Аляксей СКРЫПНІК: “Музыку немагчыма апісаць. Яе трэба адчуваць…”

- 15:59Культура

3 сакавіка ў сталічнай канцэртнай зале “Верхні горад” адбудзецца аўтарскі канцэрт вядомага гітарыста-віртуоза, кампазітара, паэта і выканаўцы, лаўрэата шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, дыпламанта спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, сябра Беларускага саюза музычных дзеячаў Аляксея Скрыпніка “Прысвячэнне…”. Гэта трэці творчы праект аўтара, які ўпершыню прагучаў на сцэне Рэспубліканскага палаца прафсаюзаў у 2010 годзе, а ў наступныя гады прадстаўляўся ў абласных філармоніях, у Санкт-Пецярбургу. І хоць потым быў чацвёрты праект “Агонь сэрца”, сёння ўжо фактычна гатовы для прэзентацыі і пяты — “Іспанская фантазія”, “Прысвячэнне…” для Аляксея Скрыпніка, бадай, самы дарагі. Бо яго “Прысвячэнне…” — гэта аўтарскае прысвячэнне роднай зямлі, музе, любімай гітары, а таксама, безумоўна, усім тым людзям, вялікім майстрам, якія кожны па-свойму пакінуў важны след у яго душы. А наогул, усё тое, што робіць Аляксей Скрыпнік: стварае музыку, піша рамансавыя тэксты, дэманструе віртуозную тэхніку ігры на гітары, асабліва што тычыцца стылю фламенка-ф’южн, — гэта амаль ніхто ці, прынамсі, вельмі мала хто робіць у нас у адной асобе. І таму мы павінны ведаць сваіх герояў.
Напярэдадні канцэрта “Прысвячэнне…” наш карэспандэнт пагутарыў з выканаўцам. Фактычна прадметам гутаркі сталі настаўнікі ў жыцці Аляксея.

— Аляксей, каго вы лічыце найпершым сваім настаўнікам?
— Гасподзь дае ўсім жыццё, ён і першы настаўнік. А на грэшнай зямлі, на якой мы жывём, гэта, безумоўна, мая мама — прафесійны музыкант, а сёння мой прадзюсар Ірына Аляксееўна Скрыпнік, якая дала мне духоўнасць, дала мне магчымасць стаць тым, кім я ёсць. Так атрымалася, што нарадзіўся я ў Мінску, але ўжо з другога месяца свайго жыцця і наступныя чатыры гады я з бацькамі жыў у Санкт-Пецярбургу. Наша кватэра размяшчалася ў вядомым доме па вуліцы Пушкінскай, былой гасцініцы “Пале Раяль”, дзе ў свой час падоўгу жылі Шаляпін і многія іншыя творчыя знакамітасці. Мама гуляла са мной маленькім па Пушкінскай, па Неўскім праспекце… Натуральна, двух-, трохгадовым дзіцём, гледзячы на адзін з першых помнікаў Аляксандра Сяргеевіча ці на Эрмітаж, блукаючы па Эрмітажы разам з мамай, я яшчэ не мог усведамляць, што гэта — Пушкін, а вось гэта — Эрмітаж. Але ж сэрца ўсё адчувала, душа падсвядома ўбірала ў сябе тую культуру, традыцыі. Такое бясследна не праходзіць. Нейкая частка мяне назаўсёды засталася там, у Піцеры. А з чатырох з нечым гадоў я жыву ўжо ў Мінску. На пятым годзе перанёс грып, які выклікаў ускладненні, і ўрачы настойліва сказалі бацькам, што піцерскі клімат не для мяне. Прычым першыя паўтара года мама з татам заставаліся яшчэ ў Пецярбургу, а я рос на руках маіх дзядулі і бабулі па маме. Асобнае слова хочацца сказаць пра дзядулю Аляксея Сцяпанавіча Крушынскага (Аляксей Сцяпанавіч Крушынскі — першы галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты”.М.Ч.) — неверагодна добрага, шчырага, душэўнага і вельмі сціплага чалавека, які быў для мяне як быццам анёлам і… таксама маім першым духоўным настаўнікам. Ён вучыў мяне слову, мае сачыненні ў школе былі самымі лепшымі дзякуючы яму. І не толькі слову.

— У якой школе вы вучыліся?
— Спачатку ў 13-й, а потым у 163-й у спецыяльным архітэктурна-мастацкім класе. Недзе з 9 класа я пачаў браць урокі ў народнага мастака Беларусі Леаніда Дзмітрыевіча Шчамялёва, як ён сам любіў жартам гаварыць, дзяліў з ім яго творчую майстэрню. І ў працяг гутаркі пра сваіх настаўнікаў хацеў бы тут жа заўважыць, што Леанід Дзмітрыевіч — таксама мой духоўны настаўнік, унікальны чалавек. Я ніколі не забуду яго мастацкія і жыццёвыя ўрокі, а найперш вось такі пасыл: “Ты павінен забыць усё, каб пачаць нанава вучыцца”. Ведаеце, ёсць такая прытча. Прыходзіць вучань да настаўніка і кажа яму: “Я вельмі хачу навучыцца вось гэтаму, вось гэтаму, вось гэтаму…” А настаўнік яму адказвае: “Як жа я магу ў цябе ўкласці веды, калі ты ўжо так шмат ведаеш”. І налівае чай у кубак. Лье, лье, пакуль чай не пачынае пералівацца праз край. І настаўнік гаворыць: “Калі твой кубак будзе пусты, тады я змагу ў цябе ўкласці веды, якія будуць праўдзівымі ведамі”. Дык вось, прыблізна пра гэта мне казаў і Леанід Шчамялёў. І, папраўдзе, яго ўрокі не прайшлі дарэмна. У мяне былі поспехі ў жывапісе, скульптуры, графіцы… Многія работы, якія паехалі ў Маскву, былі адзначаны на розных конкурсах, ды так адтуль і не вярнуліся.

— Значыць, усё складвалася так, што вам свяціла дарога ў мастацтва, а не ў музыку?
— У прынцыпе, так. Але музыка ўвесь час жыла ўва мне… Яшчэ, мабыць, з трох гадоў, калі спяваў увесь рэпертуар Алы Пугачовай. У дашкольным ці малодшым школьным узросце была дзіцячая гітарка, на якой з радасцю трэнькаў. А вось нейкая сапраўдная ўспышка, адкрыццё, звязанае з музыкай, здарылася, калі я вучыўся, можа, у 7 ці 8 класе. Неяк мой дзядуля найграў мне на фартэпіяна якісьці вальс, які памятаў яшчэ з ваенных гадоў. Пасля яго я сам сеў за фано, націснуў першую клавішу, другую — гэта быў нейкі цуд, як любіць успамінаць мая мама! — я пачаў іграць той жа вальс у сваёй “аранжыроўцы”. Гэта потым ужо я пазнаёміўся з методыкай вядомага музыканта-метадыста Генадзя Паўлавіча Кагановіча, які ставіў карціну і гаварыў: “Сыграй!” А тады, па сутнасці, яшчэ дзіцём я інтуітыўна прыйшоў да гэтага, да імправізацыі, да магчымасці з нуля, з адной ноты стварыць цэлую карціну свайго свету. Рукі самі тады пачалі іграць.
Мама, безумоўна, не магла абысці ўвагай тую “музыку ўва мне”. У старшых класах я пачаў браць урокі ігры на класічнай — шасціструннай, іспанскай — гітары ў Валерыя Уладзіміравіча Громава, вучні якога лічацца лепшымі ў свеце. Менавіта Валерый Уладзіміравіч навучыў мяне інструменту, а таксама перадаў мне ўнікальны метадычны матэрыял па іспанскіх тэхналогіях ігры на гітары, па вытоках фламенка. З Валерыем Громавым я і сёння ў вельмі добрых творчых адносінах. Ён мой найпершы настаўнік у музыцы. А ў сваю чаргу цудоўны педагог-тэарэтык Ангеліна Аляксееўна Зарубіна яшчэ да паступлення ва ўніверсітэт культуры і мастацтваў дала мне веды па тэорыі музыкі. І, дарэчы, дзякуючы Зарубінай у маім жыцці здарылася адна з першых цудоўных сустрэч з самой Вялікасцю Гітарай. Яна, уся ў перламутры, вісела ў яе дома на сцяне. Гэта была гітара 1802 года, перададзеная Ангеліне Аляксееўне яе дзедам, які кіраваў аркестрам яшчэ да рэвалюцыі. Пазней, на маё 30-годдзе, гэтая гітара, якой я нават прысвяціў раманс, перакачуе да мяне, у маю калекцыю гітар…

— Яна ў вас вялікая?
— 7 гітар.

— Ёсць сярод іх асабліва дарагая, акрамя, натуральна, гэтай, 1802 года?
— Ужо калі я вучыўся ва ўніверсітэце, Валерый Громаў неяк сказаў мне: “Пара ўжо табе, брат, займець свой прафесійны інструмент, пад твае пальцы”. І такі інструмент, менавіта пад мае пальцы, мне сапраўды зрабіў майстар Пётр Васільевіч Чайкоў. У гэтай гітары арфавы гук, бо зроблена яна з клёну, які рос каля касцёла на Браслаўшчыне. Той клён літаральна ўпіраўся ў фундамент храма, штодня ўсмоктваў у сябе звон і малітвы… Мы набылі тую гітару за немалыя грошы, а потым, дарэчы, у нас захацеў яе выкупіць адзін швейцарац, прадстаўнік ААН у Беларусі, для сваёй дачкі. Ён шукаў англамоўнага чалавека, які мог бы выкладаць фламенка на англійскай мове. І выйшаў на мяне. А ў мяне і ўбачыў гэтую гітару з Браслаўшчыны.

— А вы ведаеце дасканала англійскую? Адкуль?
— Найперш дзякуючы майму бацьку Валянціну Іванавічу. З 1961 па 1964 год у групе савецкіх войск у Германіі ён служыў спачатку ў Патсдаме, а потым на мяжы ўсходняга і заходняга Берліна, дзе службу неслі таксама англічане і амерыканцы. Такім чынам яму даводзілася вывучаць на практыцы англійскую мову, менавіта размоўную анлійскую, а не тую, якой вучылі ў савецкіх школах. Потым ён вучыў той англійскай мове і мяне, гэта быў пастаянны трэнінг і кантроль. І, безумоўна, мая англійская адрознівалася ад англійскай маіх аднакласнікаў. Яе мне потым хапіла, каб вучыць ігры на гітары дачку швейцарскага прадстаўніка ААН у Беларусі дый наогул каб кантактаваць з замежнікамі.

— Дарэчы, якія з замежных гастролей вам памятаецца найбольш?
— Гэта, мабыць, паездка ў 2000 годзе ў складзе вялікага творчага калектыву ад Беларусі на Сусветны фестываль Eisteddfod у горад Леанголен (Паўночны Уэльс). Тады разам з хорам “Крынічанька” мы бліскуча выступілі, сталі лаўрэатамі 2-й прэміі, а ўсяго ў фестывалі прымалі ўдзел 48 краін. Там жа, у Леанголене, я прэзентаваў свой першы творчы праект — “Давай пагаворым”, альбом, запісаны арганізаванай мной камернай групай “Анталекс”. Нас, дарэчы, здымала тады кампанія BBC. А пасля ў нас было адмысловае музычнае падарожа з канцэртамі па ўсёй Англіі, Германіі, Бельгіі, Польшчы. Асабліва запомнілася наведванне Ліверпуля: там мы выступалі ў адным з ліверпульскіх храмаў, дзе мне давялося даваць майстар-клас па фламенка навучэнцам адной з ліверпульскіх музычных школ. І, безумоўна, мы не маглі не патрапіць у музей “Бітлз”. Я ўбачыў там гітары Джона Ленана, Пола Макартні — сэрца маё тады трымцела, здаецца, як ніколі. Выйшаўшы з музея, я міжволі сеў на парозе, расчахліў сваю гітару (тую, дарэчы, якую змайстраваў Пётр Васільевіч Чайкоў) і пачаў іграць сваіх любімых “Бітлоў”. Нават не заўважыў, як да мяне падышоў паліцэйскі і вельмі незадаволена папрасіў знікнуць. Ён проста падумаў, што я збіраю грошы. А мяне перапаўняла бітлоўская музыка… Ну, я тады яму растлумачыў, што прыехаў у Англію ў складзе беларускай дэлегацыі, а да гэтага быў на фестывалі ва Уэльсе, а зайграў проста таму, што вельмі расчуліўся ўбачаным у музеі — сам прафесійны гітарыст. Ён урэшце ўсё зразумеў і ўсміхнуўся.

— Але ж, мне здаецца, “Бітлз” неяк не выпадае называць віртуозамі ў гітарнай музыцы. Яны былі геніяльнымі ў іншым — у тым, што стварылі свой стыль, у тым, што выказалі музыкай настроі ўсяго свайго пакалення…
— Правільна! Я ж не кажу ў гэтым выпадку пра віртуознасць гітарыстаў, хаця і гэта ў сваім стылі ў іх было на найвышэйшым узроўні… Ад іх жа і пайшла электрагітара. Але я кажу наогул пра тое, як музыка можа ўплываць на чалавека. Мой любімы кампазітар — Іаган Себасцьян Бах. Пачынаеш іграць яго — і разумееш, што гармонія, у якой ён пісаў, Боская. Слухаеш “Бітлз” — і разумееш, што яны як гаварылі ўніверсальнай мовай усяго свету, так і гавораць сёння, і гэта гучыць па-боску. Слухаеш Уладзіміра Мулявіна, гэтага расіяніна, які стаў большым беларусам, чым большасць саміх беларусаў, — і разумееш, што гэта “пясняр” ад Бога. Музыку немагчыма апісаць. Яе нават не памацаеш, як, скажам, тую ж скульптуру. Яе трэба адчуваць. Такое, прынамсі, маё ўяўленне пра музыку.
А пра Уладзіміра Мулявіна, якога, дарэчы, я таксама лічу сваім духоўным настаўнікам, не магу не згадаць наступную вельмі дарагую для мяне гісторыю. З Уладзімірам Георгіевічам мне давялося пазнаёміцца ў яго на дачы дзякуючы маёй цётцы Людміле Аляксееўне Крушынскай і дзядзьку Барысу Аляксеевічу Крэпаку, якія вельмі сябравалі з сям’ёй Мулявіных. Я быў тады студэнтам, сыграў на сваёй гітары Уладзіміру Георгіевічу некалькі ўласных твораў. Ён вельмі хораша адазваўся, сказаў нешта накшталт “Гэтага хлопчыка пацалаваў у лоб Гасподзь”. І даў мне параду, якую я запомніў на ўсё жыццё: “Толькі не зламайся. Застанься сабой. Не капіруй нікога”. А потым нехта сказаў Мулявіну, маўляў, Валодзя, а ты дай яму паіграць на сваёй гітары. Але той адразу ж адмовіў. Я тады выдатна зразумеў чаму: нельга гітару даваць у рукі іншаму чалавеку, бо тая будзе раўнаваць. Яна жывая істота.
Але лёс склаўся так, што гітара Уладзіміра Георгіевіча, яго любімая амерыканская гітара фірмы Gibson, пасля яго смерці ўсё ж пабыла ў маіх руках. Гэта здарылася на канцэрце “Благаслаўленне зямлі” ў Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі. У праграму таго канцэрта я ўключыў раманс-прысвячэнне майстру, і яго дачка Марына Уладзіміраўна прапанавала мне сыграць гэты твор на яго гітары. Так, сёння я адзіны, хто іграў на гітары Мулявіна, акрамя яго самога.

— Аляксей, вы шмат мне расказалі пра сваіх настаўнікаў. Але ведаю, што і самі выкладалі пасля ўніверсітэта — у 11-й музычнай школе, у 8-й гімназіі. Праўда, нідзе надта доўга не затрымаліся…
— Сітуацыя ў гітарных класах нашых музычных школ не вельмі радуе, бо да гэтага часу ў рамках планаў там належыць выкладаць па састарэлых савецкіх методыках 60-х гадоў. Але ж заходнееўрапейскія методыкі, у прыватнасці іспанскія, значна вышэйшыя па класе. І наогул, чаму б не вярнуцца да вытокаў гітары, да іспанскай гітары, якая і ёсць самая сапраўдная гітара. Мы ж проста не можам нешта прыдумляць, калі ўсё геніяльнае ўжо прыдумана бацькам акадэмічнай гітары Андрэсам Сеговія. А ў 8-й гімназіі я сапраўды ў свой час упершыню ў Беларусі стварыў клас іспанскай гітары, і, што цікава, дзеці ўжо ў 1 класе дастаткова віртуозна ігралі складаныя творы. Выкладчыцкую дзей-насць там я мусіў спыніць проста таму, што мяне фізічна не хапала на ўсё — уласную творчасць, працу ў студыі і настаўніцтва. У мяне многа канцэртаў — вялікіх і малых. Але выкладчыцкія навыкі не губляю, даю прыватныя ўрокі, да мяне ходзіць многа дзяцей з той жа 8-й гімназіі.
А як творцу сёння мяне найбольш натхняе стыль фламенка-ф’южн, вечна актуальны Андрэс Сеговія, Іспанія, у якой я ніколі не быў, але ведаю, што пабываю, бо падказвае музыка ўнутры. І, безумоўна, родная Беларусь, у якой і дзеля якой, урэшце, усё і робіш.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота з асабістага архіва Аляксея СКРЫПНІКА.