Званне ганаровага грамадзяніна Хоцімскага раёна прысвоена настаўніку Аляксандру Сцепчанку

- 12:16Новости

Званне ганаровага грамадзяніна Хоцімскага раёна прысвоена настаўніку фізічнай культуры і здароўя Забялышынскай сярэдняй школы Аляксандру Сцепчанку, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

У свае амаль 60 гадоў педагог здзіўляе энергічнасцю і ба­дзёрасцю духу. У спартыўнай зале і на школьным стадыёне ён знаходзіцца з раніцы да вечара як у будні, так і на выхадных. Усё таму, што педагогіка для яго не проста праца, а сапраўды любімая справа.

За плячыма Аляксандра Мікалаевіча звыш 35 гадоў бесперапыннага працоўнага стажу. Ён мае ўласны педагагічны почырк, кваліфікацыю “настаўнік-метадыст”, але ніколі не спыняецца ў развіцці. Свае ўрокі педагог будуе на здароўезберагальных, гульнявых тэхналогіях і індывідуальным падыходзе да кожнага вучня. Асоба дзіцяці для яго ў прыярытэце.

— Ва ўсіх дзяцей розны ўзровень фізічнай падрыхтоўкі. Менавіта таму выкарыстоўваю на занятках рознабаковыя метады, абапіраюся на магчымасці, стан здароўя і цікавасці таго ці іншага навучэнца, — растлумачыў Аляксандр Сцепчанка.

У структуру навучання настаўнік уключае і персаналізаваныя дамашнія заданні. Акрамя дыферэнцыяцыі, у аснове ўрокаў Аляксандра Мікалаевіча — пераем­насць і паслядоў­насць. Асабліва плённа Аляксандр Сцепчанка працуе з адоранымі вучнямі. Раскры­ваць патэнцыял навучэнцаў ён пачынае ўжо з пачатковых класаў: імкнецца адразу прыкмеціць схільнасці дзяцей, накіра­ваць іх у патрэбнае рэчышча. У сукупнасці з карпатлівай пад­рыхтоўкай гэта прыно­сіць адпаведныя вынікі. Вучні Аляксандра Сцепчанкі 387 разоў станавіліся пераможцамі фінальных этапаў прэ­стыжных спаборніцтваў “Снежны снайпер”, “Абаронца Айчыны”, мнагаборства “Здароўе”. Па гэтым паказчыку педагогу няма роўных у краіне. Праяўляюць сябе навучэнцы і ў алімпіядным руху. Рэгулярна заваёўваюць дыпломы на абласным этапе Рэс­публіканскай алімпіяды па фізкультуры.

Нямала прафесійных узнагарод і ў самога Аляксанд­ра Мікалаевіча. Імя Аляксандра Сцепчанкі занесена ў Кнігу славы Магілёўшчыны, ён з’яўляецца выдатнікам адукацыі, уладальнікам медаля Францыска Скарыны, неаднаразова адзначаўся граматамі і падзякамі, у тым ліку Міністэрства адукацыі і Нацыянальнага сходу Рэспуб­лікі Беларусь.

— За тры з паловай дзесяцігоддзі сабраў скарбонку прафесійных дасягненняў. Але самыя важкія заключаюцца ў вучнях. Школьны парог яны пераступаюць дастойнымі людзьмі, з выразным разуменнем свайго прызначэння і месца ў грамадстве. Некаторыя трывала звязваюць свой прафесійны шлях з фізкультурай. У ліку такіх — мой сын, які стаў настаўнікам. Працу­юць выпускнікі ў самых розных сферах, але абсалютна ўсе працягваюць ісці са спортам па жыцці. Для мяне гэта — самае каштоўнае, — адзначыў Аляксандр Сцепчанка.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота Юліі ДАНІЛЕНКА