Ведаць сваё, паважаць іншае, каб падрыхтавацца да жыцця ў полікультурным асяроддзі
Мір ведаюць усе. Гэты населены пункт у Беларусі стаў месцам прыцягнення турыстаў амаль з усяго свету. І не толькі знакаміты замак гэтаму прычына. Мір мае славутую гісторыю, адна з рыс якой — полікультурнасць. На працягу стагоддзяў тут разам жылі прадстаўнікі шматлікіх нацыянальнасцей, носьбіты сваёй культуры, сваёй мовы і агульнай гісторыі. Гэтая гісторыя захоўваецца і ў старажытных мурах Мірскага замка, і ў сценах Мірскай сярэдняй школы.
Перш чым расказаць аб праекце “Укараненне мадэлі станаўлення полікультурнай кампетэнтнасці навучэнцаў у дзейнасць установы агульнай сярэдняй адукацыі”, які другі год рэалізоўваецца ў школе, мы папрасілі дырэктара Таццяну Ільінічну Шаплыка прадставіць установу адукацыі.Т.І.Шаплыка: “Наша ўстанова адукацыі мае сваю непаўторную гісторыю. Заснаваная ў 1848 годзе, яна шмат разоў мяняла сваю назву, мову навучання, пераходзіла ў розныя будынкі. Але нязменнымі заставаліся дух і традыцыі школы, працаздольны і творчы калектыў настаўнікаў і вучняў. І сёння 87% нашых настаўнікаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Аб асобаснай творчай ініцыятыве педагогаў сведчаць вынікі ўдзелу ў конкурсах і канферэнцыях рознага ўзроўню, правядзенне на базе школы рэспубліканскіх і абласных семінараў. У 2015 годзе на ХVI Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці вучнёўскай моладзі ў рамках святкавання Года моладзі і 70-годдзя Вялікай Перамогі работы педагогаў адзначаны дыпломамі I і II ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Артыкулы з вопыту работы настаўніцы матэматыкі Н.С.Троска апублікаваны ў зборніку Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Асоба. Адукацыя. Грамадства”, настаўніка фізікі М.С.Шаплыкі — у зборніку III Міжнароднай навукова-метадычнай канферэнцыі “Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі ў сістэме навуковага і вучэбнага эксперымента”. 6 настаўнікаў пачатковых класаў атрымалі сертыфікаты ўдзельнікаў IV Міжнароднага інтэрнэт-конкурсу “Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі ў творчасці настаўніка пачатковых класаў”.
Рэйтынг вучэбных дасягненняў нашых навучэнцаў стабільна высокі — 7,3 бала. У 2015 годзе ўпершыню ў раёне наш выпускнік Арсеній Мінін атрымаў на цэнтралізаваным тэсціраванні па матэматыцы 100-бальны вынік. У мінулым годзе 93% выпускнікоў сталі студэнтамі ВНУ, з іх 91% — бюджэтнай формы навучання. Трэці год у школе вядзецца вывучэнне асобных прадметаў на павышаным узроўні, а з гэтага навучальнага года арганізавана профільнае навучанне ў 10 класе па двух напрамках: матэматыка і руская мова, біялогія і беларуская мова”.
Такое прадстаўленне дае магчымасць уявіць, які патэнцыял мае навучальная ўстанова для рэалізацыі інавацыйных праектаў, бо ў 2014 годзе ў школе адкрыта інавацыйная пляцоўка Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь па полікультурнай адукацыі.
Праект “Укараненне мадэлі станаўлення полікультурнай кампетэнтнасці навучэнцаў у дзейнасць установы агульнай сярэдняй адукацыі” распрацаваны дырэктарам сярэдняй школы Міра Таццянай Ільінічнай Шаплыка і намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталляй Васільеўнай Квач. Навуковае суправаджэнне праекта ажыццяўляе Ірына Барысаўна Савелава, метадыст аддзела методык работы з адоранымі дзецьмі Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, даследчык у галіне педагагічных навук.
Рэалізацыя інавацыйнага праекта разлічана на 2014—2017 гады.Н.В.Квач: “Само пражыванне ў гарадскім пасёлку Мір стварае добрую глебу для вывучэння кодаў культуры, бо гэтае месца пакінула прыкметны след у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі і Беларусі. Рэалізацыя праекта дапаможа дзецям не страціць сваёй нацыянальнай самабытнасці, раскрыць глыбіню гістарычнага вопыту, беражлівых адносін да сваёй культуры, традыцый, а таксама выхаваць у навучэнцаў пачуццё павагі да ўнікальнасці і непаўторнасці свайго сацыякультурнага асяроддзя”.
Укараненне мадэлі “Полікультурная кампетэнтнасць” вядзецца ў Мірскай школе праз стварэнне і рэалізацыю некалькіх напрамкаў дзейнасці: засваенне ключавых кампетэнцый праз вывучэнне культурнай спадчыны роднага пасёлка, прадстаўленага ў школьным народным гісторыка-краязнаўчым музеі; засваенне прынцыпу полікультурнасці суб’ектамі адукацыйнага працэсу мовай мастацтва, тэатра, архітэктуры як спосабу інтэрпрэтацыі сваёй культурнай спадчыны; пошук напрамкаў стварэння ўласных духоўна-культурных практык на ўзроўні існуючых культурных кодаў пасёлка Мір: мясцовы фальклор, музычная спадчына, прыкладное ганчарнае мастацтва, “Мірская батлейка”, замкавы комплекс і гістарычная забудова пасёлка; фарміраванне механізмаў уваходжання ў сусветную культурную прастору з дапамогай удасканалення дзейнасці на міжнародным адукацыйным інтэрнэт-партале ePals.
Т.І.Шаплыка: “Галоўная каштоўнасць інавацыі — гэта актыўная далучанасць да яе рэалізацыі ўсіх навучэнцаў школы. Не толькі творчая група, не толькі класныя кіраўнікі і адміністрацыя, але і вучні ўсіх класаў адпаведна іх узросту і магчымасцям сталі галоўнай сілай праекта”.— У аснову інавацыйнага праекта ў якасці фундаментальных прынцыпаў закладзены талерантнасць, міралюбнасць і эмпатыйнасць, — дадае настаўнік гісторыі Валерый Іванавіч Брант. — На працягу стагоддзяў гісторыі беларусаў гэтыя паняцці былі неад’емнымі рысамі нашага менталітэту, галоўнай асаблівасцю, што вылучала нашу ідэнтычнасць як народа і нацыі.В.І.Брант: “Праект пачаўся з паглыбленага вывучэння нашай гістарычнай спадчыны. Калі і як з’яўляліся прадстаўнікі нацыянальных культур у нашым пасёлку? Чаму яны навучыліся ў нас, што перанялі ў іх мы? Гісторыя не можа стаяць на месцы, і ў ходзе першага этапу праекта ішоў працэс вывучэння не толькі культур, але і сучаснай этнічнай карціны. Вялікая ўвага ў інавацыйным праекце ўдзяляецца фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці, разуменню сваёй гісторыі, веданню сваіх каранёў. Без гэтага вельмі складана будзе зразумець і прыняць культуру іншых народаў, а ўжо тым больш будаваць з імі адносіны. Грамадзянскасць і патрыятызм павінны не толькі дэкларавацца, але і напаўняцца рэальнымі сэнсам і зместам”.
Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, які праводзіцца ў Гродне, стаў знакавай культурнай падзеяй краіны. А для гарадскога пасёлка Мір сапраўднай культурнай падзеяй стаў фестываль культур народаў, якія жылі і жывуць у Міры. Не толькі школьны калектыў, але і бацькі прынялі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні фестывалю. Кожны клас рыхтаваў да яго аповед пра гісторыю адной з дыяспар, нацыянальныя касцюмы, абрады, песні, танцы, стравы нацыянальнай кухні. Дзеці і іх бацькі правялі вялікую работу па падрыхтоўцы фестывальных намінацый. Актыўны ўдзел прынялі класныя кіраўнікі: яны былі рэжысёрамі і прадзюсарамі, пастаноўшчыкамі і арганізатарамі гэтага свята.Н.В.Квач: “Была прадстаўлена этнічная культура беларусаў, татар, цыганоў, рускіх, украінцаў, палякаў, армян, яўрэяў. На працягу двух тыдняў удзельнікі і гледачы мелі магчымасць пабываць у гасцях у суседзяў, паспрабаваць традыцыйныя стравы розных народаў (мамы, вядома, бліснулі кулінарнымі ўменнямі і веданнем рэцэптаў). На нацыянальных мовах гучалі песні і пажаданні ў выкананні вучняў і іх бацькоў. Нават “дарослы” танцавальны калектыў татаў і мам выйшаў на сцэну, каб падтрымаць “свой” клас! Яшчэ адна істотная ўмова: у выступленні ўдзельнічаюць усе вучні класа. Хай не кожны выйдзе на сцэну — па-трэбны і “грымёры”, і “голас за кадрам”, але абыякавых быць не павінна”.
В.І.Брант: “Вельмі пераканаўча глядзеліся рускія з 9 “А”, цыганскі табар у прадстаўленні 8 класа, сямікласнікі ў ролі гасцінных татар, а два вяселлі — яўрэй-скае і беларуска-ўкраінскае ў версіі 10 і 11 класаў — выклікалі самую сапраўдную авацыю”.
Т.І.Шаплыка: “Ужо ёсць новыя ідэі, новыя задумкі. Напрыклад, “прынесці” наш фестываль у школы раёна ці арганізаваць Мірскі кірмаш… Час пакажа, бо ўкараняльны этап інавацыйнага праекта якраз і прадугледжвае фарміраванне ў вучняў паважлівага стаўлення да культур іншых народаў і ўспрымання іх як складнікаў сусветнай культурнай спадчыны. Мы — школа, а гэта значыць, вучымся самі і вучым сваім прыкладам іншых”.
Адно з апошніх мерапрыемстваў, якое было праведзена ў школе у рамках праекта ўжо ў гэтым годзе, прэзентацыя работ вучняў 5—11 класаў “Сямейныя традыцыі краін свету”. Былі прадстаўлены нацыянальныя асаблівасці сямейнага ўкладу рускіх, немцаў, японцаў, шатландцаў, італьянцаў. Гэта дазволіла пашырыць уяўленні вучняў аб шматграннасці сямейных каштоўнасцей і іх разнастайнасці, умацаваць пазітыўнае стаўленне да адрозненняў, узаемасувязі розных культур.
У сярэдняй школе Міра лічаць, што рэалізацыя праекта “Укараненне мадэлі станаўлення полікультурнай кампетэнтнасці навучэнцаў у дзейнасць установы агульнай сярэдняй адукацыі” можа стаць рэсурсам развіцця адукацыйнай практыкі і выхавання сапраўднага грамадзяніна. Рэалізацыя яго дазволіць усім удзельнікам адукацыйнага працэсу больш глыбока і дасканала азнаёміцца з нацыянальнай культурай як умовай інтэграцыі ў іншыя культуры, паспрыяе фарміраванню кампетэнцый эфектыўнага ўзаемадзеяння з прадстаўнікамі іншых культур, уменню крытычна разважаць, падрыхтоўцы да жыцця ў полікультурным асяроддзі.
Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.