Урок як педагагічны твор

- 8:50Педагагічная майстэрня, Рознае партфолiо

Вучэбная дзейнасць настаўніка і навучэнцаў у значнай ступені канцэнтруецца на ўроку, таму якасць ведаў навучэнцаў шмат у чым вызначаецца ўзроўнем правядзення ўрока, яго змястоўнай і метадычнай напоўненасцю. Для таго каб гэты ўзровень быў даволі высокім, трэба, каб настаўнік падчас падрыхтоўкі да ўрока пастараўся зрабіць яго своеасаблівым педагагічным творам са сваім сэнсам, завязкай і развязкай, як любы твор мастацтва.

Крытэрыі эфектыўнага ўрока

Сучасны ўрок павінен быць звязаны не толькі з засваеннем школьнікамі пэўнай сумы ведаў, але і ў цэлым уплываць на развіццё асобы вучняў, іх пазнавальных і стваральных здольнасцей. Сучасны цікавы ўрок можна стварыць пры наяўнасці наступных умоў: асобы настаўніка, зместу вучэбнага матэрыялу (калі дзіцяці проста падабаецца змест гэтага прадмета), метадаў і прыёмаў навучання.
Сучасны ўрок — гэта эфектыўны ўрок. Можна вылучыць некаторыя крытэрыі эфектыўнага ўрока: канкрэтнасць пастаўленай мэты і задач урока; уменне іх дасягнуць; зацікаўленасць настаўніка і вучня; якасць вучэбнага матэрыялу; разнастайнасць метадаў, якія прымяняюцца; эмацыянальная падача матэрыялу настаўнікам і яго педагагічнае майстэрства; даступнасць выкладання; праяўленне самастойнасці і творчасці з боку вучняў; уменне вучняў супрацоўнічаць, мець зносіны; уменне атрымліваць найбольшы вынік пры найменшых затратах і інш. Для таго каб урок быў эфектыўным, неабходна старанная падрыхтоўка да яго з боку педагога, яму неабходна добра спланаваць вучэбны матэрыял для ўрока:
1. Падабраць літаратуру па тэме. Пры гэтым, калі гаворка ідзе пра новы тэарэтычны матэрыял, варта пастарацца, каб у спіс увайшлі ўніверсітэцкі падручнік, энцыклапедычнае выданне, манаграфія (першакрыніца), навукова-папулярнае выданне. Трэба выбраць з даступнага матэрыялу толькі той, які служыць вырашэнню пастаўленых задач найбольш простым спосабам.
2. Падабраць вучэбныя выданні, мэтай якіх з’яўляецца:
* пазнаванне новага матэрыялу;
* узнаўленне;
* выкарыстанне ведаў у знаёмай сітуацыі;
* выкарыстанне ведаў у незнаёмай сітуацыі;
* творчы падыход да ведаў.
Упарадкаваць вучэбныя выданні ў адпаведнасці з прынцыпам “ад простага да складанага”.
3. Скласці тры наборы заданняў:
* заданні, якія падводзяць вучня да перадачы матэрыялу;
* заданні, якія спрыяюць асэнсаванню матэрыялу вучнем;
* заданні, якія спрыяюць замацаванню матэрыялу вучнем.
4. Прадумаць “іскрынку” ўрока.
Кожны ўрок павінен утрымліваць штосьці, што выкліча здзіўленне, захапленне вучняў — адным словам, тое, што яны будуць памятаць, калі ўсё забудуць. Гэта можа быць цікавы факт, нечаканае адкрыццё, прыгожы дослед, нестандартны падыход да ўжо вядомага і інш.
5. Згрупаваць выбраны вучэбны матэрыял. Для гэтага падумаць, у якой паслядоўнасці будзе арганізавана работа з выбраным матэрыялам, як будзе ажыццёўлена змена відаў дзейнасці навучэнцаў.
Галоўнае пры групоўцы матэрыялу — уменне знайсці такую форму арганізацыі ўрока, якая выкліча павышаную актыўнасць навучэнцаў, а не пасіўнае ўспрыманне новага.
6. Спланаваць кантроль за дзейнасцю навучэнцаў на ўроку, для чаго падумаць, што кантраляваць, як кантраляваць, як выкарыстоўваць вынікі кантролю. Пры гэтым не забываць, што чым часцей кантралюецца работа ўсіх, тым лягчэй убачыць тыповыя памылкі і цяжкасці, а таксама паказаць навучэнцам сапраўдную цікавасць настаўніка да іх работы.
7. Падрыхтаваць абсталяванне для ўрока. Скласці спіс неабходных вучэбна-наглядных дапаможнікаў, прылад, тэхнічных сродкаў навучання. Праверыць, ці ўсё працуе. Прадумаць выгляд класнай дошкі так, каб увесь новы матэрыял застаўся на дошцы ў выглядзе апорнага канспекта.
8. Прадумаць дамашнія заданні: іх змястоўную частку, а таксама рэкамендацыі па іх выкананні.
Правесці добры ўрок — справа няпростая нават для вопытнага настаўніка. Шмат што залежыць ад разумення і выканання патрабаванняў да ўрока, якія вызначаюцца сацыяльным заказам, асабістымі патрэбамі навучэнцаў, мэтамі і задачамі, заканамернасцямі і прынцыпамі адукацыйнага працэсу.
Умовы дасягнення станоўчых вынікаў урока:
* пастаноўка пытанняў, якія патрабуюць актыўнай разумовай дзейнасці навучэнцаў;
* стварэнне нестандартных сітуацый пры выкарыстанні ведаў;
* зварот настаўніка да класа з патрабаваннем дапоўніць, удакладніць або выправіць адказ вучня, знайсці іншае, больш рацыянальнае, рашэнне і г.д.;
* улік дадатковых адказаў па колькасці і характары пры высвятленні прабелаў у разуменні навучэнцамі новага матэрыялу.
Плануючы структуру ўрока, настаўнік зыходзіць з тыпу ўрока, напаўняючы кожны этап адпаведным зместам і мікрамэтамі, вызначаючы магчымыя метады і прыёмы навучання. У паняцце “структура ўрока” ўкладваюцца тры паказчыкі: склад (з якіх элементаў або этапаў складаецца ўрок), паслядоўнасць (у якой паслядоўнасці гэтыя элементы ўключаюцца ў заняткі) і сувязь (як яны ўзаемазвязаны). Акрамя асноўных этапаў, кожны тып урока мае яшчэ і ўнутраную будову — методыку, якая адпавядае яго мэтам і задачам. Яна вызначаецца тымі спосабамі і сродкамі, пры дапамозе якіх вырашаюцца асобныя дыдактычныя задачы на кожным этапе ўрока. Яе дакладная распрацоўка для кожнай педагагічнай сітуацыі дае магчымасць гібка выкарыстоўваць усю структуру ўрока. Такім чынам, эфектыўнасць урока залежыць ад наступных паказчыкаў:
* высокага ўзроўню пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў — у навучэнцаў трэба развіваць станоўчыя адносіны да працэсу навучання, у іх павінна быць імкненне разабрацца ў сутнасці таго, што вывучаецца, і авалодаць ведамі і спосабамі дзеяння;
* развіцця пазнавальных і творчых здольнасцей — навучання дзяцей рацыянальным спосабам мыслення, развіцця ініцыятыўнасці, здольнасцей і імкнення да пошуку розных спосабаў выканання заданняў;
* самастойнасці навучэнцаў — неабходна спалучаць самастойную работу і работу пад кіраўніцтвам педагога;
* высокага ўзроўню метадычнай работы — комплекснага вырашэння метадаў і сродкаў навучання, рацыянальнай структуры ўрока, месца ўрока ў сістэме заняткаў і ўмоў для яго правядзення;
* індывідуалізацыі працэсу навучання, г.зн. стварэння такіх умоў, пры якіх патрабаванні да дзейнасці кожнага навучэнца адпавядаюць яго магчымасцям.

Якім павінен быць сучасны настаўнік?

Якімі якасцямі павінен валодаць настаўнік? Ключавым словам да азначэння паняцця “прафесійная кампетэнтнасць настаўніка” з’яўляецца “здольнасць”. Галоўным крытэрыем здольнасцей выступае вынік дзейнасці педагога. Настаўнік павінен валодаць не толькі базавымі ведамі і ўменнямі, але і мець некаторыя каштоўнасныя арыенціры, стыль узаемаадносін з людзьмі, з якімі ён працуе, агульную культуру, здольнасць да развіцця свайго творчага патэнцыялу. Поспех дзейнасці настаўніка шмат у чым вызначаецца тым, наколькі ён удзельнічае ў вучэбна-даследчай і навукова-метадычнай рабоце.
Педагагічнае майстэрства настаўніка выяўляецца ў дасканалым валоданні педагогам прыёмамі і метадамі навучання, багатым наборам педагагічных уменняў і навыкаў. Ён павінен удасканальвацца ў ведах па псіхалогіі дзяцей і ўмела спалучаць іх з рознымі методыкамі.
Педагагічнае майстэрства фарміруецца на аснове практычнага вопыту, але не любы вопыт становіцца крыніцай прафесійнага майстэрства. Такой крыніцай з’яўляецца толькі праца, асэнсаваная з пункту гледжання яе сутнасці, мэт і тэхналогіі дзейнасці.
Стварэнне спрыяльнай эмацыянальнай атмасферы ў час урока — адна з найважнейшых умоў фарміравання пазнавальнага інтарэсу з боку вучняў. Вырашыць такую задачу па сілах толькі прафесіяналу, таму прафесіяналізм і ёсць галоўны крытэрый сапраўднага настаўніка. Нельга даць другому тое, чаго не маеш сам. Настаўнік-прафесіянал усведамляе, што без работы перш за ўсё над сабой не бывае работы на вучня, на кожны канкрэтны ўрок, а ў перспектыве — на вынік.

ІКТ у дапамогу

Не сакрэт, што апошнім часам назіраюцца негатыўныя тэндэнцыі ў адукацыйным працэсе: зніжэнне цікавасці да ведаў, зніжэнне пазнавальнай актыўнасці. Чаму вучыць, каб веды, атрыманыя на ўроках, дапамаглі вучню стаць канкурэнтаздольнай асобай? Як павысіць якасць навучанасці школьнікаў? Зразумела адно: калі мы будзем вучыць сёння так, як вучылі ўчора, мы ўкрадзем у нашых дзяцей заўтра.
Сучасны ўрок — гэта цікавы ўрок, з высокай матывацыяй і эмацыянальнай афарбоўкай. Такі ўрок можна стварыць, калі настаўнік валодае інфармацыйнай культурай, гэта значыць ведамі і ўменнямі ў галіне інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій. Сучасны настаўнік павінен у поўнай меры выкарыстоўваць тыя магчымасці, якія нам даюць сучасныя камп’ютарныя тэхналогіі, каб павысіць эфектыўнасць педагагічнай дзейнасці.
ІКТ могуць выкарыстоўвацца на ўроках, факультатыўных занятках, пры падрыхтоўцы дамашняга задання, падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання, пры правядзенні алімпіяд і г.д. Уключэнне ва ўрок ІКТ робіць працэс навучання цікавым і займальным, стварае ў дзяцей бадзёры працоўны настрой, палягчае пераадоленне цяжкасцей у засваенні вучэбнага матэрыялу.
ІКТ могуць быць выкарыстаны на ўсіх этапах урока. У нашай школе адбываецца актыўнае ўкараненне ў адукацыйны працэс ІКТ праз:
* дастанцыйнае навучанне па вучэбных прадметах у сістэме Moodle,
* выкарыстанне мабільнага класа,
* выкарыстанне інтэрактыўнай дошкі,
* работу з інтэрнэт-крыніцамі на ўроках, пры падрыхтоўцы дамашняга задання, пры падрыхтоўцы да ЦТ, алімпіяд і г.д.,
* выкарыстанне вучэбных трэнажораў, ПМК, віртуальных вучэбных кабінетаў,
* інтэрактыўны дэманстрацыйны матэрыял (практыкаванні, апорныя схемы, табліцы, паняцці),
* кантроль уменняў, навыкаў навучэнцаў.
Варта адзначыць, што час на папярэднюю падрыхтоўку настаўніка пры выкарыстанні ІКТ на першым этапе, безумоўна, павялічваецца, аднак паступова набіраецца метадычная база, што значна палягчае гэтую падрыхтоўку ў далейшым. Сёння ІКТ у адукацыйным працэсе — гэта норма жыцця.

Алена КУМПІЦКАЯ,
намеснік дырэктара сярэдняй школы № 3 Ашмян.