Гісторыя Магілёўскага абласнога ліцэя № 1 як установы адукацыі пачынаецца яшчэ ў XIX стагоддзі. Калісьці тут базіравалася жаночае епархіяльнае вучылішча, школа чырвоных камандзіраў, педагагічнае вучылішча, школа-інтэрнат. Апошнія 25 гадоў установа функцыянуе як ліцэй. Сёння ўстанова ўваходзіць у склад вучэбна-метадычнага комплексу, створанага на базе МДУ імя А.А.Куляшова, па сутнасці, з’яўляючыся яго цэнтральным звяном.
Першы ліцэй — своеасаблівы вучэбна-даследчы і адукацыйна-культурны цэнтр у сістэме ўстаноў адукацыі Магілёўскай вобласці. За час існавання ліцэй даў трывалыя веды больш чым тром тысячам навучэнцаў і амаль усе яны сталі студэнтамі ВНУ, прычым не толькі беларускіх. У ліцэі рэалізоўваліся два рэспубліканскія інавацыйныя праекты: “Укараненне праграмы падрыхтоўкі навучэнцаў рэгіёна да профільнага навучання ва ўмовах ліцэя” і “Укараненне мадэлі рэалізацыі пераемнасці ў адукацыйнай сістэме “ўрок — факультатыўныя заняткі”.
На працягу 19 гадоў ліцэем кіруе выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь член Савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў Пётр ШЫЛАЎ. З ім і сустрэўся наш карэспандэнт.
— Пётр Уладзіміравіч, якія напрамкі адукацыйнай дзейнасці з’яўляюцца для ліцэя асноўнымі?
— Наша ўстанова арыентавана на работу з адоранымі дзецьмі, таму філасофія адукацыі, прынятая калектывам ліцэя, заснавана на выкарыстанні асобаснага падыходу да ўсіх навучэнцаў і стварэння асаблівай атмасферы дома. У сувязі з гэтым педагагічны калектыў мэтанакіравана працуе над стварэннем умоў для самаразвіцця асобы вучня, прыцягненнем іх да творчай, навукова-даследчай работы, алімпіяднага руху і, адпаведна, падрыхтоўкай да паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Паколькі вывучэнне прадметаў вядзецца на павышаным узроўні, то вялікая ўвага ўдзяляецца і якасці адукацыі, належнай арганізацыі адукацыйнага працэсу.
На мой погляд, эфектыўнасць адукацыйнага працэсу ў многім залежыць ад пабудовы суб’ектыўных адносін паміж настаўнікам і вучнем. Таму не меншае значэнне ў нашым ліцэі надаецца развіццю прафесійнай кампетэнцыі, павышэнню кваліфікацыі педагогаў. Акрамя таго, з мэтай фарміравання гарманічнай, рознабаковай, высокамаральнай асобы кожнага вучня мы пастаянна ўдасканальваем выхаваўчае, пазакласнае, фізкультурна-аздараўленчае адукацыйнае асяроддзе ліцэя.
— Як канкрэтна ажыццяўляецца ў ліцэі работа па выбраных прыярытэтных напрамках?
— Калі гаварыць аб рабоце з адоранымі навучэнцамі, у прыватнасці, выяўленні і падрыхтоўцы дзяцей да ўдзелу ў алімпіядным руху і іншых конкурсах, то ў нашым ліцэі яна мае пэўную спецыфіку. Звязана гэта з тым, што мы атрымліваем вучня з ужо сфарміраванай базай ведаў, а таксама з асабістай пазіцыяй у адносінах да ўдзелу ў розных спаборніцтвах. Таму як Гіпакрат жыў па запавеце “Не нашкодзь!”, так усе нашы педагогі кіруюцца прынцыпам “Не прымушай!”. Задача, якую ставяць перад сабой настаўнікі, — акрыліць, падтрымаць кожнага вучня, патлумачыць яму карысць удасканалення сваіх ведаў, але ні ў якім разе не навязваць абавязковасць удзелу ў конкурсе або алімпіядзе. У выпадку, калі згода вучня атрымана, дапамога педагога яму аказваецца максімальная. Але і тут у нас свая пазіцыя. Кантроль над падрыхтоўкай навучэнцаў педагогамі ажыццяўляецца, але ён ненадакучлівы і праходзіць хутчэй у форме кансультацый, якія накіроўваюць самападрыхтоўку вучня ў патрэбнае рэчышча.
З эфектыўнасцю работы з адоранымі дзецьмі напрамую звязана і пастаяннае прафесійнае развіццё педагагічнага калектыву. Настаўнікі ліцэя знаходзяцца ў няспынным творчым пошуку, распрацоўваюць новыя метады навучання. Вынікі іх інавацыйнай, эксперыментальнай дзейнасці публікуюцца ў галіновых выданнях, выдаюцца асобнымі дапаможнікамі. Сваімі метадычнымі знаходкамі і майстэрствам нашы педагогі ахвотна дзеляцца з калегамі з раёна, горада і вобласці. Асаблівую значнасць педагагічны калектыў надае метадычнай рабоце. У гэтым плане мы дасягнулі пэўных поспехаў. Так, настаўнікамі ліцэя было падрыхтавана і праведзена звыш ста абласных навукова-метадычных семінараў, шэсць навукова-практычных канферэнцый “Ліцэйскія чытанні”.
— Вы гаварылі аб тым, што ў ліцэі шмат увагі ўдзяляецца выхаваўчай, здароўезберагальнай і пазакласнай рабоце.
— Гэта сапраўды так. У ліцэі склалася пэўная выхаваўчая сістэма, якая дазваляе сфарміраваць вучняў у самадастатковую, гарманічна развітую асобу. Работа будуецца ў адпаведнасці з “Праграмай выхаваўчай работы ў ліцэі”, праграмамі “Інтэлект і творчасць”, “Бацькаўшчына”, “Гармонія”, “Інтэрнат” і абапіраецца на традыцыі, якія склаліся ў ліцэі. Для максімальнай рэалізацыі створанай выхаваўчай сістэмы ў ліцэі дзейнічае калектыў высокапрафесійных класных кіраўнікоў, а таксама ажыццяўляецца практыка пазакласнай фізкультурна-аздараўленчай работы пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара Уладзіміра Рымкевіча. Такім чынам, выхаваўчая, здароўезберагальная і пазакласная работа ў нашай навучальнай установе цесна ўзаемазвязаны.
Гэтай узаемасувяззю мы змаглі дасягнуць фарміравання ў ліцэі адукацыйнага асяроддзя з даволі высокай матывацыяй да навучання, у якой створаны ўсе ўмовы для вывучэння прадметаў на павышаным узроўні і паўнацэннага псіхафізічнага развіцця вучняў, іх пазітыўнай адаптацыі і сацыялізацыі. Дзякуючы стварэнню такой атмасферы, ліцэй сёння не толькі дазваляе дзецям паглыблена займацца тым, што падабаецца, але і дапамагае ім паспяхова авалодваць ведамі па іншых прадметах. Дзеці вучацца думаць, працаваць самастойна, у іх фарміруецца жаданне і ўменне вучыцца. Яны перастаюць быць вучнямі-спажыўцамі, калі веды “даюць”, замест гэтага становячыся актыўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу.
— У чым жа асаблівасці распрацаванай вашай навучальнай установай выхаваўчай сістэмы?
— Як я ўжо казаў раней, мы ўсімі сіламі спрабуем стварыць у ліцэі не проста спрыяльную атмасферу, а атмасферу дома. Абумоўлена гэта тым, што мы ажыццяўляем навучанне старшага школьнага звяна — 10—11-х класаў. Акрамя таго, установа наша мае абласное падпарадкаванне і дзеці з’язджаюцца да нас з розных куткоў Магілёўшчыны. Таму галоўная задача, якую мы ставім перад сабой, — аб’яднанне іх, такіх розных і непадобных, у адзіны класны калектыў.
Рэалізоўваецца гэтая няпростая мэта з дапамогай розных ліцэйскіх традыцый. Цэнтральнае месца сярод іх займаюць фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы. Гэта турыстычны паход-эстафета, у які па чарзе адпраўляюцца ўсе класы, Вялікі ліцэйскі паходнік, капуснік “Пасвячэнне ў ліцэісты”, Калядны турнір па валейболе, спаборніцтвы “Вясёлыя старты”, вялікае спартыўнае свята “Ліцэйскія гульні”. Сярод мерапрыемстваў, накіраваных на развіццё творчых здольнасцей навучэнцаў, варта адзначыць “Ліцэйскія калядкі”, “Дзень радасці”, “Ліцэйскі зоркапад”, правядзенне літаратурных і музычных вечароў.
— Пётр Уладзіміравіч, у аснове любой установы адукацыі, якая паспяхова функцыянуе, як вядома, ляжыць штодзённая праца педагагічнага калектыву, індывідуальны ўклад кожнага настаўніка ў агульную справу.
— Я магу з упэўненасцю сказаць, што кожны педагог у ліцэі — прафесіянал. Прычым не проста прафесіянал, а прафесіянал, які штодзень праяўляе добрасумленнасць і максімальную аддачу ў рабоце. Усе нашы настаўнікі валодаюць сапраўдным талентам да педагогікі, а большасць з іх — своеасаблівыя перадавікі ў сістэме адукацыі.
Узяць, напрыклад, настаўнікаў Валерыя Васільевіча Барашкава і Людмілу Васільеўну Папову, якія з’яўляюцца заслужанымі настаўнікамі краіны. Кожны з іх у адукацыі ўжо больш за 40 гадоў і за гэты час дасягнуў высокіх вынікаў у рабоце. Іх вучні — пераможцы міжнародных, рэспубліканскіх алімпіяд і конкурсаў. Акрамя таго, Людміла Васільеўна мае ганаровае званне “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”, гэтым жа знакам адзначаны і педагогі Людміла Мікалаеўна Воран, Людміла Мікалаеўна Гетманава, Святлана Мікалаеўна Калмакова, Надзея Іванаўна Савіч, Алена Іванаўна Шалашкевіч, Ала Валянцінаўна Клепча. У розныя гады большасць з вышэйназваных настаўнікаў былі ўзнагароджаны спецыяльнай прэміяй Магілёўскага аблвыканкама ў галіне адукацыі. Увогуле, у ліцэі працуе 20 лаўрэатаў гэтай прэміі. Дзевятнаццаць настаўнікаў нашай установы ўзнагароджаны прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, прычым некаторыя неаднаразова.
— Работа па выкананні адукацыйных стандартаў у першым ліцэі вядзецца плённая, напэўна, і поспехі ад такога стаўлення да справы адпаведныя?
— Так. Дзякуючы зладжанай, самаадданай рабоце кожнага педагога, сёння нам ёсць чым пахваліцца. За гады існавання з ліцэя выйшла звыш пяціста выпускнікоў, якія сталі залатымі і сярэбранымі медалістамі.
Традыцыйнымі сталі поспехі нашых вучняў у алімпіядным руху. Больш як семсот пераможцаў трэцяга этапу і трыста заключнага этапу рэспубліканскіх алімпіяд па вучэбных прадметах — такі вынік найлепш характарызуе работу настаўнікаў ліцэя. Нашым гонарам з’яўляюцца 24 перамогі ліцэістаў на розных міжнародных алімпіядах і конкурсах, а таксама звыш ста сямідзесяці вучняў, якія атрымалі прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
— Дасягнутыя вынікі работы ліцэя, сапраўды, уражваюць, а якія планы ў вас на перспектыву?
— Мы не плануем хапаць зоркі з неба, але ў той жа час увесь наш педагагічны калектыў настроены на выкананне ўсіх даведзеных паказчыкаў. Будзем імкнуцца да яшчэ больш высокага ўзроўню якасці адукацыі ў ліцэі, удасканалення ўмоў для духоўна-маральнага і фізічнага развіцця вучняў, іх падрыхтоўкі да паўнацэннага жыцця ў грамадстве. А самае галоўнае — мы пастараемся і ў далейшым захоўваць тыя станоўчыя традыцыі, якія ўжо сфарміраваліся ў ліцэі, а таксама прымнажаць іх новымі, не менш цікавымі мерапрыемствамі. Усё, што мы робім, мы робім для нашых навучэнцаў. І калі ім у ліцэі камфортна, калі атмасфера ўстановы спрыяе іх поспехам, то для нас гэта і ёсць самае галоўнае дасягненне.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.