Абмеркаваць важныя для моладзі пытанні — удзел у палітычным жыцці краіны і выбарчай кампаніі, магчымасць рэалізаваць сябе ў прафесіі, а таксама выказаць свае меркаванні па многіх пытаннях грамадскага жыцця — маглі ўдзельнікі адкрытага дыялогу “Час ідэй — час выбару”, які быў арганізаваны Гродзенскім абласным камітэтам БРСМ у рамках праекта “Адкрыты дыялог”.
У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы сабраліся члены Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, студэнты гродзенскіх універсітэтаў і маладыя спецыялісты, прадстаўнікі ўлады, эксперты — вядомыя і аўтарытэтныя на Гродзеншчыне спецыялісты — начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі, начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Сяргей Пацэвіч, першы сакратар абкама ГА “БРСМ” Эліна Брага, галоўны ўрач абласнога клінічнага кардыялагічнага цэнтра Тамара Далгашэй, генеральны дырэктар “Гроднааблкінавідэапраката” Юрый Аляксей, генеральны дырэктар гарадской ЖКГ Андрэй Хмель, кіраўнік абласной ветэранскай арганізацыі Іван Тустаў.
Віталі ўдзельнікі дыялогу і людзей, чые дасягненні сталі гонарам краіны: алімпійскую чэмпіёнку Токіа па спартыўнай гімнастыцы выкладчыка ГрДУ імя Янкі Купалы Алену Ваўчэцкую і аспіранта ГрДУ сярэбранага прызёра Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра ў кіданні молата Івана Ціхана. Маладыя ўдзельнікі акцыі — настаўніца сярэдняй школы № 12 Ліды пераможца конкурсу “#СілаСлова” Наталля Грэсь, а таксама фіналісты абласнога этапу сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла” сям’я Сінькевіч з Ашмянскага раёна — адказалі на пытанні аўдыторыі пра тое, як быць актыўнымі і дасягаць мэты ў жыцці.
Пра тое, што вельмі важным з’яўляецца вызначыць мэту і прыкладаць усе сілы для яе ажыццяўлення, гаварыў з моладдзю і Іван Рыгоравіч Ціхан. Высокія дасягненні І.Р.Ціхан мае не толькі ў спорце. Аспірант І.Р.Ціхан пад навуковым кіраўніцтвам прафесара Віктара Рудэніка рыхтуе да абароны кандыдацкую дысертацыю па тэме “Удасканаленне працэсу падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кідальнікаў молата на аснове кіравання спаборніцкай дзейнасцю”.
Цікавілі студэнцкую моладзь і ўмовы кар’ернага росту. На пытанне аб тым, якімі якасцямі павінен валодаць малады чалавек, каб рэалізаваць сябе ў прафесіі, А.Л.Вярсоцкі адказаў, што трэба не баяцца прапаноўваць ідэі і шукаць шляхі іх вырашэння, знаходзіць для сябе матывацыю. Аляксандр Людвігавіч падтрымаў выказаную падчас сустрэчы прапанову аб стварэнні ў раёнах вобласці школ лідараў. Прагучалі ідэі і прапановы па адраджэнні інстытута настаўніцтва, што дазволіць маладому чалавеку хутчэй адаптавацца на першым рабочым месцы; па змяненні сістэмы прафарыентацыйнай работы ў школах, пачынаючы яе ўжо з пачатковых класаў.
Адкрыты дыялог “Час ідэй — час выбару” адбываўся напярэдадні важнай падзеі — выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. І для многіх маладых удзельнікаў акцыі гэта будзе першы ўдзел у найважнейшай палітычнай падзеі краіны. Прапановы, якія былі выказаны падчас правядзення акцыі “Час ідэй — час выбару” па развіцці рэгіёна, маладзёжныя ініцыятывы будуць перададзены выбраным ад Гродзеншчыны дэпутатам.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Кацярыны КАЛЛАНТАЙ.