У нядзелю ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” адбудзецца справаздачны канцэрт трэцяга этапу конкурсу па падтрымцы юных вакалістаў “Звонкая раніца — 4”. Па выніках двух першых этапаў лідзіруе Яна Семіжон, васьмікласніца Халопеніцкай сярэдняй школы Крупскага раёна Мінскай вобласці, якая па выніках двух этапаў фіналу набрала 89 балаў з 90 магчымых.
На мінулым тыдні, 16 і 19 студзеня, адбыліся справаздачныя канцэрты першага і другога этапаў конкурсу. На канцэртах першага этапу канкурсанты выконвалі песні, якія раней прадстаўлялі на кастынгу. Выканаўцы адразу адчулі дух барацьбы. Кожны імкнуўся паказаць сябе найлепшым чынам. У кагосьці гэта атрымлівалася, у кагосьці — не зусім.
Асабліва трэба сказаць пра журы конкурсу, якое складалася з педагогаў па вакале Алесі Чарняўскай, Алесі Ганчаровай і Аліны Дзямідавай; педагога-харэографа нашага праекта кіраўніка танцавальнага калектыву “Эльфрыданс” Алены Лызікавай і госці конкурсу, фіналісткі “Звонкай раніцы — 2”, пераможцы тэлепраекта “Поющие города” Юліі Жыдкай.
Безумоўна, у кожным канцэрце былі тыя, хто выкладваўся поўнасцю. Але найболей пашчасціла Яне Семіжон, якая напярэдадні канцэрта трэцяга этапу мае самую высокую суму балаў. Максімальныя 50 балаў падчас другога конкурснага выступлення атрымала гамяльчанка Віялета Фралова. Дзяўчаты вельмі рады таму, што іх старанні не прайшлі дарма, і яны абяцалі і надалей паказваць тое, што ўмеюць і чаму навучыліся падчас праекта, і радаваць гледачоў сваімі моцнымі галасамі.
“Шчыра кажучы, я вельмі баялася выходзіць на сцэну. Але я была ўпэўнена ў сабе, і гэта мне дапамагала справіцца з хваляваннем. Вялікі дзякуй майму педагогу па вакале Аліне Сяргееўне Дзямідавай, якая ўвесь час падтрымлівала мяне”, — так пракаментавала свае выступленні Яна.
“Пасля таго, как я пачула свае адзнакі, я была на сёмым небе ад шчасця! Гэта незабыўнае пачуццё таго, што ўсё, дзеля чаго ты так многа працаваў, акупляецца. Я вельмі рада!” — сказала Віялета Фралова.
Варта адзначыць, што ўсе без выключэння канкурсанты падчас канцэртаў другога этапу адчувалі сябе на сцэне больш упэўнена — да выступлення ім актыўна дапамагалі рыхтавацца педагогі па вакале, а таксама харэографы праекта Ірына Буднік, Алена Ляснічая і Алена Лызікава. Эксперыменты былі абсалютна ва ўсім. Справаздачныя канцэрты ператварыліся ў сапраўднае шоу. Некаторыя канкурсанты, як, напрыклад, Ганна Сапоцкая, выйшлі на сцэну ў абсалютна нязвычным для іх іміджы. Для шэрагу выступленняў калектывы падрыхтавалі харэаграфічнае суправаджэнне. Работа была каласальная: за два дні было падрыхтавана 18 танцавальных нумароў.
Безумоўна, самыя яркія ўражанні атрымалі гледачы ў зале, але канцэрты можна было ўбачыць і дома: вялася прамая трансляцыя выступленняў канкурсантаў у інтэрнэце на сайце www.ng-press.by/tv і сайце “Звонкай раніцы”. А тыя, хто не паспеў паглядзець канцэрты ў рэальным часе, могуць зрабіць гэта на сайце конкурсу ў раздзеле “Звонкая раніца — 4”. Другі этап”.
Дарэчы, справаздачны канцэрт трэцяга этапу пачнецца 26 студзеня ў 19 гадзін 30 хвілін. Удзельнікі конкурсу прадэманструюць уменне працаваць на сцэне ў ансамблі. На думку і дзяцей, і педагогаў, гэта самы складаны этап конкурсу, таму і адзнакі журы будуць максімальнымі. Прыязджайце ў НДЦ “Зубраня”, каб падтрымаць фіналістаў конкурсу, або зноў глядзіце нас у інтэрнэце.
На канцэртах другога этапу адбылося таксама і галасаванне гледачоў. Кожны, хто знаходзіўся ў глядзельнай зале, меў магчымасць прагаласаваць за канкурсанта, выступленне якога найбольш спадабалася. Па выніках гэтага галасавання пакуль што лідзіруе Настасся Сярнова з вёскі Завышша Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Да 0 гадзін 00 хвілін 29 студзеня таксама будзе доўжыцца СМС-галасаванне*, пераможца якога атрымае спецыяльны прыз ад арганізатараў і дадатковыя 12 балаў у сваю скарбонку.