У майстэрні першай дапамогі

- 9:53Практыкум, Рознае партфолiо

У 2012 годзе ў сярэдняй школе № 2 Мінска быў адкрыты Міжшкольны цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі моладзі Фрунзенскага раёна і майстэрня першай дапамогі, у якой дзяўчынкі пачалі асвойваць навыкі аказання першай медыцынскай дапамогі. Ужо праз год школа пры падтрымцы Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа прыняла ўдзел у праекце па навучанні насельніцтва правілам аказання першай дапамогі ў выпадку ўзнікнення надзвычайных сітуацый. У 2014 годзе вопыт работы настаўніцы медыцынскай падрыхтоўкі Алены Андрэеўны Лялека быў адзначаны прэміяй Мінгарвыканкама. Дзякуючы такім напрацоўкам прадмет “Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка” стаў вельмі папулярным сярод навучэнцаў установы.

— Заняткі па дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўцы наведваюць юнакі і дзяўчаты 10—11 класаў, прычым не толькі з нашай, але і з іншых навучальных устаноў раёна, — паведаміла дырэктар школы Марыя Фёдараўна Кавалеўская. — У нас ёсць усе неабходныя рэсурсы, каб выкладаць гэты прадмет цікава і на высокім узроўні. У юнакоў, напрыклад, ёсць магчымасць асвойваць належным чынам навыкі стральбы, праходзіць страявую падрыхтоўку, а ў дзяўчат — спрабаваць свае сілы ў аказанні першай медыцынскай дапамогі. У школе факультатыўна выкладаецца курс “Медыцына экстрэмальных сітуацый”, працуе аб’яднанне па інтарэсах для навучэнцаў 6—8 класаў “Школа першай дапамогі”. Кожны вучань пры жаданні можа асвоіць навыкі хуткаснай тэлеграфіі (азбукі Морзэ). Акрамя таго, ва ўстанове арганізуецца работа спартыўна-патрыятычных і ваенна-патрыятычных летнікаў, падчас якіх праходзяць вучэбна-палявыя зборы для юнакоў і медыцынская падрыхтоўка для дзяўчат. Праводзіцца і курсавое навучанне дарослых (педагогаў-арганізатараў, класных кіраўнікоў, бацькоў) асновам аказання першай дапамогі, трэнінгі для моладзі. На базе школы ідзе падрыхтоўка каманды да раённых і гарадскіх конкурсаў і спаборніцтваў па кірунку “Першая медыцынская дапамога”. У мінулым годзе прайшоў першы школьны чэмпіянат па гіравым спорце сярод навучэнцаў 9-х, 10-х і 11-х класаў і раённы конкурс “Абаронца Айчыны”. Школа наладзіла супрацоўніцтва з райваенкаматам, ДТСААФ, Кіналагічным цэнтрам Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.Медыцынскую падрыхтоўку для дзяўчынак выкладаюць у школе настаўніца біялогіі Алена Васільеўна Сяржантава і настаўніца фізічнай культуры і здароўя Вольга Аляксандраўна Зелянко, якая, дарэчы, мае і медыцынскую адукацыю. Яна скончыла Віцебскі медыцынскі каледж, пасля чаго працавала ў радзільным доме, затым у Віцебскім дзяржаўным педагагічным універсітэце атрымала спецыяльнасць рэабілітолага і выкладчыка фізічнай культуры.— На нашых занятках дзяўчынкі спачатку знаёмяцца з тэорыяй, а пасля прымяняюць свае веды на практыцы, — расказала Алена Васільеўна. — Асновы медыцынскіх ведаў мы выкладаем праз сімуляцыйнае навучанне — гэта сучасная методыка практычнай падрыхтоўкі з выкарыстаннем фантомаў, манекенаў, муляжоў, трэнажораў, імітацый рэальнасці. Мы адпрацоўваем на іх неабходны мінімум прыёмаў (алгарытм) дапамогі: сардэчна-лёгачнай рэанімацыі, дзеянняў пры непраходнасці дыхальных шляхоў, вучым асновам транспарціроўкі хворых, або пацярпелых, азам выканання ўнутрымышачных і падскурных ін’екцый, накладання павязак, імабілізацыі, спынення крывацёку.Не ўсім навучэнцам шчасціць вывучаць медыцыну ў школе, дзе ёсць муляжы, на якіх можна апрабоўваць свае ўменні, як простыя, так і даволі складаныя медыцынскія маніпуляцыі. Такое навучанне не таннае. Шмат каштуюць сімулятары, для заняткаў пастаянна патрэбны расходны матэрыял. На ўсё гэта даводзіцца “зарабляць”. Можна праектам, можна ўпартай працай, а можна і прыняць у падарунак. Школу ў гэтым плане падтрымала Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа. Сімулятары педагогі часта робяць сваімі сіламі — шыюць “ягадзіцы”, “перадплеччы” для выканання ін’екцый, канструююць розныя механізмы для імітацыі крывацёку, а таксама рыхтуюць з вучняў “акцёраў”, якія выконваюць ролю “хворых”: грыміруюць, наносяць ім “пашкоджанні і траўмы”, вучаць імітаваць боль, паніку, сімптомы захворванняў. Праводзяць з дзяўчынкамі дыдактычныя і сітуацыйныя гульні, трэнінгі.Навыкі аказання першай дапамогі адпрацоўваюцца навучэнцамі як паасобку, так і ў парах, у групах. Толькі дасканала асвоіўшы адзін навык, яны пераходзяць да наступнага. Дзесяцікласніцам, напрыклад, па сілах паказаць на манекене, як правільна выконваць непрамы масаж сэрца, як ажыццяўляць штучную вентыляцыю лёгкіх. Вучаніцы робяць адна адной апрацоўку “ран”, накладваюць жгуты і закруткі (жгуты не заўсёды ў экстрэмальнай сітуацыі могуць быць пад рукой), выконваюць 3-4 тыпы павязак, фіксуюць канечнасці (пры “пераломах”, “расцяжэннях” або “вывіхах”), дэманструюць навыкі догляду ляжачага хворага. Робяць дзяўчаты і ўколы на муляжах. Гэта, дарэчы, своеасаблівы тэст на тое, ці здольны яны ў далейшым стаць медыкамі, ці могуць правільна размяшчаць руку, накіроўваць належным чынам іглу і г.д. Шматразова паўтараючы прыёмы аказання першай дапамогі, навучэнкі да аўтаматызму адпрацоўваюць іх.Навучанне медыцынскай падрыхтоўцы ў школе не дае дзяўчатам кваліфікацыі медыцынскага работніка і не прадастаўляе ім права самастойнай медыцынскай дзейнасці. Але тое, што яны авалодаюць практычнымі прыёмамі аказання першай дапамогі, якія могуць спатрэбіцца ім і прынесці карысць пацярпелым людзям да моманту прыезду брыгады хуткай дапамогі або прафесійных ратавальнікаў, вельмі каштоўна. На занятках навучэнкі абмяркоўваюць рэальныя жыццёвыя сітуацыі, праглядаюць розныя здарэнні і міні-гісторыі з дакументальнай хронікі і мастацкіх фільмаў. І ў дэталях разбіраюць найбольш распаўсюджаныя сітуацыі, якія могуць адбыцца, напрыклад, з вучнямі ў школе, — крывацёк з носу, страту прытомнасці, механічную траўму, абвастрэнне хранічнага захворвання. Першае, што трэба рабіць, калі здараецца нешта надзвычайнае, і гэта школьнікі ведаюць, — паклікаць дарослых, педагогаў. Калі ждарослых паблізу няма — дзейнічаць самастойна, але вельмі асцярожна і абдумана.
Што рабіць, напрыклад, пры крывацёку з носу? Калі такое здараецца з вучнем на ўроку, часта губляюцца нават настаўнікі. Прычыны крывацёку могуць быць розныя, але даволі часта зімой пры ўключаным ацяпленні адбываецца перасушванне слізістай носу, з-за чаго могуць траўміравацца сасуды. Неабходна перш за ўсё забяспечыць камфорт таму, у каго пайшла з носу кроў: галаву яго злёгку нахіліць наперад, папрасіць, каб чалавек падтрымаў яе сваімі рукамі. Затым прыкласці да носу сурвэтку, а таксама штосьці халоднае. Калі кроў праз 10-15 хвілін не спыніцца, трэба выклікаць “хуткую”. І ні ў якім разе нельга раіць пацярпеламу заткнуць нос ватай, адкінуць галаву назад або легчы. Пры страце прытомнасці, напрыклад, не трэба пляскаць чалавека па шчоках, пырскаць вадой, паднімаць, ставіць яго вертыкальна і прыводзіць у свядомасць пры дапамозе нашатырнага спірту. Неабходна ўлажыць чалавека больш зручна, вышэй падняць яго ногі, расшпіліць цеснае адзенне, забяспечыць прыток свежага паветра. Вельмі важна дзейнічаць правільна. Калі не ведаеш, як дапамагчы, лепш нічога не рабіць, а выклікаць медыкаў, каб няправільныя дзеянні не прынеслі шкоду.
Трэба памятаць і аб юрыдычным аспекце пытання: аказанне першай дапамогі — гэта права, а не абавязак (выключэнне тычыцца медработнікаў і ратавальнікаў); чалавеку, які страціў прытомнасць, можна аказваць дапамогу (напрыклад, дзіцяці, калі побач няма яго бацькоў); чалавека ў свядомасці трэба спытаць аб неабходнасці аказання дапамогі: “Вам дапамагчы?”; калі пацярпелы ўяўляе небяспеку, лепш не аказваць яму дапамогу; не перавышаць сваіх паўнамоцтваў (не даваць медыкаменты, не ўпраўляць вывіхі).
— Мы разбіраем з дзяўчатамі таксама сітуацыі аказання дапамогі пры ўтапленні, абмаражэнні, пры сонечным і цеплавым удары, пры электратраўме. Асаблівую ўвагу ўдзяляем таму, як можна займацца прафілактыкай або раннім выяўленнем найбольш распаўсюджаных захворванняў, — расказала Вольга Аляксандраўна Зелянко. — Разглядаем з дзяўчатамі біялагічныя аспекты палавога выхавання, расказваем пра цяжарнасць, пра тое, як папярэдзіць яе, і тыя праблемы, якія могуць узнікнуць у дзяўчынак, пра захворванні, якія перадаюцца палавым шляхам. Дзяўчынкі адкрыта і шчыра размаўляюць з намі пра ўсе гэтыя пытанні. Зразумела, што інфармацыі па інтымных тэмах дастаткова, возьмем той жа інтэрнэт. Але ці заўсёды яна карэктна там выкладзена? На занятках мы стараемся расставіць усе кропкі над “і”, сур’ёзна і тактоўна растлумачыць усе пытанні. Пасля 10 класа дзяўчаты праходзяць практыку (па 30 гадзін) у дзіцячых і дарослых паліклініках горада. Яны прысутнічаюць на прыёмах урачоў, нават у нечым дапамагаюць спецыялістам. Уяўляеце, колькі адкрыццяў зробіць для сябе 15-цігадовая дзяўчынка падчас прыёму ў гінеколага. Зразумела, што ўбачыць не толькі станоўчыя, але і сумныя бакі прафесіі. А адна з маіх вучаніц пасля праходжання практыкі ў паліклініцы вырашыла, што стане ўрачом.
Мы не ставім перад сабой мэты рыхтаваць з навучэнак медыкаў, мы прывіваем ім неабыякавасць, міласэрнасць, чуласць, клапатлівасць. І будзем рады, калі наша праца дасць свой плён і нашы падапечныя ў будучыні акажуць пасільную дапамогу людзям, якім яна спатрэбіцца. Стараемся вучыць і выхоўваць дзяўчат так, каб на іх у жыцці заўсёды можна было разлічваць.

* * *

З юнакамі ў Міжшкольным цэнтры дапрызыўнай падрыхтоўкі працуюць кіраўнік цэнтра намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Руслан Мікалаевіч Буйніцкі і выкладчык падпалкоўнік Сяргей Віктаравіч Палякоў, які пасля заканчэння ваеннага вучылішча ўсё жыццё займаўся выкладчыцкай дзейнасцю. На занятках яны рыхтуюць хлопчыкаў да службы ў войсках Узброеных Сіл нашай краіны, знаёмяць з іх гісторыяй, з вайсковай тэхнікай. Вельмі цікавіць навучэнцаў Вялікая Айчынная вайна і яе героі, а таксама вайна ў Афганістане. Ну і, зразумела, навучэнцы любяць папрактыкавацца ў стральбе. У школе дзейнічае цэнтр па стральбе з пнеўматычнай зброі, дзе адпаведныя навыкі атрымліваюць не толькі юнакі, але і дзяўчаты — для іх існуе адпаведны гурток. Вучні даведваюцца, як карыстацца зброяй: зараджаць магазін, за лічаныя секунды збіраць і разбіраць пісталет Макарава і аўтамат Калашнікава, як страляць па мішэнях у ціры.
Заняткі па дапрызыўнай падрыхтоўцы натхняюць юнакоў на паступленне ў Ваенную акадэмію, у БНТУ на ваенны факультэт, у Камандна-інжынерны інстытут МНС.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.