Маладыя, таленавітыя, перспектыўныя

- 10:19Адукацыйная прастора

Лепшыя юныя гісторыкі і грамадазнаўцы краіны сабраліся ў Гродне. Тут прайшоў заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Сусветная гісторыя”, “Гісторыя Беларусі” і “Грамадазнаўства”. Пачалася алімпіяда з урачыстага адкрыцця ў Палацы творчасці дзяцей і моладзі.

Вітаючы ўдзельнікаў алімпіяды, кансультант упраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь кандыдат гістарычных навук Надзея Мікалаеўна Ганушчанка адзначыла: “Гродна — горад-гісторыя. Таму вельмі сімвалічна, што заключны этап алімпіяды пройдзе менавіта ў старажытным горадзе над Нёманам”. Начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Генрыхавіч Сонгін, гісторык па адукацыі, пажадаў усім поспехаў, справіцца з хваляваннем і атрымаць цікавыя ўражанні ад знаходжання ў Гродне.
На наступны дзень пачаліся алімпіядныя туры, у якіх удзельнічалі каманды з усіх абласцей, Мінска і Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта: 77 чалавек прынялі ўдзел у алімпіядзе па гісторыі і 79 — па грамадазнаўстве. Першы тур заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Сусветная гісторыя” і “Гісторыя Беларусі” прадугледжваў выкананне пісьмовых заданняў. Першы этап другога тура — тэсціраванне, другі этап — мультымедыйны тэст. Алімпіяда па гэтых прадметах праходзіла ў Гродзенскім дзяржаўным прафесійным ліцэі будаўнікоў № 1 і ў гімназіі № 1 імя Я.Карскага.
Удзельнікі алімпіяды па грамадазнаўстве працавалі ў Гродзенскім дзяржаўным прафесійным тэхналагічным каледжы. Першы тур па прадмеце праходзіў у выглядзе пісьмовага задання, другі тур — у выглядзе тэсціравання.
Дырэктар ліцэя будаўнікоў № 1 Алена Іванаўна Жалезняковіч сказала, што ў ліцэі і каледжы стараліся стварыць юным гісторыкам і грамадазнаўцам самыя спрыяльныя ўмовы для пражывання, падрыхтоўкі і правядзення алімпіядных тураў: яны маглі працаваць у бібліятэцы, а таксама карыстацца спартыўнай залай, відэасалонам.
Своеасаблівым урокам пасля ўрокаў сталі сустрэчы членаў журы з алімпіяднікамі і настаўнікамі, кіраўнікамі каманд, дзе аналізаваліся і разбіраліся заданні, якія выконваліся на заключным этапе. Члены журы вельмі дакладна і падрабязна каменціравалі кожны пункт. Было відаць, як хваляваліся школьнікі. Старшыня журы заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі, намеснік дэкана гістарычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Андрэй Аркадзьевіч Прохараў сказаў, што было вельмі шмат добрых адказаў. Узровень падрыхтоўкі задаволіў членаў журы. І нават падчас разбору заданняў, калі алімпіяда ўжо скончылася, многія штосьці старанна запісвалі ў сшытках.
Час напружанай работы спалучаўся з адпачынкам. Для ўдзельнікаў алімпіяд была падрыхтавана экскурсійная праграма. Яны пабывалі на спектаклі ў абласным драматычным тэатры, азнаёміліся з гістарычнымі і архітэктурнымі помнікамі Гродна, наведалі Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Там ім паказалі мастацкую галерэю Universum і галерэю прафесараў, а студэнты прадставілі свой універсітэт праз серыю скетч-шоу STUДЗЕНЬ, які выпускаюць будучыя журналісты.
Увесь тыдзень быў вельмі напружаным, аднак самым хвалюючым і ўрачыстым момантам стала цырымонія ўзнагароджання. На мультымедыйным экране ўдзельнікі алімпіяды ўбачылі фотасправаздачу — своеасаблівы дзённік алімпіяднага тыдня.
Пераможцаў і дыпламантаў павіншавалі старшыня журы Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі Андрэй Аркадзьевіч Прохараў і намеснік дэкана юрыдычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт Андрэй Віктаравіч Шыдлоўскі, які ўзначальваў журы алімпіяды па грамадазнаўстве. Дыпломамі I ступені сярод гісторыкаў былі адзначаны Максім Сямёнаў (сярэдняя школа № 4 Салігорска Мінскай вобласці), Аляксандр Паршанкоў (сярэдняя школа № 8 Гомеля), Алена Рахоўская (сярэдняя школа № 7 Наваполацка Віцебскай вобласці). Яшчэ тры пераможцы прадстаўлялі Ліцэй БДУ: Багдан Іодчык, Уладзіслаў Пупшыновіч і Юрый Тамковіч.
Лепшымі знаўцамі грамадазнаўства сталі прадстаўнікі гімназій і ліцэяў: Настасся Ібрагімава з гімназіі № 12 Мінска, Вікторыя Сідаровіч з гімназіі № 1 Астраўца Гродзенскай вобласці, Аляксандра Ляшук з гімназіі № 58 імя Ф.Гааза Гомеля, Лізавета Сідарцова з Ліцэя БДУ, Марына Лосева з гімназіі № 33 Мінска, Надзея Сівец з гімназіі № 1 Мастоў Гродзенскай вобласці і прадстаўніца Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Людміла Ясінская.
Аляксандр Генрыхавіч Сонгін уручыў спецыяльныя прызы ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама навучэнцу сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска Гродзенскай вобласці Станіславу Якубюку, дыпламанту ІІ ступені Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі, і навучэнцы гімназіі № 1 Мастоў Гродзенскай вобласці Надзеі Сівец, дыпламанту І ступені Рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве.
Спецыяльны прыз Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь найбольш паспяховаму навучэнцу з сельскай мясцовасці Надзея Мікалаеўна Ганушчанка ўручыла Кацярыне Маціеўскай, навучэнцы Празароцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці. Навучэнец Воранаўскай сярэдняй школы (Гродзенская вобласць) Эдвард Стэфановіч і навучэнка гімназіі № 1 Астраўца (Гродзенская вобласць) Вікторыя Сідаровіч атрымалі прызы ад Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.