Сяргей АБЛАМЕЙКА: “Усе мы ў даўгу перад настаўнікамі”

- 14:31Моя школа, Рознае

Каб пералічыць усе ганаровыя званні і ўзнагароды нашага сённяшняга субяседніка, спатрэбілася б не адна старонка нашай газеты. Яго асабіста і вынікі дзейнасці яго навуковай школы ведаюць ва ўсім свеце. Вучоны, педагог, выдатны адміністратар, сын, бацька, дзядуля… Сённяшні госць праекта “Мая школа” — вядомы вучоны ў галіне інфармацыйных і касмічных тэхналогій, апрацоўкі выяў і распазнавання вобразаў, доктар тэхнічных навук, прафесар, акадэмік НАН Беларусі, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргей Уладзіміравіч Абламейка.

— З якімі ўспамінамі звязана ваша школа?
— На ўсё жыццё запомнілася першая настаўніца Аляксандра Іванаўна Буднік. Гэта была цудоўная жанчына, вопытны педагог з вялікім стажам, і мы яе вельмі любілі. Добра памятаю класнага кіраўніка Мар’яна Эдуардавіча Макрыцкага, які выкладаў у нас гісторыю. Жылі з ім мы вельмі дружна, а летам ездзілі ў паходы.
Увогуле, нельга пераацаніць важнасць першага настаўніка: добры першы настаўнік можа настроіць на далейшую вучобу, нібы надаўшы станоўчы імпульс руху да ведаў. Прыйшоўшы ў першы клас, я ўжо ўмеў чытаць, трохі лічыў — для школы быў падрыхтаваны, і вучыцца было даволі лёгка. За гэта вялікі дзякуй маім бацькам — Уладзіміру Іванавічу і Тамары Іосіфаўне. Не толькі за тое, што навучылі мяне чытаць і лічыць, але і за агульную падтрымку. На маю думку, роля бацькоў для дзіцяці, якое вучыцца ў школе, вельмі важная: і падчас падрыхтоўкі да школы, і ў час навучання таксама.
Сённяшнія дзеці рыхтуюцца да школы больш, ды і вучацца інакш. Калі ў маім першым класе мы пачыналі з вывучэння літар (бо палова вучняў класа чытаць не ўмела), то зараз у першым класе амаль усе дзеці чытаюць і ведаюць лічэнне. Я зараз назіраю, як вучыцца мой унук Аляксей (у гэтым годзе ён ідзе ў трэці клас), дык ні ў першым, ні ў другім класе мы такога нават не рашалі…

Часам кажуць, што школа зараз вучыць горш, чым раней. Але гэта не так. Раней задача пачатковай школы была менавіта навучыць чытаць, пісаць і лічыць, а зараз дзеці ў першыя школьныя гады рашаюць задачы больш складаныя. Памятаеце, як спявалася ў вядомай песні: “кандидат наук — и тот над задачей плачет”. (Усміхаецца.) Сучасныя дзеці больш развітыя, чым мае равеснікі ў тыя часы. Не кажучы пра тэлефоны, планшэты і інтэрнэт, якімі мой унук свабодна карыстаецца.

— А калі вы сам першы раз селі за камп’ютар?
— Калі вучыўся на механіка-матэматычным факультэце БДУ, на пятым курсе ў нас пачалося праграміраванне. Тагачасныя камп’ютары былі вельмі вялікія, на паўпакоя, а то і больш. Мы пісалі праграмы, па іх прабівалі перфакарты, праз іх уводзілі інфармацыю ў камп’ютары, пралічвалася праграма, раздрукоўваліся вынікі і памылкі, выпраўлялі памылкі і па новай праходзілі ўвесь шлях. Па размеркаванні я прыйшоў на работу ў Акадэмію навук. Там таксама пачыналі з перфакарт, а потым, калі мне было гадоў 25, стаў працаваць на міні-ЭВМ. Нават тады працавалі на ЭВМ мы па графіку: выдзялялі 3—4 гадзіны ў дзень. А потым ужо гадоў праз 8—10 з’явіліся персанальныя камп’ютары, і тады сталі на іх працаваць больш.

— Любоў да матэматыкі вам прывіў бацька. Адкуль гэта пайшло?
— Мае бацькі скончылі Горацкую сельгасакадэмію. Бацька — інжынер-землеўладкавальнік, маці — аграном. У Воранава яны прыехалі па размеркаванні. Бацька любіў матэматыку (нават не ведаю, адкуль гэта ў яго). Ён фактычна вёў мяне і ў жыцці, і ў адукацыі. Я быў першы ў сям’і, і таму мне як першынцу, як гэта заўсёды бывае, удзялялі больш увагі. Менавіта бацька прывёў мяне ў гурток шахмат, які потым ператварыўся ў секцыю і ў якім у канцы дзясятага класа я атрымаў першы разрад па шахматах. І ўсе школьныя гады, калі ў мяне ў матэматыцы нешта не атрымлівалася, ён мне дапамагаў і тлумачыў. Канечне, і настаўнікі матэматыкі былі ў мяне вельмі добрыя. Настаўнік матэматыкі Леанід Іосіфавіч Ненартовіч быў вельмі патрабавальны і ўважлівы да патрэб вучняў. У класе нас было многа, і з тымі, каму матэматыка давалася лепш, займаўся дадаткова, а на ўроках даваў персанальныя заданні — атрымлівалася своеасаблівае дыферэнцыраванае навучанне.

У восьмым класе я паступіў у завочную фізіка-тэхнічную школу пры Маскоўскім фізіка-тэхнічным інстытуце, і тры гады я і мой аднакласнік Валодзя Жук рашалі задачкі, якія нам дасылалі з Масквы, — сталі самастойна займацца дадаткова. Канечне, удзельнічалі ў алімпіядах. Я перамагаў на раённых спаборніцтвах і займаў дастаткова высокія месцы на абласных.
Ды і даваліся мне матэматыка і фізіка лёгка. Была цікавасць, якая падмацоўвалася поспехамі. Канечне, не ўсё атрымлівалася, але былі людзі (бацька і настаўнікі), якія маглі дапамагчы разабрацца ва ўсім.

— А як было з гуманітарнымі прадметамі?
— Даволі цяжка даваліся мовы, асабліва замежная. У нашым тагачасным разуменні магчымасць выкарыстаць веды па замежный мове (школа наша была амаль сельскай, бо ў Воранаве тады было 3 тысячы насельніцтва) была вельмі сумніўнай. Вучыць англійскую мову прыйшлося потым, у 30 гадоў, калі я абараніў кандыдацкую дысертацыю, наступіла перабудова і з’явілася магчымасць выязджаць за мяжу па навуковых патрэбах. Два гады хадзіў на курсы, падцягнуў сваю англійскую мову і паехаў за мяжу.

— У вас была магчымасць паступаць у МФТІ. Чаму яе не выкарысталі?
— Сапраўды, мы з сябрам (як удзельнікі завочнай школы) атрымалі запрашэнне паступаць у Маскву, але, сказаць шчыра, было страшнавата. Спачатку мы з бацькамі ўвогуле спынілі свой выбар на Гродзенскім педагагічным інстытуце (ён быў самым блізкім ад дому), але, пахадзіўшы на падрыхтоўчыя курсы, я зразумеў, што ведаю ўсё, што там рашаюць, і мне па сілах большае. Таму падаў дакументы ў БДУ.

— Цяжка было быць выдатнікам?
— У пачатковай школе былі ўсе пяцёркі, ды і ў старшых класах не зніжаў планку. Але я не быў “батанікам” у сённяшнім разуменні гэтага слова — мне ўдавалася спалучаць непаседлівасць і добрую вучобу.

Я не быў паслухмяным дзіцем. Маё жыццё было вельмі актыўным: гуляў у зборнай школы па футболе і баскетболе, двойчы быў чэмпіёнам школы па настольным тэнісе, гуляў у хакей. Бацькоў таксама ў школу выклікалі за мае дрэнныя паводзіны.

— Памятаеце, за што атрымалі найбольшы наганяй?
— Неяк у нас адмянілі адзін урок, і мы ў класе паднялі такі вэрхал, што са столі пабелка сыпалася. І калі настаўнік, які прыйшоў весці наступны ўрок, убачыў што ў класе “белым-бела”, мала нам не было. Зачыншчыкаў (а нас было чатыры ці пяць чалавек) пакаралі, але мне дасталася менш — уратавала добрая вучоба.

Яшчэ адзін з паказальных момантаў быў тады, калі я ў восьмым ці дзявятым класе, як і кожны школьнік, паспрабаваў курыць. Бацька злавіў мяне з цыгарэтай. Я да вечара баяўся ісці дадому… Бацька мне так усыпаў, што гэта ў мяня адбіла ахвоту курыць увогуле. Мне настолькі запомнілася, як гэта было, што за ўсё жыццё я больш і не курыў. І таму вельмі ўдзячны бацькам за сваё здароўе.

— Як бы вы ахарактарызавалі сістэму выхавання ў вашай сям’і?
— Нас было трое ў сям’і. Я, сярэдні брат Уладзімір, які нарадзіўся праз 3 гады пасля мяне, і малодшы Аляксандр, з якім у мяне розніца ў 11 гадоў. Бацькі ўвесь час працавалі, і дэкрэтны водпуск маці быў усяго некалькі месяцаў, таму, колькі сябе памятаю, я адказваў за малодшых братоў. Адказнасць за іншых у мяне выпрацавалася з таго часу. І зараз я дапамагаю малодшым братам як магу.

Выхоўвалі мяне і школа, і сям’я, але ўплыў сям’і быў больш істотны. Я заўсёды адчуваў клопат бацькоў і іх дапамогу. На кожным чалавеку праяўляецца ўплыў розных частак соцыуму: і школы, і сям’і, і кампаніі. І, як кожнае дзіця, я адчуваў значны ўплыў вуліцы, бо ў такім невялікім гарадку там праходзіла ледзь не большая частка жыцця. І яблыкі з чужых садоў кралі, і ў клубніцы па чужых агародах лазілі… Але падтрымліваўся баланс. На наша шчасце, тады ніхто не ведаў пра наркотыкі, ды і алкаголю асабліва не было. У нас усё было навідавоку. Нават тыя, хто дрэнна вучыўся, не мелі такога дрэннага ўплыву, які мае сённяшняя моладзь. Канечне, нехта за час вучобы скатваўся з выдатнікаў да троечнікаў, але гэта быў не ўплыў вуліцы, а недагляд сям’і. Але большасць з маіх аднакласнікаў занялі пачэснае месца ў грамадстве.

— Чым займаюцца вашы браты?
— Браты таксама выбралі тэхнічныя спецыяльнасці: малодшы Аляксандр скончыў політэхнічны інстытут і працуе галоўным інжынерам будаўнічага ўпраўлення ў Магілёве, а сярэдні Уладзімір пасля заканчэння Інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі стаў працаваць механікам, зараз жыве ў Лідзе і працуе ў будаўнічым трэсце.

— Які вы бацька і які дзядуля?
— У сваю сям’ю я імкнуўся перанесці тую сістэму выхавання, у якой выхоўваўся сам. Сын Андрэй пайшоў па маіх слядах: скончыў школу з залатым медалём, потым БДУІР. Дачка Марыя — больш гуманітарый, скончыла юрыдычны факультэт, нядаўна абараніла кандыдацкую дысертацыю. Мы глядзелі за дзецьмі так, як нашы бацькі глядзелі нас. Дапамагала яшчэ і тое, што жонка працавала ў той самай школе, дзе вучыліся дзеці, ды і дзяцей у нашым доме было заўсёды многа. Мы жылі клопатамі дзяцей. Як бацька са мной, так і я з сынам займаўся матэматыкай. Дачка таксама любіла матэматыку і хоць не пайшла па гэтым напрамку, веды ёй спатрэбіліся пры паступленні.

Да ўнукаў заўсёды іншыя адносіны. Яны жывуць асобна ад нас, і мы заўсёды вельмі рады іх прыезду. Сын іх выхоўвае ў строгасці, а мы можам і папесціць. Зараз значна цяжэй выхоўваць дзяцей, таму што ў іх зараз больш спакус. І пераходны ўзрост пачынаецца раней. Вельмі небяспечнай сёння з’яўляецца камп’ютарная залежнасць, і ёсць мноства прыкладаў, калі падлеткі цалкам пагружаюцца ў віртуальны свет.

— Калі збіраецца ўся сям’я, як праходзіць вольны час?
— Гэта бывае дастаткова часта. Як правіла, збіраемся на дачы, робім шашлыкі. Гуляем з унукамі ў мяч, дастаём ракеткі, з дзецьмі ходзім у ягады і грыбы. Але самая галоўная задача — не пускаць унука Аляксея за камп’ютар. Ён вельмі любіць камп’ютарныя гульні, абменьваецца фотаздымкамі і паведамленнямі з сябрамі, і мы максімальна стараемся адцягваць яго ўвагу ад гэтага. Часам можам з унукам нешта парашаць, каб лета канчаткова не расхаладзіла яго. Усё ж тры месяцы канікул, відаць, многа…

— Вучоны, педагог, адміністратар — што ў вас пераважае і да чаго бліжэй душа?
— Вельмі цяжка сказаць, чаго больш. Калі пачаў працаваць у Акадэміі навук, я быў выключна вучоным. Гэта было маё жыццё. Менавіта ў навуцы я атрымаў першыя вынікі сваёй работы. Калі стаў спачатку намеснікам дырэктара Інстытута тэхнічнай кібернетыкі Акадэміі навук БССР, потым яго дырэктарам, канечне, значную частку часу стаў аднімаць адміністрацыйны складнік, і час, які я мог выдаткаваць на навуку, памяншаўся. Адразу пасля атрымання ў 1985 годзе ступені кандыдата навук я па сумяшчальніцтве стаў выкладаць. І ўсё жыццё выкладаю. Хоць заробак ад такой работы быў невысокі, мне гэта падабалася, бо я разумеў, што настаў час дзяліцца тым, што ведаю. Да таго ж некаторыя студэнты, зацікавіўшыся маімі даследаваннямі, ішлі ў аспірантуру.

— Як адчувалі сябе, калі першы раз зайшлі ў аўдыторыю?
— Гэта быў не столькі страх, колькі гордасць за тое, што ты вучыш. Вучыш такіх самых юнакоў і дзяўчат, якім сам быў некаторы час назад.

Увогуле, усё здарылася выпадкова. Тагачасны вучоны сакратар нашага інстытута Леанід Пятровіч Мацюшкоў прапанаваў мне прачытаць замест яго курс “Тэорыя алгарытмаў” у політэхнічным інстытуце, бо ён быў той год вельмі заняты. Я пагадзіўся і стаў рыхтавацца. Безумоўна, трэба было рыхтавацца да кожнай лекцыі, практычнай і лабараторнай работы (курс я чытаў адной групе). Да гэтага часу ў мяне захоўваюцца канспекты гэтых лекцый. Потым я стаў чытаць лекцыі ў БДУ. Было крыху спакайней, але ўсё роўна перад кожнай лекцыяй хваляваўся. Але, паўтаруся, выкладанне мне падабалася — гэта была адна з маіх мэт. Нават зараз, працуючы рэктарам, працягваю выкладчыцкую дзейнасць, чытаючы шэраг дысцыплін, якія тычацца апрацоўкі выяў, машыннай графікі і распазнавання вобразаў.

— Відаць, рэктарства не дае магчымасці напоўную працягваць навуковыя даследаванні.
— Сёння навуковы складнік займае 5—10% майго часу, як правіла, у вячэрні час ці ў выхадныя. Але я стаўлюся да гэтага спакойна, бо свой уклад у навуку я ўжо зрабіў. І тут вельмі слушна ўспомніць меркаванне, што асноўная навука робіцца да 40 гадоў. Потым ужо кіруеш, абагульняеш, кансультуеш. Я поўнасцю аддаюся сваёй сённяшняй рабоце, разумеючы, што самае важнае зараз, каб універсітэт добра працаваў і развіваўся. Цяпер больш працую з аспірантамі і дактарантамі, а таксама чытаю і рэдагую навуковыя артыкулы. Ды і мне гэта стала менш цікава. Атрымаўшы “алімпійскае золата” ў навуцы, абараніўшы доктарскую дысертацыю, атрымаўшы званне акадэміка шэрага акадэмій, я зразумеў, што нешта трэба мяняць. Нездарма ж кажуць, што праз пэўныя прамежкі часу трэба мяняць работу… Але навуку проста ўзяць і кінуць нельга — усё роўна будзеш увесь час знаходзіцца ў курсе праблем сваёй прадметнай галіны, нешта чытаць і абмяркоўваць. Я вельмі добра разумею, што рэктарства — таксама часовая работа. І настане час, калі я буду працаваць, напрыклад, прафесарам кафедры. І жыццё не скончыцца. Будзе яго новы этап, які зноў будзе звязаны з навукай.
Сёння галоўнае — імкнуцца падтрымліваць у навуцы статус-кво і працягваць пачатыя справы.

— Вы любіце падарожнічаць. Дзе яшчэ не былі і куды хацелі б з’ездзіць?
— Я аб’ездзіў амаль увесь свет. Кожная краіна цікавая па-свойму. Напрыклад, для еўрапейца Азія больш экзатычная. Калі я ўпершыню ў 1991 годзе трапіў у Японію, было ўражанне, што я знаходжуся на іншай планеце. Потым, калі зноў прыязджаў у гэтую краіну (я быў там каля 10 разоў), крыху прызвычаіўся.

Відаць, наведаў бы Афрыку, бо там я быў усяго ў некалькіх краінах. Але зараз гэта вельмі небяспечна. Таксама цікавай для мяне застаецца Лацінская Амерыка, бо на тым кантыненце я быў толькі ў Венесуэле і Чылі. Нядаўна давялося пабываць на Байкале, але з задавальненнем яшчэ б пападарожнічаў па ўсходзе Расіі.

Часта ў мяне пытаюцца, дзе б я хацеў жыць. Толькі тут, у Беларусі. І клімат, і асяроддзе, і ўзаемаадносіны паміж людзьмі, сістэма сацыяльнай абароны, сямейныя каштоўнасці, нават эканамічныя рэаліі — усё сваё. Канечне, і праблем у нас хапае, але я шмат дзе быў і шмат што бачыў, прычым не як просты турыст — на некалькі дзён, а жыў у розных краінах (калі палічыць, то я больш як год пражыў у Італіі, па навуковых патрэбах па тры-чатыры месяцы праводзіў у іншых еўрапейскіх краінах) і бачыў знутры розныя сацыяльныя сістэмы. На маю думку, у нашай краіне адна з найлепш арганізаваных грамадскіх сістэм. І гэта я гавару не як дзяржаўны чыноўнік — гэта маё ўласнае перакананне.

Я бачу гэта і па сваіх дзецях: калі ў Беларусі ў цябе ўсё атрымліваецца, не факт, што табе ўдасца ў якой-небудзь еўрапейскай краіне прабіцца ў людзі. Канечне, ёсць розныя прыклады. Наша моладзь (асабліва матэматыкі і інфарматыкі, маладыя спецыялісты IT-сферы) вельмі запатрабавана на Захадзе. Але там, як і ўсюды, каб нечага дасягнуць, трэба вельмі многа працаваць.

— Сустрэчы з якімі людзьмі сталі для вас найбольш значнымі?
— У навуковым асяроддзі ў кожнага навукоўца ёсць свае настаўнікі. Чалавекам, які вывеў мяне на навуковую арбіту, стаў Алег Ігнацьевіч Семянкоў, які са студэнта-выпускніка вёў мяне ў кандыдаты навук, сфарміраваўшы мяне як вучонага. Калі інстытутам тэхнічнай кібернетыкі кіраваў Вячаслаў Сяргеевіч Танаеў, я абараніў доктарскую дысертацыю, стаў намеснікам дырэктара інстытута, а пасля яго заўчаснай смерці ўзначаліў інстытут, які фактычна мяне выгадаваў.

А ўжо як адміністратара і кіраўніка мяне фарміраваў Міхаіл Уладзіміравіч Мясніковіч, які тады з’яўляўся старшынёй Прэзідыума Акадэміі навук Беларусі. І шэсць гадоў пад яго кіраўніцтвам я працаваў дырэктарам інстытута. Дзякуючы яму, я прайшоў вельмі значную школу кіраўніцтва. Калі я толькі прыйшоў на пасаду рэктара БДУ, кіраваць мне было лёгка — я выкарыстоўваў тыя метады, якім мяне навучыў Міхаіл Уладзіміравіч.

Калі браць шырэй, то чалавек, з якога я апошнім часам стараюся браць прыклад, гэта рэктар Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта акадэмік Віктар Антонавіч Садоўнічы. Увесь час мы падтрымліваем вельмі добрыя адносіны, сустракаемся, нават аднойчы перасекліся на адпачынку з сем’ямі. Я не магу сказаць, што мы здружыліся, бо гэта велічыня сусветнага маштабу, мне да яго яшчэ вельмі далёка. Тое, як ён робіць сваю кіраўніцкую справу, — узор для кіраўніка.

— Калі б у вас выдаўся свабодны вечар, у які тэатр пайшлі б?
— Я бываю ў многіх тэатрах, але спыніў бы свой выбар на Тэатры оперы і балета, наведаў бы цікавы балетны спектакль.

— Ці падтрымліваеце сувязі са школай, у якой вучыліся?
— Так, у нас склаліся вельмі добрыя адносіны з адміністрацыяй школы і кіраўніцтвам сістэмы адукацыі Воранаўскага раёна. Два гады назад я ўстанавіў для лепшых школьнікаў і пераможцаў алімпіяд імянную прэмію, каб стымуляваць іх поспехі. Атрымліваецца, што зараз гэта мой асабісты падшэфны раён.

— У адным з інтэрв’ю вы сказалі, што прытрымліваецеся прынцыпу “ўсё, што ні робіцца, — да лепшага”. Вы фаталіст?
— Фаталізм — гэта “ўсё, што непазбежна, тое павінна адбыцца”. Жыццёвае крэда па жыцці мяняецца. Калі быў малады, здавалася, што ўсё адолею і ўсё змагу. Калі становішся старэй, пачынаеш адносіцца да жыцця па-філасофску. І хоць імкнешся ўздзейнічаць на акалічнасці, усё зрабіць ідэальна і так, як табе хочацца, немагчыма. Увогуле, апошніх гадоў дзесяць я прытрымліваюся прынцыпу “жыццё ўдалося, але яшчэ рана скідаць хуткасць”.

— Наша інтэрв’ю выходзіць напярэдадні Дня ведаў. Што б вы пажадалі настаўнікам у новым навучальным годзе?
— У апошні час мне даводзіцца кантактаваць і з універсітэцкімі педагогамі, і з настаўнікамі Воранаўскай школы, ды і ўнук у школе вучыцца. І педагогі вышэйшай школы, і асабліва школьныя настаўнікі выконваюць высакародную місію. Чым больш я на іх гляджу, тым больш ганаруся і захапляюся людзьмі гэтай прафесіі. Гэта вельмі адказная і найважнейшая работа. Памятаеце, у кінафільме “Ирония судьбы, или С лёгким паром!” два героі — настаўнік і ўрач — спрачаюцца і прыходзяць да высновы, што памылкі ўрача каштуюць вельмі дорага, а памылкі настаўніка менш заўважныя, але могуць нанесці больш шкоды. Ад настаўніка, які ідзе побач з дзіцем адзінаццаць гадоў, шмат у чым залежыць, як складзецца лёс дзіцяці.

Я лічу, што сёння дзяржава недастаткова цэніць настаўніка і недастаткова дзякуе яму за работу як у матэрыяльным складніку, так і ў плане сацыяльнага статусу. Хацелася б, каб на дзяржаўным узроўні сістэме адукацыі, асабліва сярэдняй школе, удзялялася яшчэ больш увагі.
Усе мы ў даўгу перад настаўнікамі! Напярэдадні свята жадаю ўсім настаўнікам нашай краіны здароўя і моцнага духу, таленавітых вучняў і дастойнага ўзнагароджання за іх высакародную працу.

— Вялікі дзякуй за размову. І вас таксама са святам!

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з асабістага архіва С.У.АБЛАМЕЙКІ.