Рашыць кожную задачу

- 12:22Людзі адукацыі

Яна любіла рашаць задачы яшчэ ў школе. І да гэтага дня, а настаўніцкай рабоце аддадзена звыш 40 гадоў жыцця, Ганна Станіславаўна рашае задачы. Рашае і вырашае. Настаўніца матэматыкі гімназіі № 1 Дзятлава Ганна Станіславаўна Урбановіч вучыць дзяцей не толькі вялікай навуцы — матэматыцы. Яна вучыць іх вялікай жыццёвай навуцы — быць людзьмі, якім пад сілу вырашыць любыя задачы.

Ганна Станіславаўна гаворыць, што, калі б усё пачаць нанова, нічога б у сваім жыцці не памяняла. Цікавасць да матэматыкі і будучай прафесіі адчула яшчэ ў школе. І з вялікай удзячнасцю ўспамінае сваю настаўніцу матэматыкі Яніну Адамаўну Сільвановіч. Усе дзяўчынкі з Жыбартоўскай школы хацелі быць падобнымі на яе. Прыглядаліся, як апранаецца, як размаўляе, як паводзіць сябе на ўроках. Яніна Адамаўна была прыкладам ва ўсім і нават танцаваць сваіх школьнікаў вучыла. Не дзіўна, што ў Ганны з’явілася мара стаць педагогам.
У 8 класе яна стала пераможцай абласной алімпіяды і пачала атрымліваць запрашэнні на вучобу з розных устаноў не толькі Беларусі, але і іншых куткоў СССР. Але перавагу Ганна аддала Гродзенскаму педагагічнаму інстытуту, дзе вучылася старэйшая сястра Алена, таксама на матэматычным факультэце. Так, у 1971 годзе Ганна стала студэнткай. На яе шляху сустрэлася шмат таленавітых выкладчыкаў, сярод якіх вылучае Тадэвуша Эдвардавіча Можджэра. І хоць актыўнай (была прафгрупаргам) і адоранай студэнтцы (вучылася добра і практыку праходзіла ў гродзенскіх школах, мела навуковыя работы па методыцы выкладання матэматыкі) можна было паспрабаваць застацца ў вялікім горадзе, Ганна Станіславаўна ў 1975 годзе вяртаецца на родную Дзятлаўшчыну і пачынае працаваць настаўніцай матэматыкі ў Рудаяварскай школе.
Толькі два разы, на нядоўгі час, расставалася Г.С.Урбановіч з любімай справай. Па жыццёвых абставінах мянялі разам з мужам Аляксеем Вітальевічам месца жыхарства і месца работы, але Ганна Станіславаўна рвалася ў школу. Больш за 30 гадоў яе лёс звязаны з Дзятлаўскай гімназіяй, колішняй сярэдняй школай № 2, дзе доўгі час працавала намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце і заўсёды выкладала матэматыку.
— І хоць атрымлівала прапановы на работу метадыстам у органы кіравання адукацыяй, не ўяўляла свайго жыцця без выкладання, без вучняў, без сваіх любімых задач, — гаворыць Г.С.Урбановіч.
На пытанні, на чым заснавана яе прафесійнае даўгалецце, як пазбягае прафесійнага выгарання, у чым сакрэт поспехаў, адказвае:
— Радавацца за ўсіх, падтрымліваць і дапамагаць, знаходзіць ва ўсім добрае. Дзяцей трэба хваліць і даваць урок з радасцю.
У адзнаках Ганна Станіславаўна строгі настаўнік, у 9 класе толькі адну “дзясятку” за чвэрць выставіла і спісваць не дазваляе, але на добрае слова шчодрая.
— А якія словы знаходзіце для сваіх вучняў, каб падтрымаць і накіраваць іх на атрыманне выніку? — пытаюся ў настаўніцы.
— Ніколі не позна брацца за работу. А калі Лёня сеў на плечы, дык яго можна сагнаць. Гэта я так дзецям аб ляноце гавару, — усміхаецца Ганна Станіславаўна. — Лічу, што кожнага вучня можна зацікавіць, трэба выкарыстоўваць індывідуальны падыход. Рыхтуюся да ўрока і канкрэтна ўсведамляю, якія заданні даць кожнаму вучню. Пасля некалькіх заняткаў ужо бачны здольнасці вучня, і настаўнік павінен развіць іх. Добры настаўнік добра навучыць, вось і ўвесь сакрэт.
Уласных дзяцей Ганна Станіславаўна таксама зацікавіла матэматыкай. Сын Андрэй і дачка Наталля школьнікамі ўдзель-нічалі ў алімпіядах. А затым выбралі прафесію эканамічнага профілю, дзе таксама без матэматыкі не абысціся. Зараз Андрэй можа разам з мамай рашаць алімпіядныя задачы, набывае для яе літаратуру, якая дапамагае настаўніцы рыхтаваць вучняў да алімпіяд і цэнтралізаванага тэсціравання. І малодшы Андрэй, унук, таксама рашае з бабуляй задачы: па паўгадзіны можа працягвацца матэматычны сеанс Дзятлава — Мінск. Ганна Станіславаўна падкрэслівае, што матэматыка не толькі трэніруе памяць, але і дапамагае трымаць розум у парадку, таму рашэнне задач, развіццё логікі — абавязковая ўмова для яе вучняў.
Вучні Ганны Станіславаўны — пастаянныя ўдзельнікі і прызёры алімпіяд. Настаўніца падтрымлівае і заахвочвае іх да вучобы ў школе дакладных навук, якая арганізавана ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Высокія адзнакі атрымліваюць і адзінаццацікласнікі на цэнтралізаваным тэсціраванні — звыш 90 балаў. І хоць 100-бальнікаў пакуль не было, выдатнік адукацыі Г.С.Урбановіч гаворыць сваім вучням: мы даб’ёмся найвышэйшых вынікаў!

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.