Кітайская мова загучыць яшчэ мацней

- 11:32Адукацыйная прастора, Рознае

У апошні дзень вясны і навучальнага года ў гродзенскай гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага адбылася падзея, якая паўплывае не толькі на дзейнасць гэтай навучальнай установы, але і на жыццё рэгіёна. Менавіта так разглядаюць тут адкрыццё класа Канфуцыя.

У гімназіі № 1 кітайская стала чацвёртай замежнай мовай. Яна загучала ў сценах гімназіі два гады назад. І за гэты невялікі час у гімназістаў ёсць вялікія дасягненні — навучэнцы 6 класа Вікторыя Аўсюкова і Ілья Парфіненка ўдзельнічалі і перамаглі ў раённай алімпіядзе па кітайскай мове.

— Нашы гімназісты, а такіх зацікаўленых каля 70 чалавек, не толькі вывучаюць мову, але і знаёмяцца з культурай, традыцыямі, гісторыяй Кітая, — гаворыць дырэктар гімназіі Барыс Сяброўскі. — Мы адзначалі кітайскі Новы год і праводзілі свята кітайскай кухні, дзеці знаёміліся з традыцыйнымі рамёствамі — вязаннем вузельчыкаў і выразаннем з паперы. Улічваючы зацікаўленасць навучэнцаў, звярнуліся ў Інстытут Канфуцыя ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце па дапамогу ў адкрыцці класа Канфуцыя.

На адкрыццё першага класа Канфуцыя ў агульнаадукацыйных установах Гродзеншчыны прыехалі госці з Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта і начальнік аддзела адукацыі Пасольства КНР у Рэспубліцы Беларусь Ван Дацзюнь.

Рэктар МДЛУ Наталля Баранава, старшыня праўлення Інстытута Канфуцыя ў МДЛУ, член беларуска-кітайскай камісіі па адукацыі, адзначыла, што гродзенская гімназія — адна з лепшых у краіне, у яе навучэнцаў вельмі добрая падрыхтоўка па замежных мовах, таму тут і атрымалі права адкрыць такі клас. Развіццё беларуска-кітайскага супрацоўніцтва патрабуе і спецыялістаў, якія змогуць эфектыўна працаваць на гэтай мове. З боку лінгвістычнага ўніверсітэта і Інстытута Канфуцыя гродзенская гімназія атрымае неабходную падтрымку — практычную, метадычную і матэрыяльную.

Для адкрыцця класа Канфуцыя гімназія атрымала сродкі на рамонт кабінета і набыццё аргтэхнікі — ноўтбукаў, тэлевізара, фотаапарата, мультыфункцыянальнай прылады — ад дзяржаўнай кітайскай арганізацыі, якая займаецца распаўсюджваннем кітайскай мовы і культуры за мяжой. Яшчэ адзін падарунак гімназісты атрымаюць летам наступнага года. Дырэктар Інстытута Канфуцыя ў МДЛУ з кітайскага боку Сюй Кэці зачытаў прывітальны ліст у сувязі з адкрыццём класа Канфуцыя ад кіраўніцтва Паўднёва-Усходняга ўніверсітэта Кітая і паведаміў, што чатыры гімназісты будуць запрошаны летам 2017 года на навучанне ў КНР.

Гасцямі ўрачыстасці былі старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой, начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін, кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна Анатоль Бубен.

Мечыслаў Гой расцаніў адкрыццё класа Канфуцыя як добрую перспектыву для абласнога цэнтра. У дапаўненне да кабінета Канфуцыя ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы клас Канфуцыя ў гімназіі стане культурна-адукацыйным цэнтрам і для жыхароў горада, дзе яны змогуць вывучаць мову і спасцігаць культуру гэтай краіны.

На ўрачыстасці гучала кітайская, беларуская, руская мовы. Навучэнка 9 класа Вераніка Падэлінская толькі першы год вывучае мову далёкай краіны. Але выкладчык Лю Сіньюань, якая з верасня мінулага года працуе ў гімназіі, ужо шмат ведаў дала сваёй вучаніцы, і Вераніка прачытала верш на кітайскай мове “Развітанне на мосце”. А ўсе прысутныя: госці, гімназісты і настаўнікі — разам праспявалі кітайскую песню, дзе былі такія словы: “Гэта вялікае шчасце — радавацца разам…” Сапраўды, адкрыццё класа Канфуцыя ў гімназіі № 1 стала вялікай радаснай падзеяй. А завяршылася яна таксама ў кітайскім стылі: для навучэнцаў быў арганізаваны майстар-клас па традыцыйных кітайскіх рамёствах.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.