Шанс для Максіма

- 12:56Спецыяльная адукацыя

Людзям з дыягназам “аўтызм” цяжка знайсці справу па душы, а тым больш прафесію. Але некаторым гэта ўсё ж удаецца. Звычайна аўтызм суправаджаецца парушэннямі маўлення і маторыкі, нежаданнем і няўменнем уступаць у зносіны з іншымі людзьмі. Далёка не заўсёды аўтызм падразумявае разумовую адсталасць, наадварот, у некаторых людзей з аўтызмам выдатныя здольнасці па авалоданні матэматыкай, праграмаваннем і іншымі навукамі.
Сённяшні мой аповед пра Максіма Самасюка — юнака з аўтызмам, які жыве ў Гродне. Нягледзячы на свой няпросты дыягназ, ён атрымлівае прафесію бібліятэкара.

“Максім рос вельмі жвавым хлопчыкам, — узгадвае яго мама Алена Сямёнаўна Самасюк. — У самыя першыя яго гады пачала заўважаць, што ён амаль не адчувае стомленасці, нягледзячы на тое, што ўвесь дзень рухаецца, ні хвіліны не сядзіць на месцы. Калі Максіму споўнілася тры гады, мы, бацькі, пачалі непакоіцца: чаму яго гіперактыўнасць не праходзіць? Звярнуліся з гэтым пытаннем да спецыялістаў ЦКРНіР Гродна, якія абследавалі Максіма, але нічога незвычайнага ў яго паводзінах не заўважылі, адзначылі, што ён проста актыўны хлопчык.
У два гады сын ужо добра ведаў алфавіт, рана навучыўся размаўляць, чытаць і пісаць. Любімымі яго цацкамі з першых гадоў былі не машынкі і пісталецікі, як у многіх хлопчыкаў, а кнігі. Ён любіў іх разглядаць, гартаць, чытаць. Яму падабалася маляваць. У дзіцячы сад пайшоў позна, у 5 гадоў. У калектыве аднагодкаў адчуваў сябе няўтульна, гуляў адзін, з дзецьмі амаль не кантактаваў. Выхавальнікі займаліся з ім індывідуальна. Перад школай Максіма зноў абследавалі спецыялісты і адзначылі, што ў яго ёсць цяжкасці пры наладжванні зносін з іншымі людзьмі, што яго веды аб навакольным асяроддзі абмежаваныя. Маё ж меркаванне такое: кругагляд Максіма быў такім жа, як і ў звычайных дзяцей, проста ён не ўмеў праяўляць свае веды, і ў многіх людзей складвалася няправільнае ўяўленне аб ім. Сапраўды, сын паводзіць сябе своеасабліва, нават дзіўнавата, манера зносін з іншымі людзьмі ў яго незвычайная, нязвыклая для многіх. Ён размаўляе і раскрываецца толькі перад тым, каму верыць, хто яму падабаецца”.
У першым класе ў ЦКРНіР Максім вельмі добра сябе зарэкамендаваў. Асвоіў усё, што было неабходна па праграме, і нават больш. Далей хлопчыка магло чакаць навучанне ў дапаможнай школе: у 2003 годзе дзяцей з аўтызмам у агульнаадукацыйныя ўстановы не прымалі. Падтрымала і станоўча паўплывала на далейшы лёс Максіма псіхіятр ЦКРНіР Мая Сяргееўна Вінакурава. Яна сказала: “Давайце дадзім шанс Максіму”, — і парэкамендавала перавесці дзіця ў 2 класе на надомнае навучанне. Да хлопчыка пачалі хадзіць настаўнікі сярэдняй школы № 32 Гродна.
Што больш за ўсё ўразіла настаўніцу пачатковых класаў у Максіме? Хлопчык літаральна з ног на галаву паставіў методыку, якой яна карысталася. Ён навучыў настаўніцу вучыць яго па-іншаму, і такое навучанне аказалася больш эфектыўным. Максім навучыў яе цярплівасці і далікатнасці ў зносінах, пунктуальнасці. Усе настаўнікі заўсёды адзначалі каліграфічны почырк Максіма і прыроджаную пісьменнасць — не ведаючы правіл, ён піша без памылак. У хлопчыка выдатная памяць, добрая дыкцыя, умелыя рукі.
У той жа час у адрас Максіма з-за яго няпростых, своеасаблівых паводзін з вуснаў урачоў гучалі розныя негатыўныя фармулёўкі. Яго паводзіны называлі дэзынтэграцыйнымі, нават ставілі дыягназ “шызафрэнія”. Максім знаходзіўся на ўліку ў неўрапатолага. І толькі ў 10 гадоў у Мінску яму нарэшце паставілі адэкватны дыягназ — сіндром Аспергера, што прынцыпова змяніла жыццё хлопчыка, бо з такім парушэннем Максіму паказана перш за ўсё псіхолага-педагагічная карэкцыя, а не медыкаментознае лячэнне.

* * *

Сярэдні бал атэстата Максіма пры заканчэнні школы — 8,7. Зараз яму 19 гадоў. Афіцыйна ў нашай краіне асобам пасля 18 гадоў не выстаўляецца дыягназ “аўтызм”, яго замяняюць іншымі фармулёўкамі. У медыцынскай карце Максіма запіс “арганічнае пашкоджанне галаўнога мозгу”, што, на жаль, значна абмяжоўвае спектр магчымых спецыяльнасцей пры выбары прафесіі. У рэгіянальным цэнтры тэсціравання і даўніверсітэцкай падрыхтоўкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, куды звярнуліся Алена Сямёнаўна Самасюк з Максімам, яму парэкамендавалі прайсці навучанне на падрыхтоўчым аддзяленні. Начальнік цэнтра Лілія Іванаўна Баброўнік сказала: “Калі не паступіце нікуды, прыходзьце да нас на гістарычны факультэт”. Юнак паспяхова прайшоў усе тэсты, якія дапамагаюць абітурыентам вызначыцца з будучай сферай дзейнасці. Больш за ўсё яму падыходзіць работа ў архіве, з кнігамі, дзе ён можа засяродзіцца, яму патрэбны цішыня і маленькі калектыў, памяшканне, дзе адсутнічаюць яркае святло і рэзкія гукі.

Сіндром Аспергера — адно з пяці агульных парушэнняў развіцця, якое характарызуецца сур’ёзнымі цяжкасцямі ў сацыяльным узаемадзеянні, а таксама абмежаваным, стэрэатыпным, паўтаральным рэпертуарам інтарэсаў і заняткаў. Ад аўтызму ён адрозніваецца тым, што маўленчыя і кагнітыўныя здольнасці ў цэлым застаюцца захоўнымі. Сіндром часта характарызуецца таксама выяўленай нязграбнасцю.
Стан большасці дзяцей паляпшаецца па меры сталення, але сацыяльныя і камунікатыўныя праблемы могуць застацца. Некаторыя даследчыкі і асобы з сіндромам Аспергера лічаць правільным разглядаць гэты сіндром як адрозненне, а не інваліднасць, якую трэба лячыць.
Лекаў, якія непасрэдна лечаць цэнтральныя сімптомы сіндрому Аспергера, няма. Даследаванні эфектыўнасці лекавага лячэння сіндрому абмежаваныя, але пры гэтым важна дыягнаставаць і лячыць спадарожныя захворванні.
Лячэнне сіндрому Аспергера накіравана на змякчэнне сімптомаў, якія зніжаюць якасць жыцця, і навучанне дзіцяці або дарослага тым сацыяльным, камунікатыўным і маўленчым навыкам, якія адпавядаюць яго ўзросту і якія яно не зможа набыць самастойна. Лячэнне павінна быць у высокай ступені індывідуалізаваным і грунтавацца на мультыдысцыплінарнай ацэнцы.

А паступіў Максім на завочнае аддзяленне Магілёўскага бібліятэчнага каледжа на спецыяльнасць “Бібліятэказнаўства і бібліяграфія” па кірунку “Аўтаматызаваныя бібліятэчныя і інфармацыйныя сістэмы”. Два разы на год ён прыязджае ў Магілёў на сесію разам з мамай ці братам. Суправаджэнне блізкіх людзей яму пакуль неабходна. Экзамены здае добра. Любімы прадмет юнака — літаратура, ён дасканала асвоіў камп’ютар. Хутка — вучэбная практыка, і Максім зможа праявіць сябе ў прафесіі бібліятэкара.
“Дзякуючы такой сацыялізацыі, праблем са зносінамі ў Максіма становіцца ўсё менш, — лічыць мама. — Ён самастойна перамяшчаецца па Гродне, ходзіць у магазіны. Толькі яму неабходна дакладна акрэсліць мэту яго выхаду з дома, расказаць аб маршруце, якім лепш ісці. Сын бяскрыўдны і неканфліктны. Толькі, на жаль, яго лёгка могуць пакрыўдзіць іншыя людзі. Пасля некалькіх непрыемных гісторый, у якія трапляў Максім, быў цяжкі перыяд недаверу да ўсіх людзей. Толькі праз нейкі час ён зноў стаў давяраць людзям, палюбіў навакольны свет. Гэтаму паспрыяла наведванне праваслаўнага храма, дзе Максім вучыўся кантактаваць з людзьмі, адчуў сябе патрэбным. Яму там камфортна, да яго адносяцца як да роўнага, ніхто ні разу не зняважыў, не пасмяяўся з яго. Сын захапляецца духоўнай музыкай, у храме яму даверылі чытанне акафістаў, якія ён старанна завучыў на памяць. Ён з радасцю дапамагае святару па царкоўных справах.
Калі б Максім проста знаходзіўся дома, не вучыўся ў каледжы, не наведваў храм, ніякіх змен у яго светаўспрыманні не адбылося б, такая сітуацыя паступова прывяла б да дэградацыі. Я разумею, што поўнасцю праблемы з камунікатыўнасцю ў майго сына не знікнуць, яму заўсёды будзе няпроста ў соцыуме, які ўвесь час мяняецца і патрабуе хуткай адаптацыі. Мы спадзяёмся, што Максім зможа рэалізаваць сябе ў жыцці і ў прафесіі. Усёй нашай вялікай і дружнай сям’ёй (у Максіма ёсць яшчэ два браты) марым нават аб тым, каб зняць інваліднасць. Для гэтага летам бягучага года мы з сынам паедзем ў Мінск за пераглядам і ўдакладненнем дыягназу Максіма”.

Надзея ЦЕРАХАВА.