю, яго мы з вучнямі даследуем комплексна, — адзна­чыў Аляксандр Валер’евіч.

Стануць юныя краязнаўцы прафесійнымі гісторыкамі або выберуць іншы жыццёвы шлях, для педагога не важна. Галоўнае, каб праз усё жыццё яны пранеслі любоў да малой радзімы. Аснову гэтай любові якраз і закладвае Аляксандр Валер’евіч. У самога ж настаўніка цікавасць да мінулага сфарміравала настаўніца гісторыі Вера Міхайлаўна Цюхай. Таму выбар прафесіі педагога, ды яшчэ і гісторыка, не быў для яго выпадковым.

Ніхто з калег А.В.Пясецкага, у тым ліку сам настаўнік, не скажа, што пра сваю малую радзіму ведае ўсё. Заўсёды знаходзіцца нешта новае.

Настаўніцкі шлях пачаўся ў Вялікасельскай базавай школе, потым была работа ў Палонкаўскай, Дварчанскай, Грынкаўскай сярэдніх школах, сярэдняй школе № 3 Свіслачы. Дарэчы, у гэтай установе адукацыі былі першыя музейныя спробы. Ды якія! Разам з педагогамі і сённяшнім дырэктарам другой школы Наталляй Іванаўнай Бауфалік Аляксандр Валер’евіч стварыў музей гісторыі адукацыі. Цяпер падобныя музеі ёсць практычна ў кожным раёне, а тады, у 2005 годзе, гэта была яшчэ не пратаптаная музейная сцежка. Інфармацыі для будучай экспазіцыі ў інтэрнэце не было, знахо­дзілі яе ў раённым гісторыка-края­знаўчым музеі, архівах. Значную дапамогу аказаў вядомы свіслацкі края­знавец, заслужаны работнік культуры Беларусі, выдатнік адукацыі Аляксандр Сямёнавіч Палубінскі. Шмат матэрыялу ўдалося знай­сці ў мясцовых жыхароў. На жаль, школа была рэарганізавана і багатая экспазіцыя перавезена ў будынак былой турбазы.

Музейную справу педагог не кінуў. Разам з Наталляй Іванаўнай ужо ў другой школе сталі развіваць музей хлеба, папаўняць яго эспанатамі. Дапамаглі калегі, вучні. У музеі можна азнаёміцца з роляй хлеба ў жыцці нашага народа, даведацца, якімі прыладамі працы карысталіся сяляне для вырошчвання збожжа, як рабілі рошчыну, выпякалі цеста. Як выглядае рэальная музейная экспазіцыя, можна ўбачыць на фотаздымку. З віртуальнай вы азнаёміцеся на сайце школы.

Краязнаўчы дэвіз Аляксандра Валер’евіча такі: зрабіў адкрыццё — падзяліся ім. Настаўнік імкнецца расказаць пра адметнасці раёна як мага большай колькасці людзей. Таму кожны рэальны праект размяшчаецца ў віртуальнай прасторы. Напрыклад, дзякуючы інтэрнэт-праекту “Падарожнічаем па Свіслаччыне”, можна завочна прагуляцца па экалагічным, археалагічным, ваенна-гістарычным маршрутах. Акрамя апісання адпаведных аб’ектаў, на сайце ёсць тэксты даследчых работ, прысвечаныя мінуламу роднага краю, лёсу землякоў.

Краязнаўцам варта актыўна папулярызаваць вынікі сваёй дзейнасці, бо тое, чым мы займаемся, — аснова патрыятычнага выхавання.

Як ужо адзначалася, цэнтральная тэма ў краязнаўчай дзейнасці А.В.Пясецкага — гісторыя Вялікай Айчыннай вайны.

— Свіслач была акупіравана гітлераўцамі 26 чэрвеня 1941 года. Амаль тры доўгія гады працягвалася акупацыя раёна. 2 лістапада 1942-га ў лесе каля чыгуначнай станцыі Свіслач было расстраляна 1536 мірных жыхароў. Каб стаць сапраўднымі гаспадарамі Белавежскай пушчы, акупанты гвалтоўна высялялі жыхароў вёсак, размешчаных на тэрыторыі запаведнага лесу. З кожным днём нарастала супраціўленне ворагу. На тэрыторыі раёна пачалі арганізоўвацца партызанскія і падпольныя групы, якія здзяйснялі дыверсіі, выводзілі са строю тэхніку, знішчалі салдат варожай арміі. Вялікая Айчынная вайна прынесла Свіслацкаму раёну шмат страт. Людскія ахвяры склалі каля 4 тысяч чалавек. Акрамя таго, было вывезена 3028 чалавек, у Германію — 910. Немцы знішчылі поўнасцю або часткова 27 населеных пунктаў. На франтах Вялікай Айчыннай вайны загінуў 781 наш зямляк, у партызанскіх атрадах і падпольных групах — 33 партызаны, 12 падпольшчыкаў, — паведаміў настаўнік.

За гэтымі лічбамі стаяць цікавыя, пакручастыя людскія лёсы. Іх вывучэнню Аляксандр Валер’евіч і ўдзяляе асаблівую ўвагу. І справа не толькі ў тым, што педагог цудоўна разумее важнасць захавання гістарычнай праўды пра вайну на прыкладзе лёсу яе ўдзель­нікаў. Ёсць іншая прычына. У брацкай магіле ў цэнтры Свіслачы пахаваны Герой Савецкага Саюза Мікалай Паўлавіч Масонаў, імя якога носіць другая школа.

Больш падрабязна з вынікамі маштабнай краязнаўчай дзейнасці настаўніка, яго праектамі можна азнаёміцца на сайце другой свіслацкай школы. А мне б хацелася яшчэ раз адзначыць дэвіз, якога, упэўнены, павінны прытрымлівацца ўсе педагогі-краязнаўцы: зрабіў адкрыццё — падзяліся ім.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара