“Зубраня” чакае японскіх дзяцей

- 16:24Інфармацыйная гадзіна, Рознае

“Супрацоўніцтва Беларусі і Японіі неабходна больш актыўна развіваць па ўсіх напрамках”, — заявіла намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава на сустрэчы з членам Палаты саветнікаў парламента Японіі Масака Моры.

Наталля Качанава падзякавала Масака Моры за ўвагу, якую парламентарый удзяляе пытанням ліквідацыі наступстваў аварый на атамных электрастанцыях у Чарнобылі і Фукусіме. “Думаю, што нашы народы разумеюць усю сур’ёзнасць і важнасць той работы, якая праводзіцца па ліквідацыі наступстваў гэтых трагічных тэхнагенных катастроф. Японія адна з першых аказала нам дапамогу і падтрымку па правядзенні работ па ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай аварыі, таксама як і мы ў 2011 годзе, калі адбылася трагедыя ў Фукусіме, накіравалі дапамогу, якая была неабходна японскаму народу”, — сказала віцэ-прэм’ер.

Яна падкрэсліла, што Беларусь ужо 30 гадоў сур’ёзна займаецца пытаннямі ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС. “За гэтыя гады напрацавана шмат падыходаў у ахове здароўя, сацыяльнай сферы, экалогіі. Наведаўшы Гомельскую вобласць, вы пераканаліся, наколькі сур’ёзна дзяржава гэтым займаецца”, — канстатавала Наталля Качанава.

На яе думку, такія візіты садзейнічаюць таму, каб сумесная работа ў напрамку пераадолення наступстваў катастроф была яшчэ больш дзейснай. “Асноўная задача — абарона грамадзян, перш за ўсё дзяцей. Мы рады таму, што ўжо на працягу пяці гадоў дзеці з Японіі прыязджаюць у Беларусь. У гэтым годзе, у пачатку жніўня, мы таксама чакаем японскіх дзяцей, каб яны прыехалі ў лагер “Зубраня” прайсці аздараўленне і азнаёміцца з нашай краінай”, — сказала Наталля Качанава.

У сваю чаргу Масака Моры падзякавала Наталлі Качанавай за гасцінны прыём і выказала надзею на далейшае развіццё двухбаковых адносін.