Педагогу-псіхолагу дашкольнай установы ў апошні час усё часцей даводзіцца працаваць з карэкцыяй агрэсіўных паводзін у дашкольнікаў. І вельмі важна ў пачатку работы выявіць прычыну ўзнікнення дзіцячай агрэсіўнасці.
У рабоце выкарыстоўваю метад назірання за невербальнымі паводзінамі выхаванца і за яго паводзінамі ў гульні; тэст вызначэння асаблівасцей міжасобасных адносін Рэнэ Жыля, тэст Розенцвейга для вывучэння асаблівасцей паводзін дзіцяці ў канфліктных сітуацыях, “Кінетычны малюнак сям’і”, праектыўную методыку “Кактус” і інш.
Практыка паказвае, што асноўныя прычыны дзіцячай агрэсіўнасці ў дашкольным узросце — недахоп бацькоўскай увагі, павышаная трывожнасць, недахоп рухальнай актыўнасці, уплыў агрэсіўных мультфільмаў, пэўных цацак, захворванне цэнтральнай нервовай сістэмы дзіцяці і інш.
Карэкцыйная работа з агрэсіўнымі дзецьмі накіравана на навучанне іх кантролю над сваімі эмоцыямі, на развіццё здольнасці зніжаць узровень эмацыянальнага напружання праз фізічную рэлаксацыю: праслухоўванне спакойнай музыкі, павольныя танцы, дыхальныя практыкаванні, метады аўтатрэнінгу, метады арт-тэрапіі.
Найбольш эфектыўны метад пры суправаджэнні агрэсіўнага дзіцяці дашкольнага ўзросту — гульнятэрапія. Для работы з гневам, развіцця самакантролю выкарыстоўваю гульнявыя карэкцыйныя комплексы “Несяброўскі шарж”, “Мяшочак крыкаў”, “Сляпы і павадыр”, “Крытыкуй не крыўдзячы”, “Вазьмі сябе ў рукі”, “Стоп” і інш. Праводжу псіхагімнастычныя практыкаванні і эцюды: “Штанга”, “Паветраныя шарыкі”, “Лядзяш”, “Лімон”, “Карабель і вецер” і інш. Прайграю сітуацыі, пасля чаго задаю дзіцяці выразныя пытанні для аналізу сітуацыі. Такая форма работы дапамагае дзіцяці навучыцца разумець свае пачуцці, пачуцці іншых людзей.
Зняццю агрэсіўных станаў спрыяе і работа з мяккім матэрыялам: цестам, пластылінам. Як правіла, дзіця само ведае, што яму ляпіць. Такі метад дапамагае дзіцяці пазбавіцца лішняга напружання. Выкарыстоўваю тэрапію з дапамогай малюнка, накіраваную на зніжэнне эмацыянальнага напружання. Прапаную нетрадыцыйныя метады малявання: пальцамі, далонькай. Падобная дзейнасць расслабляе дзяцей, дае ім станоўчы эмацыянальны зарад.
Вучу дзяцей канструктыўным спосабам выказвання гневу: прама заяўляць аб сваіх пачуццях і пераносіць іх на неадушаўлёныя прадметы. Для гэтага ў кабінеце педагога-псіхолага ёсць мяккія падушкі, мішэнь дроцікаў, спартыўны інвентар.
Паралельна праводжу кансультатыўную работу з бацькамі дзіцяці і педагогамі. Першым рэкамендую паспрабаваць зразумець прычыны агрэсіўных паводзін дзіцяці і ўстараняць іх, выключыць прагляд фільмаў і тэлеперадач са сцэнамі гвалту і жорсткасці, не звяртацца да фізічных пакаранняў, змяніць негатыўную ўстаноўку ў дачыненні да дзіцяці на пазітыўную, больш часу і ўвагі ўдзяляць малому. Дзіця павінна адчуваць, што бацькі яго любяць, шануюць і прымаюць. Пры ўзаемадзеянні педагога з агрэсіўным дзіцем рэкамендую добразычлівы, спакойны стыль зносін. Рэкамендую дапамагчы дзіцяці знайсці сяброў, што будзе спрыяць яго адаптацыі ў калектыве, створыць умовы для самарэалізацыі.
Самае важнае — стварыць для дзіцяці такія ўмовы жыцця, дзе яму дэманстраваліся б узоры міралюбівых адносін паміж людзьмі, адсутнічалі б негатыўныя прыклады агрэсіўных паводзін. Выхаванне на прынцыпах супрацоўніцтва — гэта галоўная ўмова прадухілення агрэсіўнасці.
Наталля ЛОЖАЧНІК,
педагог-псіхолаг дашкольнага цэнтра
развіцця дзіцяці Карэліч.