Паміж эфектыўнасцю і эканоміяй

- 11:07Дашкольная адукацыя

Пытанні інвестыцый у развіццё дзяцей ранняга ўзросту, крытэрыі эфектыўнасці праграм дзяржаўнай сістэмы дашкольнай адукацыі і асаблівасці рэалізацыі адукацыйных праграм для дзяцей ранняга ўзросту былі разгледжаны на секцыі “Сучасныя падыходы да развіцця дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту: фінансаванне, фарміраванне палітыкі і тэхнічная падтрымка”. Яе каардынатарамі выступілі начальнік аддзела дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі А.Л.Давідовіч і каардынатар развіцця адукацыі дзяцей у раннім узросце прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь Наталля Александровіч.

Навыкі на ўсё жыццё

Першым слова ўзяў Ігар Хейфец, эканаміст Сусветнага банка. Ён прааналізаваў пытанне інвестыцый у дашкольную адукацыю, у ранняе развіццё дзяцей. Выступоўца прадэманстраваў знакаміты графік лаўрэата Нобелеўскай прэміі Джэймса Хэкмена, які адлюстроўвае працэнт акупнасці сённяшніх інвестыцый у будучыні. Па графіку можна меркаваць, чым раней укладзены сродкі ў адукацыю дашкольнікаў, тым хутчэй і больш вяртаецца іх пасля. Ад таго, чаму мы навучым дзяцей дашкольнага ўзросту сёння, залежыць, напрыклад, якім будзе праз дзесяцігоддзі ўзровень крымінальнасці ў краіне, працэнт працаўладкавання і інш.Размова ідзе аб фарміраванні ў дзяцей неабходных навыкаў, якія закладваюцца ў першыя тры — пяць гадоў жыцця. Навыкі — гэта кампетэнцыі, перакананні, мадэлі паводзін чалавека, якія фарміруюцца, мяняюцца на працягу ўсяго жыцця. Навыкам вучаць, іх удасканальваюць.
Якімі ж бываюць навыкі? Іх можна падзяліць на тры катэгорыі: сацыяльныя і паводзінскія (або сацыяльна-эмацыянальныя), кагнітыўныя (іх правяраюць з дапамогай тэстаў, падчас экзаменаў) і тэхнічныя (спецыялізаваныя навыкі, якія чалавек набывае пры атрыманні вышэйшай або прафесійна-тэхнічнай адукацыі). У некаторых даследаваннях навукоўцаў гаворыцца аб “вялікай пяцёрцы” навыкаў, якая мае на ўвазе добрасумленнасць, адкрытасць уласнага вопыту для ўсіх, экстраверсію, добразычлівасць і эмацыянальную ўстойлівасць.
Няма прамой карэляцыі (на ўзроўні краін) паміж сярэдняй працягласцю навучання ў школе і сярэднім узроўнем эканамічнага росту краіны, але ёсць прамая сувязь паміж макраэканамічным (доўгатэрміновым і сярэднетэрміновым) узроўнем развіцця краіны і ўзроўнем кагнітыўнага развіцця яе грамадзян, у першую чаргу развіцця ў іх матэматычных навыкаў. Выяўлена і прамая сувязь паміж узроўнем адукацыі, навыкаў людзей і іх заробкам. Даходы тых, хто атрымаў вышэйшую адукацыю, вышэйшыя, чым у тых, хто яе не атрымаў. Напрыклад, у Польшчы, Венгрыі гэтае адрозненне складае 20 працэнтаў. Розніца ў заробку паміж людзьмі з высокім узроўнем матэматычных навыкаў і больш нізкім узроўнем такіх жа навыкаў таксама існуе.
Спецыялісты Сусветнага банка правялі даследаванні ў краінах, дзе на працягу 20—30 гадоў адбываліся інтэнсіўныя эканамічныя змены. Раней эканоміка гэтых краін абапіралася на стандартныя кагнітыўныя навыкі сваіх грамадзян (у іх ліку ўменне чытаць, пісаць і лічыць). Затым пераарыентавалася, і запатрабаванымі сталі нестандартныя кагнітыўныя навыкі. Напрыклад, у ЗША з 1980 па 2008 год зніжаўся попыт на стандартныя навыкі і ўзрастала патрэба ў нестандартных кагнітыўных, аналітычных і сацыяльна-эмацыянальных навыках. На рынку працы ў многіх краінах патрабаванні да навыкаў мяняліся так хутка, што сістэма адукацыі не паспявала іх задавальняць, рыхтаваць патрэбных спецыялістаў.
Напрыканцы выступлення Ігар Хейфец ад імя Сусветнага банка прапанаваў чатыры кірункі адукацыйнай палітыкі:
1. Інвестыцыі павінны быць накіраваны на фарміраванне як кагнітыўных, так і сацыяльных і паводзінскіх навыкаў.
2. Неабходна выпрацаваць надзейныя метады вымярэння навыкаў.
3. Праграмы, нацэленыя на развіццё кагнітыўных навыкаў, трэба пачынаць выкарыстоўваць як мага раней.
4. Важна праводзіць больш даследаванняў, аналізаваць і правяраць самыя розныя тэорыі, прычым у розных кантэкстах і ў розных краінах свету.
У Беларусі Сусветны банк разам з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь плануе правесці даследаванне, якое тычыцца ацэнкі адукацыйнай палітыкі нашай краіны ў цэлым.
Аб сістэме параўнальнай ацэнкі ў адукацыі SABER ECD расказала спецыяліст у сферы адукацыі Сусветнага банка Юлія Ліберман. Праграма SABER была распрацавана з мэтай вызначэння найбольш важных задач адукацыйнай палітыкі, вызначэння зыходных кропак (дыягностыка), выкарыстання вынікаў ацэнкі для ўдасканалення адукацыйнай палітыкі, ацэнкі ўласнай дынамікі. Па сутнасці, прапаноўваецца сістэмная ацэнка таго ці іншага этапу адукацыі па розных кірунках. Можна, напрыклад, выкарыстоўваючы пэўны інструментарый, даць ацэнку ўсім ініцыятывам, якія тая ці іншая дзяржава робіць у сферы дашкольнай адукацыі, ранняга развіцця дзіцяці і г.д. Усе карыстальнікі інтэрнэту могуць пазнаёміцца са справаздачамі, якія зрабілі многія краіны па выбраных адукацыйных кірунках.

Дзейнічаць у інтарэсах дзяцей

Аб эфектыўнасці дзяржаўных праграм дашкольнай адукацыі расказаў спецыяліст па адукацыі Сусветнага банка Тыгран Шміс: “Эфектыўнасць павінна дасягацца не за кошт эканоміі. Размяркоўваць дзяржаўныя сродкі і інвесціраваць трэба па-разумнаму. Для гэтага неабходна пастаянна праводзіць даследаванні па вывучэнні якасці адукацыі. Па сутнасці, уся палітыка ў сістэме адукацыі, усе рашэнні, якія ў ёй прымаюцца, павінны грунтавацца на выніках навуковых даследаванняў.
Выдаткі на адукацыю ў розных краінах вымяраюцца як доля ад ВУП. Як зрабіць так, каб выдаткі давалі высокую аддачу, каб ажыццяўляліся яны ў інтарэсах дзяцей? Падумаем спачатку, колькі людзей працуе ў сістэме адукацыі, як суадносіцца колькасць выхавальнікаў і выхаванцаў. У Беларусі паказчык суадносін паміж педагагічнымі работнікамі (выхавальнікамі, кіраўнікамі фізічнага выхавання, музычнымі кіраўнікамі) і дзецьмі ў групе складае 1:8. У Расіі ж на аднаго супрацоўніка прыходзіцца прыкладна 18 дзяцей. Зразумела, што палова гэтых людзей непасрэдна з дзецьмі не працуе, — скажам, работнікі кухні, тэхнічны персанал, медыкі. Ці можна павялічыць колькасць людзей, якія працуюць непасрэдна з дзецьмі, і разам з тым знізіць колькасць супрацоўнікаў, якія непасрэдна з дзецьмі не працуюць? Адно з рашэнняў, якое ўжо ўкараняецца ў шэрагу еўрапейскіх краін — перайсці на сеткавае кіраванне. З’явіцца менеджар, які будзе кіраваць не адной установай, а групай устаноў, вырашаць пытанні іх належнага функцыянавання, але ў педагагічны працэс умешвацца не будзе. Другі супрацоўнік, педагагічны лідар, зоймецца пытаннямі адукацыі і выхавання. Дзейнасць любога супрацоўніка дашкольнай установы неабходна зрабіць неад’емнай часткай адукацыйнага працэсу. Напрыклад, дзеці з вялікай цікавасцю могуць назіраць за работай кухара і імкнуцца па меры магчымасці дапамагчы яму (вылепіць з цеста пячэнне і г.д.)”.
Наступнае эфектыўнае рашэнне, якое таксама ўжо дзейнічае ў некаторых краінах, — пераход на падушавое фінансаванне з доступам да фінансавання прыватных правайдараў адукацыйных паслуг. Пры такім фінансаванні сродкі, якія выдзяляюцца на кожнае дзіця, вызначаюцца зыходзячы з кошту паслуг, якія ён атрымлівае. Падушавое фінансаванне для дашкольнай адукацыі — гэта магчымасць зрабіць дыверсіфікацыю сістэмы, а прыватныя правайдары пры гэтым атрымаюць доступ да дзяржаўных сродкаў. У выпадку, калі попыт па нейкіх прычынах немагчыма забяспечыць прапанаваннем, бацькі атрымліваюць у форме субсідый сродкі, якія яны могуць рэалізаваць у іншых установах адукацыі (правайдарах паслуг), нават прыватных. У Казахстане, напрыклад, такі падыход з поспехам рэалізоўваецца.
Адна з магчымых мер павышэння эфектыўнасці — дэрэгуляванне. Нагадаем, што рэгуляванне дзейнасці сістэмы дашкольнай адукацыі адбываецца пры ўзаемадзеянні прадстаўнікоў санітарна-эпідэміялагічнай службы, галіны будаўніцтва, спецыялістаў пажарнай бяспекі і прадстаўнікоў сістэмы адукацыі. На жаль, людзі, якія прадстаўляюць адпаведныя міністэрствы і ведамствы, вельмі рэдка сустракаюцца і размаўляюць адно з адным па пытаннях, якія тычацца інтарэсаў дзяцей.
У Казахстане было знойдзена выйсце: прэзідэнт падпісаў указ, які забараняе кантралюючым органам правяраць прыватныя дзіцячыя сады. Нагодай для праверкі можа стаць толькі тэлефанаванне бацькоў на гарачую лінію муніцыпалітэта. Што такое рашэнне дало? У прыватным сектары за некалькі гадоў з 2 да 20 працэнтаў вырас ахоп дзяцей дашкольнай адукацыяй. У Грузіі таксама дэрэгулявалі сістэму кантролю. Цяпер пажарная і санэпідэмслужба не дзейнічаюць праз праверкі і забароны, яны проста нясуць адказнасць, каб у дзіцячых садах была бяспека, яны дапамагаюць супрацоўнікам устаноў у гэтым.
Наступны аспект эфектыўнасці звязаны з будаўніцтвам. Даволі часта дзіцячыя сады ўзводзяцца па неэфектыўных праектах з вялікай колькасцю непатрэбных калідораў, куткоў, куды дзеці нават не заглядваюць. Іншы раз пры ўзвядзенні будынка не клапоцяцца і пра яго энергаэфектыўнасць.
“Праектаванне і будаўніцтва ў многіх краінах не заснавана на так званым падыходзе жыццёвага цыкла, — адзначыў Тыгран Шміс. — Урад ведае пра суму толькі першапачатковай інвестыцыі. Будучыя ж выдаткі, акупнасць аб’екта ніхто не падлічвае. Можа стацца і так, што дзіцячы сад, які сёння абышоўся краіне ў 2 разы даражэй, чым іншыя ўстановы, праз 30 гадоў будзе расходаваць у 5—10 разоў менш дзяржаўных сродкаў, чым будынак, які сёння пабудавалі ў 2 разы танней. Адбудзецца гэта за кошт эканоміі расходаў на электрычнасць і ацяпленне.
Адзін з праектаў, які тычыцца павышэння эфектыўнасці ў будаўніцтве, Сусветны банк рэалізоўваў у Расіі ў Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе. Гаворка ідзе пра дзіцячы сад плошчай 4700 кв. метраў, які пабудавалі для 220 дзяцей. Першапачаткова групавыя пакоі сада праектаваліся з разліку 2,5 метра на дзіця. Але спецыялісты перапраектавалі ўстанову, зараз актыўная прастора для дзяцей у групах складае 9 метраў на кожнага. Да таго ж у садзе пачалі выкарыстоўваць энергазберагальныя тэхналогіі.
Сучасны энергаэфектыўны дзіцячы сад будуецца зараз і ў Мінску на сродкі інвестара. У ім размесцяцца максімальна адкрытыя холы, прадумана гнуткая планіроўка”.

Вопыт Таджыкістана

Госці з Таджыкістана — дырэктар праграмы “Адукацыя і догляд у раннім узросце” адукацыйнага дэпартамента Дастамбуеў Назархудо і каардынатар гэтай праграмы Лола Бабоева — расказалі аб пілотным праекце па адкрыцці ў краіне цэнтраў развіцця дзіцяці на базе мясцовых супольнасцей, — там, дзе раней дзіцячых дашкольных устаноў не было і пра адукацыйныя паслугі гаварыць не даводзілася. Ініцыятыва зыходзіла ад інстытута “Адкрытага грамадства” краіны і ажыццяўлялася пры сумеснай фінансавай падтрымцы інстытута і Міністэрства адукацыі і навукі. На той момант (у 2004—2005 гадах), згодна з афіцыйнай статыстыкай, толькі 7 працэнтаў дзяцей Таджыкістана было ахоплена дашкольнай адукацыяй. У сталіцы краіны Душанбэ і сёння толькі 25 працэнтаў дзяцей наведваюць дзіцячыя сады.
“Было вырашана акцэнтаваць увагу не на павелічэнні працэнта наведвальнасці, а на пытаннях якасці адукацыі, далучыць да гэтага працэсу педагогаў і бацькоў, — расказаў Дастамбуеў Назархудо. — Пачалі работу ў гэтым кірунку і зразумелі, што ніхто — ні кіраўнікі адукацыі, ні педагогі, ні бацькі — не гатоў да гэтага. Не хапала педагогаў, якія маглі б ажыццяўляць задуманае, не праяўляла зацікаўленасці да вырашэння пытання мясцовае кіраўніцтва, установы адукацыі. Тым не менш з 2011 года пачалі адкрывацца цэнтры развіцця дзіцяці. Для рэалізацыі ідэі на базе дзіцячых садоў і школ былі адкрыты пілотныя ўстановы. Праграму па падрыхтоўцы дзяцей да школы распрацавалі пры падтрымцы Міжнароднай асацыяцыі “Крок за крокам”. Цэнтры развіцця дзіцяці забяспечылі мэбляй, цацкамі, усімі неабходнымі прыладамі. Для педагогаў (выхавальнікаў, настаўнікаў пачатковых класаў) праводзілі вучэбныя трэнінгі, давалі ім рэкамендацыі, метадычныя матэрыялы. У такіх цэнтрах змаглі ахапіць адукацыйнымі паслугамі самых розных дзяцей, у тым ліку і дзяцей з АПФР. Далучылі да гэтай дзейнасці бацькоў, для іх таксама праводзілі кансультацыі.
Зараз перад намі новая задача — ахапіць адукацыйнымі праграмамі і паслугамі дзяцей ад нараджэння да трох гадоў”.

Надзея ЦЕРАХАВА.