Звыш 60% школ Магілёўшчыны плануюць перайсці на новыя прынцыпы арганізацыі харчавання

- 12:00Образование

Магчымасці ўкаранення новых прынцыпаў арганізацыі школьнага харчавання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі абмеркавалі ў Магілёве, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Актуальная нарада сабрала разам начальнікаў аддзелаў па адукацыі гар-, райвыканкамаў, кіраўнікоў цэнтраў па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, дырэктараў навучальных устаноў, тэхнолагаў, кухараў, педагагічных работнікаў, адказных за харчаванне навучэнцаў. Прысутныя гаварылі пра нарматыўную базу пілотнага праекта, этапы яго рэалізацыі, санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні да харчавання дзяцей.

Як было адзначана, у рэгіёне створана сістэма якаснага і збалансавага харачання навучэнцаў. Эксперыментальны праект Міністэрства адукацыі дазволіў удасканаліць традыцыйныя падыходы. Першымі ўдзельнікамі эксперымента сталі тры навучальныя ўстановы: сярэднія школы № 39 і № 45 Магілёва, а таксама Вяйнянская сярэдняя школа Магілёўскага раёна. Падчас апрабацыі былі цалкам абноўлены рацыёны харчавання. Яны сталі больш варыятыўнымі. Кухары цяпер выкарыстоўваюць у гатаванні новыя віды прадуктаў, што дазволіла разнастаіць меню з улікам смакавых пераваг дзяцей. Прычым важна, што стравы распрацавалі так, каб нават любімыя ў сучасных вучняў бургеры былі карыснымі. Канечне, узнікалі і праблемныя моманты, але, дзякуючы міжведамаснаму ўзаемадзеянню, недахопы аператыўна выпраўляліся. У выніку ўсе новаўвядзенні былі станоўча ўспрыняты як вучнямі, так і бацькамі, педагогамі. А самае галоўнае — дзеці сталі есці значна лепш, колькасць харчовых адходаў істотна знізілася.

— Эксперыментальны праект паказаў спосабы паляпшэння харчавання навучэнцаў. Апрабацыя прайшла паспяхова, таму ў найбліжэйшы час на новыя прынцыпы харчавання паэтапна пяройдуць усе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі вобласці. Да гэтага кроку кіраўнікі на месцах павінны аднесціся з максімальнай адказнасцю, бо правільнае і рацыянальнае харчаванне — ключавы фактар захавання здароўя дзяцей, — адзначыла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Ірына Кускова.

З пачаткам новага навучальнага года ажыццявіць пераход на новую сістэму плануюць 188 устаноў. Гэта звыш 60% ад усёй колькасці школ рэгіёна. Астатнія навучальныя ўстановы зменяць падыходы да харчавання ў 2024 годзе. Зараз вядзецца ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы школьных харчаблокаў. Створаны даступны для ўсіх дапаможнік з тэхналагічных карт фірменных страў, распрацаваных у ходзе рэалізацыі эксперымента. На базе профільных кале­джаў наладжана кваліфікацыйная перападрыхтоўка кухараў. У абласным інстытуце развіцця адукацыі распрацаваны тэматычны вучэбны семінар. Сваю кваліфікацыю такім чынам павысілі ўжо звыш 600 педагагічных работнікаў.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца функцыянаванню буфетаў. З верасня там цалкам абновяць асартымент. Прыярытэт будзе аддавацца прадукцыі, прызначанай для школьнікаў і да­школьнікаў, кандытарскім вырабам з нізкім утрыманнем цукру. Дарэчы, новая лінейка прадуктаў для дзяцей спецыяльна распрацавана рэгіянальнымі харчовымі прадпрыемствамі. У рамках нарады прайшла адпаведная выстава-дэгустацыя.

Ва ўкараненні новых падыходаў да харчавання навучэнцаў на Магілёўшчыне будзе свая адметнасць. Гэта абавязковы дзень беларускай кухні. Кожны чацвер у меню школьных сталовых будуць боршч з пампушкамі, бабка, бульба па-вясковаму і іншыя традыцыйныя нацыянальныя стравы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара