“Зялёныя” ў Зялёным

- 11:57Выхаванне

У суботу 25 мая на вучэбнай базе БДПУ “Зялёнае” ў Мінскім раёне ўпершыню прайшоў фестываль “зялёных” ініцыятыў Green Fest! Ён сабраў разам прадстаўнікоў экалагічных аб’яднанняў і клубаў навучальных устаноў, экалагічных арганізацый, камерцыйных і некамерцыйных праектаў экалагічнага кірунку — усіх, каму блізкая тэма прыроды і хто ў гэты дзень прайшоў дрэс-код: каб патрапіць на фестываль, неабходна было, каб хаця б адзін элемент адзення быў зялёным. Арганізатарам фэсту выступіў Рэсурсны цэнтр Green Office БДПУ імя Максіма Танка.

Сябруй з прыродай!

— На наш фестываль мы запрасілі арганізацыі, накіраваныя на экалагічную дзейнасць і дасягненне Мэт устойлівага развіцця, — гаворыць Наталля Тарнавецкая, каардынатар Рэсурснага цэнтра Green Office. — Мы сабраліся не ў сценах універсітэта, а на нашай загараднай вучэбнай базе, каб паказаць, што чалавек і прырода — непадзельныя і залежныя адно ад другога, і хацелася б далучыць усіх нашых удзельнікаў і гасцей да экадружалюбнага ладу жыцця.

На фестывалі працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі “зялёных” ініцыятыў. Сваім вопытам падзяліліся Рэсурсны цэнтр Green Office BSPU, экалагічны клуб Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, экалагічны клуб Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Кантакт”, навучэнцы Ратамскай сярэдняй школы, грамадскае аб’яднанне ўстойлівага развіцця “Наш след” гімназіі № 19 Мінска,  Міжнародная студэнцкая некамерцыйная маладзёжная арганізацыя Aiesec, маладзёжнае грамадскае аб’яднанне “Салянка”, міжнароднае дабрачыннае грамадскае аб’яднанне дапамогі жывёлам “Заашанс”, прадпрыемства-нарыхтоўшчык макулатуры “Белгіпс-Эка”, магазін здаровага харчавання Easylife.

Акрамя таго, былі прадстаўлены праекты “Еўрапейская школа экалагічнага макіяжу”, “Клуб беларускіх велабёрдараў” даследча-асветніцкай установы “Цэнтр экалагічнага выхавання і развіцця”, “Новае жыццё ў абмен на накрыўкі”. Валанцёры некамерцыйнай арганізацыі “Экамайстэрні” расказалі пра свае аўтарскія трэнінгі і майстар-класы для дзяцей на экалагічную тэматыку. Тут жа знаходзіла сваіх новых паплечнікаў сярод гасцей фестывалю ініцыятыва “Моладзь за ўстойлівае развіццё”.

Дзмітрый Грывусевіч і Віктар Паўлюкевіч, дзевяцікласнікі Красненскай сярэдняй школы Маладзечанскага раёна, прэзентавалі дзейнасць свайго клуба “Экадом”. Хоць касцяк клуба — усяго 13 падлеткаў, ім удалося аб’яднаць вакол сябе амаль 400 аднадумцаў.

— Мы вучымся самі і вучым іншых весці экалагічны лад ­жыцця кожны дзень, каб не ­нашкодзіць сабе і прадухіліць негатыўнае ўздзе­янне на навакольнае асяроддзе, змяніўшы спажыванне на экалагічна бяспечнае, — расказваюць хлопцы. — Галоўная наша мэта — арыентаваць людзей думаць пра тое, што яны спажываюць, і сваім выбарам наносіць прыродзе як мага меншы ўрон.  Гэта тычыцца прадуктаў, бытавой хіміі, касметыкі, тавараў штодзённага выкарыстання і інш. У бытавой хіміі мы ў першую чаргу шукаем патэнцыяльную шкоду для прыроды, выяўляючы парашкі, гелі, мыйныя сродкі з фасфатамі і іншымі рэчывамі, якія, трапляючы ў сцёкі, забруджваюць ваду ў рэках і азёрах. Не менш шкоднай для прыроды і чалавека можа быць звычайная касметыка. Мы шукаем ёй экалагічную альтэрнатыву — ад крэму для твару і шампуняў да фарбавальнікаў для валасоў. Што да прадуктаў харчавання, то мы высвятляем, наколькі шкодны іх склад для чалавека. У першую чаргу гэта кансерванты і іншыя шкодныя дабаўкі. Мы, напрыклад, надзвычай рэдка купляем чыпсы ў магазіне, затое з лёгкасцю гатуем іх дома самі, са сваёй бульбы. Мы часта размяшчаем у сваёй групе рэцэпты здаровых страў — салатаў, супоў і інш. Гэта можа падацца, што пераарыентаваць людзей на карыснае харчаванне складана. Аказваецца, дастаткова правільна іх матываваць.

Нядаўняя студэнтка Хрысціна Сілівончык прадставіла магазін прадуктаў для здароўя Easylife:

— Я эканаміст па адукацыі, але, як толькі атрымала дыплом і пайшла ў дэкрэтны адпачынак, захапілася тэмай здаровага харчавання, адвучылася на дыетолага, вяла анлайн-кансультацыі і складала для кліентаў праграмы харчавання. Але так за месяц я магла дапамагчы некалькім чалавекам, таму, калі сын падрос, адкрыла свой магазін здаровага харчавання і цяпер дапамагаю тысячам чалавек. Кактэйлі, хлябцы, мюслі для пахудзення і падтрымання вагі, кашы, фруктова-арэхавыя батончыкі, гранола, арэхавыя пасты, сумесі зерневых і інш. — толькі частка асартыменту ў нашым магазіне. Усё гэта створана выключна з натуральных кампанентаў, ніякіх дабавак там няма, нават цукру і падсалоджвальнікаў.

Я ведаю цябе, птушка

Акрамя наведвання выставы ініцыятыў, удзельнікі фестывалю памераліся сіламі падчас спартыўнага арыентавання “Чысты лес”: каманды на хуткасць збіралі смецце і сартавалі яго для далейшай перапрацоўкі, адначасова арыентаваліся на мясцовасці і адгадвалі загадкі. Для навучэнцаў 10—11-х класаў прайшоў квест “Сцежка Мэт устойлівага развіцця”. Выконваючы заданні, школьнікі з Мінска і Мінскага раёна на практыцы знаёміліся з Мэтамі ўстойлівага развіцця.

Удзельнікаў фэсту чакала і інтэлектуальная гульня Green Brainstorm з заданнямі на экалагічную тэматыку. Прайшоў таксама конкурс фатаграфій “Smart зялёнае” на самае яркае і крэатыўнае фота фестывалю, размешчанае ў сацыяльных сетках “УКантакце”, “Інстаграм”, “Фэйс­бук” з хэштэгамі #green_bspu і #greenfest2019.

Лепшых арнітолагаў вызначыў конкурс “Пазнай птушку” і яго вядучы Аляксандр Хандогі, дацэнт кафедры марфалогіі і фізіялогіі чалавека і жывёл факультэта прыродазнаўства БДПУ.

— 2019 год — Год вялікага арляца — птушкі-чырванакніжніцы, таму мы палічылі неабходным праверыць веды дзяцей у галіне аховы птушак і тое, наколькі хлопчыкі і дзяўчынкі ведаюць рэдкія ахоўныя віды. Праверылі мы і ўменне пазнаваць птушак па галасах. І я быў вельмі здзіўлены грунтоўным ведам нават тых, хто не спецыялізуецца на арніталогіі і экалогіі ў цэлым. Асабліва мяне ўразілі веды Ірыны Ляшчовай з мінскай гімназіі № 20 — дзяўчынка з лёгкасцю адказала на ўсе пытанні, а іх было каля сарака, — гаворыць Аляксандр Уладзіміравіч.

— Мяне заўсёды цікавілі птушкі, — тлумачыць сваю бездакорную перамогу дзесяцікласніца Ірына Ляшчова. — Гады чатыры назад я ўпершыню прыехала на станцыю кальцавання птушак у Тураве і пазнаёмілася там з арнітолагамі. Мы дагэтуль падтрымліваем зносіны, практычна кожныя выхадныя я еду паглядзець на птушак, паздымаць іх, таму амаль усіх іх ведаю. Птушкі мяне не адпускаюць: я так адпачываю і заадно падтрымліваю сябе ў добрай форме. І хоць пасля школы мару пра медыцынскі ўніверсітэт (хірургію ці артадантыю), усё ж птушкі, упэўнена, застануцца назаўсёды маім хобі. Я ўжо цяпер крыху падзарабляю, фатаграфуючы птушак, магчыма, у будучыні змагу зарабляць больш.   

Як вядома, лепшы спосаб адпачыць напрыканцы вучэбнага тыдня — змяніць справу, а яшчэ лепш — пагуляць на свежым паветры, таму ўдзельнікі фэсту з задавальненнем прынялі ўдзел ў спартыўных спаборніцтвах “Беларусіяда” з яе некалі папулярнымі ў нашых продкаў гульнямі “Дзень-ноч”, “Пальчатка” і інш. Усе пераможцы фестывальных першынст­ваў атрымалі каштоўныя прызы ад студэнцкага прафкама БДПУ і БРСМ. Завяршылі свята вячоркі каля кастра, дзе можна было паспяваць пад гітару, падсілкавацца печанай бульбай і духмяным травяным чаем.

Каб усім было цікава

Падчас экскурсіі, знаёмячы мяне з сэрцам Зялёнага — багатымі калекцыямі кветкавых і пладова-агароднінных культур, аптэкарскім агародам і палявымі лабараторыямі, дэкан факультэта прыродазнаўства Наталля Ула­дзіміраўна Навуменка расказвае:

— Тут нашы студэнты прахо­дзяць свае палявыя практыкі, тут жа ў нас вучэбны корпус, доследныя пляцоўкі. Два гады назад тут праходзіў ­III этап міжнароднага лагера EWOCA3. (Тры ў кубе — партнёрства трох маладзёжных арганізацый з трох еўрапейскіх краін на працягу трохгадовага праектнага перыяду. — Заўв. аўт.)  Удзельнікамі праекта былі валанцёры — члены грамадскіх маладзёжных арганізацый з Германіі,  Італіі і Беларусі. У межах лагера яны сваімі рукамі стварылі некалькі пляцовак. Сярод іх — зялёны клас, дзе можна пад плёскат вады ў вадаёме і пад шум вярбы пакачацца на арэлях ці размясціцца на лаўках у зялёным шатры і засяродзіцца на экалагічных пытаннях; чатыры душавыя кабіны, якія знаходзяцца прама на палянцы. Недалёка размешчана пляцоўка, дзе наглядна паказана хуткасць гніення розных відаў адходаў: хвоі, лісцевага ападу, саломы, паперы, пластыку. Усе яны адначасова закладваюцца ў спецыяльныя рэзервуары, закрываюцца металічнай сеткай і на працягу некалькіх гадоў знаходзяцца пад адкрытым небам. Тут жа знаходзіцца дом насякомых. Для кожнай казуркі і жучка — свой “пакой”. Жытлом яны робяць і саломінкі, і адтуліны ў драўніне і нават у цаглінах.

Увогуле ў нашых планах — стварыць на базе “Зялёнае” Рэсурсны цэнтр педагогікі навакольнага асяроддзя і далучыць да нашай дзейнасці людзей рознага узросту: ад дзяцей і да прадстаўнікоў старэйшага пакалення. Сёння да нас у госці завіталі навучэнцы гімназій №№ 19, 20, 55, 171 Мінска і інш. А 20-я гімназія палюбіла Зялёнае ўжо даўно: пасля знаёмства з нашай базай, з нашымі мерапрыемствамі навучэнцы прыязджаюць да нас і на экскурсіі, і на практыкі. Так нефармальна, ненадакучліва мы далучаем да сваёй дзейнасці тых, для каго цікавы зносіны з прыродай, хто імкнецца жыць з ёй у гармоніі. І менавіта педагогі змогуць зрабіць дзяцей экалагічна адукаванымі, каб гэта было часткай іх свядомасці ўжо з юнага ўзросту. Мы працуем для таго, каб людзям стала цікава. А будзе цікавасць — з’явіцца матывацыя, з’явіцца матывацыя — будзе вынік, свядомае стаўленне да таго, што нас акружае.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.