Пад знакам царыцы навук

- 11:16Навіны рэгіёнаў, Рознае

Другі вучэбны месяц прайшоў ва ўстановах адукацыі Дрыбіншчыны пад знакам царыцы ўсіх навук. На працягу кастрычніка ўсе мясцовыя школы ўдзельнічалі ў правядзенні раённых дзён па вучэбным прадмеце “Матэматыка”.

Як паведаміла загадчык вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Дрыбінскага райвыканкама Любоў Тарасенка, рашэнне аб правядзенні падобнага мерапрыемства было прынята з мэтай павышэння цікавасці навучэнцаў да вывучэння матэматыкі.
— У цяперашні час роля матэматыкі ў жыцці, а таксама неабходнасць яе вывучэння ў школе часта не разумеецца вучнямі і іх бацькамі. Матэматыку ўспрымаюць як вучэбны прадмет у некаторай ступені дастаткова складаны. Часам даводзіцца чуць і такія пытанні: “І дзе нам гэта спатрэбіцца?”, “І навошта нам гэта трэба?” Арганізоўваючы раённыя дні матэматыкі, мы імкнуліся галоўным чынам да таго, каб прадэманстраваць вучням важнасць вывучэння матэматыкі, а таксама паказаць ім, што і гэтыя школьныя ўрокі могуць быць лёгкімі і цікавымі, — расказала Любоў Васільеўна.
Дні вучэбнага прадмета “Матэматыка” прайшлі ва ўсіх школах раёна. Па словах Любові Тарасенка, усе педагагічныя калектывы раёна праявілі творчы падыход да правядзення матэматычных дзён у сваіх навучальных установах. Тэматычныя праграмы ўключалі ў сябе разнастайныя па форме і змесце мерапрыемствы. Замест традыцыйных урокаў, дрыбінскіх школьнікаў чакалі конкурсы, гульні, турніры, віктарыны і нават тэатралізаваныя паказы.
Напрыклад, дзеці з Кароўчынскай сярэдняй школы пабывалі ў плаванні па акіяне матэматычных ведаў. Падчас гэтага займальнага падарожжа навучэнцы рабілі прыпынкі. У прыватнасці, якар імі быў кінуты ў бухтах “Казачная матэматыка”, “Краіна “Числяндия”, “Матэматыка вакол нас”. На невядомых берагах дзеці даведваліся шмат чаго новага: гэта і міжпрадметныя сувязі матэматыкі з іншымі навукамі, і яе неабходнасць у розных прафесіях. Не менш цікава і крэатыўна праходзілі дні матэматыкі і ў Міхееўскай сярэдняй школе. Навучальная ўстанова на цэлы тыдзень ператварылася ў матэматычнае царства, а яго насельнікі на працягу сямі дзён удзельнічалі ў розных прыгодах.
Творчы падыход да правядзення мерапрыемства праявілі і педагогі астатніх школ раёна. Якіх толькі форм і метадаў работы не прыдумалі яны, каб павысіць у сваіх вучняў цікавасць да матэматыкі! Дрыбінскія школьнікі ўдзельнічалі ў матэматычным КВЗ, з мэтай атрымання новых матэматычных ведаў адпраўляліся ў “Падарожжа ў космас”, наведвалі “Матэматычнае кафэ”, а таксама выяўлялі сваю эрудыцыю ў матэматыцы праз розныя гульні. Акрамя арганізацыі пазакласных мерапрыемстваў, у рамках дзён вучэбнага прадмета “Матэматыка” ў школах дзейнічалі спецыялізаваныя выставы тэматычных малюнкаў, газет і іншых работ вучняў, прэзентацыі метадычных матэрыялаў педагогаў.
Работа падчас дзён вучэбнага прадмета “Матэматыка” педагагічнымі калектывамі раёна была праведзена сур’ёзная. Таму пасля заканчэння месяца пад знакам матэматыкі ўстановы і педагогі, якія распрацавалі найбольш цікавыя праекты, былі адпаведна заахвочаны. Сярод педагагічных калектываў ганаровы дыплом І ступені заслужана дастаўся Міхееўскай сярэдняй школе, на 2 месцы аказаўся калектыў Пудаўнянскай сярэдняй школы, а 3 месца падзялілі паміж сабой настаўнікі з Чарнеўскага ВПК і Кароўчынскай сярэдняй школы. Адзначаны былі і асобныя педагогі. Дыпломамі аддзела адукацыі, спорту і турызму рознай ступені былі ўзнагароджаны настаўнікі пачатковых класаў Расненскай сярэдняй школы Кацярына Іванова, Ларыса Чудзікава, Маргарыта Нікеенка і Святлана Мельячэнка, настаўнікі пачатковых класаў Дрыбінскай сярэдняй школы Алеся Крышнева і Святлана Раманава, настаўнікі пачатковых класаў Бельскай сярэдняй школы Алена Зверава, Святлана Праскурская, Наталля Антоненка і выхавальнік групы прадоўжанага дня гэтай установы Алена Бондарава. Заахвочвальны дыплом за творчы падыход да правядзення агульнашкольнага мерапрыемства атрымаў настаўнік матэматыкі Пудаўнянскай сярэдняй школы Аляксей Канавалаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена аддзелам адукацыі,
спорту і турызму Дрыбінскага райвыканкама.