Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства на два дні акунуўся ў святочна-творчую атмасферу. Эка-фестываль “Ёсць ідэя!” стаў вынікам Рэспубліканскага адукацыйнага праекта “Зялёны ключ”, які праводзіўся на працягу амаль усяго навучальнага года і быў прымеркаваны да 45-годдзя святкавання Міжнароднага дня аховы навакольнага асяроддзя. Фестываль стаў месцам сустрэчы амаль 170 юных эколагаў і больш як 100 педагогаў.
Экалагічныя баталіі
Фестываль стаў пляцоўкай для прэзентацыі і прадстаўлення новых методык і тэхналогій у дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, інавацыйных праектаў і зялёных ідэй, творчых і экалагічных баталій навучэнцаў і педагогаў.
Так, лепшыя па выніках адбору экалагічныя агітбрыгады памераліся творчымі сіламі ў межах конкурсу “Зялёны стыль жыцця” і прадэманстравалі сучасную альтэрнатыву папулярным некалі агітацыйным лозунгам і крычалкам. Не знайшлося роўным у артыстызме дзяцей, прафесійна створаных дэкарацыях і цікавай задумцы тэатральнага дзейства самым юным удзельнікам фестывалю — выхаванцам дзіцячага сада — пачатковай школы № 63 Гомеля (кіраўнік — педагог-арганізатар А.Я.Андрыянец), якія і сталі пераможцамі конкурсу.
Лепшых у веданні экалогіі вызначыў інтэлектуальны конкурс “Эка-эрудыт”. Крыху абышоўшы сваіх сапернікаў, перамогу атрымала каманда Барысаўскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Мінскай вобласці.
У намінацыі “Захаваем лясы разам!” праводзіліся два конкурсы — на лепшую фігурную газету і на лепшае школьнае лясніцтва. У першым перамогу атрымалі выхаванцы сярэдняй школы № 2 імя М.П.Масонава Свіслачы Гродзенскай вобласці. Лепшым школьным лясніцтвам стаў калектыў школьнага лясніцтва “Лясны дазор” Касцюковіцкай раённай дзяржаўнай гімназіі Магілёўскай вобласці.
У межах фестывалю прайшла прэзентацыя і ўзнагароджванне ўдзельнікаў Рэспубліканскага конкурсу школьных праектаў па энергаэфектыўнасці “Энергія і асяроддзе пражывання”. Пераможцы наведалі інтэрасветніцкую студыю “Экатэхнум” Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, дзе пазнаёміліся з калекцыяй экспанатаў, якія дазваляюць зразумець, як пабудаваны навакольны свет і чаму так важна яго берагчы.
Клас! Майстар-клас!
Акрамя новых уменняў і навыкаў, удзельнікі майстар-класаў павезлі дадому і сувеніры, створаныя імі ўласнаручна ў новых для іх відах творчасці. Для навучэнцаў і педагогаў было арганізавана 11 майстар-класаў па стварэнні падставак з папяровай лазы, вінтажных календароў і кветак з газет, кулонаў у эка-стылі, сувеніраў з лямцу, фларыстычных калажаў з элементамі энкаўстыкі і інш. Так, Настасся Стэмплеўская, навучэнка Эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Мастоўскага раёна, прапанавала на сваім майстар-класе новы варыянт афармлення кветак — у каробцы, дапаўняючы яго арыгінальнымі дэталямі, напрыклад, тайніком з зефірам для ласуноў. Фурор выклікаў майстар-клас па стварэнні сувеніраў з халоднага фарфору, які правяла А.Р.Балоціна, намеснік дырэктара Гомельскага дзяржаўнага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі.
“Не разумею, як гамяльчанам удавалася хаваць ад нас талент такога творчага чалавека, — гаворыць намеснік дырэктара РЦЭіК Л.П.Каліноўская, па некалькі разоў на дзень любуючыся букетам быццам жывых руж. — Склад іх няхітры: крухмал, гліцэрына, алей, клей, зубачыстка і нажніцы — і ў нас нараджаліся такія брошкі, кветкі, сувеніры, што вачэй было не адарваць!”.
На заметку
Спісаныя ідэямі і новымі кантактамі засталіся нататнікі ў педагогаў і пасля круглага стала “Інавацыйныя формы навучання — рэсурс дасягнення сучаснай якасці адукацыі па эколага-біялагічнай дзейнасці”. Даследчыя праекты, інтэрактыўныя гульні, турыстычныя маршруты, стварэнне рэсурсных цэнтраў і абсталяванне безбар’ернага эка-асяроддзя — ідэй прагучала шмат.
Так, метадыст абласнога Цэнтра творчасці Магілёва В.П.Ярмоленка паказала, як з дапамогай прывычнага для кожнага атрыбута — смартфона і нетрывіяльных ідэй можна правесці займальны эка-квест.
В.Г.Карпенка, настаўніца хіміі і біялогіі сярэдняй школы № 11 імя генерала арміі А.І.Антонава Гродна, сваёй работай дапамагла настаўнікам, якія займаюцца з навучэнцамі праектна-даследчай дзейнасцю ў галіне экалогіі. У рубрыцы “Даследчык” на сайце школы яна размясціла методыкі розных аўтараў, найбольш адаптаваныя да работы ў школе, тэзісы работ навучэнцаў, інтэрактыўную карту даследаванняў і інш. У “Бібліятэцы” настаўніца размясціла электронныя версіі дапаможнікаў па методыцы выкладання, экалагічнай дзейнасці.
Цікавую ідэю для арганізацыі экалагічнага летніка прадставілі педагогі Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Гэтым летам палачан на адпачынак і прыгоды запрашае ў сваю рэзідэнцыю Лесавічок. Побач з ёй размешчаны таямнічы парк, у якім дзяцей і дарослых чакае экалагічны квест па свеце прыроды. Госці змогуць прайсці чароўнай сцежкай Берандзея, на якой іх будуць чакаць сюрпрызы, пагутарыць з насельнікамі жывога кутка, пабываць у кантактным заапарку, убачыць унікальную калекцыю скульптур з лясных каранёў, паўдзельнічаць у майстар-класах па вырабе лясных сувеніраў. Таксама кожны наведвальнік зможа памацаць бараду Лесавічка, паглядзецца ў маладзільнае люстэрка, выпіць кубачак духмянага травянога чаю ў экабары “Медуніца”.
Педагогі Полацкай дзяржаўнай гімназіі №1 імя Францыска Скарыны прадставілі свой праект у выглядзе зборніка заняткаў для навучэнцаў малодшага школьнага ўзросту па тэме энергаэфектыўнасці. Гэта сістэма работы настаўніка са сваімі навучэнцамі, але, улічваючы вялікую зацікаўленасць калег, цяпер прапрацоўваецца пытанне павелічэння тыражу і для іншых школ.
Інфармацыйны праект “Зялёная карта. Слуцк” прадставілі выхаванцы Слуцкага эколага-біялагічнага цэнтра навучэнцаў. Для жыхароў свайго раёна дзеці разам з педагогам С.В.Ясенецкай прапаноўваюць свой погляд на вырашэнне праблемы збору бытавых адходаў. Яны выявілі ў горадзе і нанеслі на карту, прадстаўленую шырокай грамадскасці, 13 пунктаў збору другаснай сыравіны: шкла, мэблі, бытавой тэхнікі, кніг, адзення, цацак і інш.
Шмат было набалелых арганізацыйных пытанняў у педагогаў да К.Ю.Рэкуць, дырэктара Эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Мастоўскага раёна, у якім адкрываецца бізнес-кампанія па фларыстыцы. Гэта будзе першая бізнес-кампанія ў Беларусі, створаная на базе ўстановы дадатковай адукацыі.
Усе школы — у сад!
У межах фестывалю ўзнагароды знайшлі і пераможцаў дыстанцыйнага адукацыйнага праекта “Усе ў сад”. Так, у намінацыі “Ружоўнік” перамога дасталася Г.І.Пазняк, педагогу сярэдняй школы № 15 Мінска, за праект “Рассоўваючы рамкі”. У намінацыі “Чатыры сезоны” дыплом пераможцы павезла дадому А.У.Клімовіч, настаўніца гімназіі № 46 Гомеля імя Блеза Паскаля. У намінацыі “Сенсарны сад” самым лепшым журы назвала праект “Лабірынт адчуванняў” С.В.Масла, педагога Слонімскага раённага экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі.
“Праект “Усе ў сад” ужо другі год праводзіць метадычны аддзел цэнтра і накіраваны ён на навучанне педагогаў ландшафтнаму дызайну, — расказвае Лідзія Паўлаўна Каліноўская. — Сёлета на яго паступіла 318 праектаў, прычым 70 працэнтаў тых, хто праходзіў у нас навучанне, — настаўнікі агульнаадукацыйных школ, што для нас стала вялікай нечаканасцю. Традыцыйна ландшафтным майстэрствам вызначаліся педагогі ўстаноў дадатковай адукацыі — кіраўнікі аб’яднанняў па інтарэсах “Кветкаводства”, “Ландшафтны дызайн” і падобных, якіх у школе практычна няма. І прыемна, што на фестывалі навічкі змаглі павысіць сваё майстэрства разам з прафесіяналамі. Напрыклад, спецыялісты асацыяцыі “Прафесіяналы фларыстыкі” паказалі ім, як з дапамогай секатара і фантазіі ператварыць звычайныя хвойнікі ў выяву жывёлы ці казачнага героя. Цяпер па выніках праекта “Усе ў сад” сярод педагогаў будзе праведзена галасаванне і выбраны для рэалізацыі лепшы праект. Менавіта ён будзе рэалізаваны на тэрыторыі цэнтра”.
Дзіцячая эка-пляцоўка
Падводзячы фестывальныя вынікі, дырэктар РЦЭіК Алена Уладзіміраўна Ануфровіч зазначыла: “Наш эка-фестываль стаў мегапраектам, бо на ім педагогі і дзеці прадставілі літаральна ўсе кірункі сваёй дзейнасці, якой займаліся на працягу ўсяго навучальнага года. Яны прынялі ўдзел у майстар-класах, прэзентавалі свае праекты па розных кірунках, пачынаючы ад энергаэфектыўнасці і заканчваючы ландшафтнымі ідэямі, ажыццявілі аўтарскія задумкі і прадэманстравалі сумесную творчасць. Улічваючы такі актыўны водгук, мы пастараемся зрабіць фестываль “Ёсць ідэя!” традыцыйным”.
Усяго на фестывалі была прадстаўлена 51 ідэя, а яшчэ адна ідэя выразна абмалявалася (бо зарадзілася яшчэ напярэдадні) у дырэктара ўстановы падчас выступлення самых юных удзельнікаў з Гомеля: “У нашай установе вядзецца работа, бадай, па ўсіх кірунках экалагічнай адукацыі, але мне падаецца, што мы мала ўдзяляем увагі дашкольнікам. Мне б хацелася на базе нашай установы стварыць рэспубліканскую пляцоўку па экалагічным выхаванні дашкольнікаў. Так, ёсць ідэя пашырыць наш клуб “Эказнайка” да груп дзённага знаходжання і пад іх адвесці некалькі кабінетаў. Для малышоў маглі б працаваць гурткі па вывучэнні навакольнага асяроддзя, па вывучэнні расліннага і жывёльнага свету, ім будуць давацца веды па здаровым ладзе жыцця, ім будзе прапанавана праграма творчага развіцця. Ёсць у нас задума распрацаваць і апрабаваць праграмы для дашкольнікаў”.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і Элеаноры БАБІЧ.