Развіваць дзіцячую самастойнасць у гульні

- 11:19Дашкольная адукацыя, Рознае

З гэтага навучальнага года яслі-сад № 23 Гродна пачаў працаваць па інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі педагагічнага суправаджэння гульнявой дзейнасці дзяцей дашкольнага ўзросту”. Рэалізоўваць праект педагогі будуць пры актыўным удзеле і падтрымцы бацькоў. Супрацоўніцтва з сем’ямі выхаванцаў у гэтым кірунку пачынаецца яшчэ да паступлення дзяцей у сад — падчас работы адаптацыйнай пляцоўкі “Мацярынская школа”.

Навучыцца правільна гуляць

“У чым актуальнасць гэтага інавацыйнага даследавання? — гаворыць загадчык установы Іна Мікалаеўна Сурмач. — Значнасць гульні для развіцця дзіцяці сёння многімі дарослымі недаацэньваецца. Некаторыя педагогі недастаткова добра валодаюць тэхналогіямі арганізацыі сучаснай сюжэтна-ролевай дзіцячай гульнявой дзейнасці. Яны часта аддаюць перавагу не развіццю фантазіі дзяцей у прыдумванні сюжэтаў для гульняў, а ўключэнню выхаванцаў у тыя віды дзейнасці, якія арганізоўваюць яны самі (дашкольныя педагогі), прычым пераважна з вучэбнай мэтай. Выхавальнік у большасці выпадкаў бярэ ініцыятыву на сябе, а дзеці з’яўляюцца толькі выканаўцамі яго ўказанняў. Зразумела, што такія метады не садзейнічаюць развіццю ўяўлення дашкольнікаў, разняволенасці ў міжасабовых адносінах, уменню суадносіць свае дзеянні з дзеяннямі іншых выхаванцаў згодна з нормамі і правіламі ўзаемнай культуры паводзін”.

Самастойным і творчым ініцыятывам дзяцей педагогі ясляў-сада № 23 Гродна ўдзяляюць увагу з самага моманту паступлення малышоў ва ўстанову. Адаптацыйная пляцоўка “Мацярынская школа” функцыянуе тут ужо на працягу 5 гадоў. Традыцыйна яна пачынае працаваць за месяц да пачатку новага навучальнага года. Пра сваё жаданне наведваць яе ў 2016 годзе заявілі ўсе бацькі, якія планавалі прывесці дзяцей у сад. Такі высокі ўзровень попыту на гэтую паслугу сведчыць пра яе заслужаны аўтарытэт сярод магчымых карыстальнікаў. Колькасны склад выхаванцаў адаптацыйнай групы — не больш за 10 чалавек. Вучэбны курс складаюць 8 гульнявых заняткаў, якія праходзяць 2 разы на тыдзень на працягу месяца. Працягласць кожных з іх з перапынкамі — не больш за 10—15 хвілін.

“Перад тым як набраць новых дзяцей у мацярынскую школу, мы праводзім агульны сход бацькоў, вывучаем іх попыт на гэтую паслугу, улічваем індывідуальныя пажаданні, — гаворыць намеснік загадчыка ўстановы Алена Станіславаўна Жэгала. — Прымаючы будучых выхаванцаў на адаптацыйнай пляцоўцы, размаўляем з імі так, нібыта яны самыя важныя для нас, у тым жа духу абыгрываем усе рытуалы ранішняй сустрэчы з імі і падчас абавязковай зарадкі, снедання, прагулкі, адаптацыйных гульняў. Як правіла, з малышамі займаюцца тыя выхавальнікі, якія будуць весці іх і вучыць у садзе, а таксама педагог-псіхолаг, медыцынскі работнік, настаўнік-дэфектолаг, музычны кіраўнік і кіраўнік фізвыхавання. Гульні-заняткі ў мацярынскай школе праводзяцца як у групах, так і ў музычнай і спартыўнай залах. Спецыялісты прапаноўваюць дзецям маляванне нетрадыцыйнымі спосабамі (пальчыкамі, друкаваннем), чытаюць ім казкі, а пасля прайграюць разам казачныя сюжэты, праводзяць пальчыкавую гімнастыку, рухавыя гульні з рознымі атрыбутамі, музычныя гульні, рэлаксацыйныя практыкаванні, гульнявыя комплексы па маўленчым і сенсорным развіцці, па развіцці эмацыянальнай сферы і г.д.

Актыўнымі ўдзельнікамі адаптацыйных заняткаў становяцца і бацькі. Фізкультурны кіраўнік Святлана Канстанцінаўна Ерамеева, напрыклад, умее “запаліць” сваёй энергіяй кожнага наведвальніка мацярынскай школы. І дарослыя, і малышы ўдзельнічаюць у спартландыях, спаборнічаюць побач у хуткасці і спрытнасці. Але так было не заўсёды. Раней бацькі былі ў большасці сваёй пасіўнымі назіральнікамі, не надта імкнуліся выконваць заданні педагогаў і ўзаемадзейнічаць са сваімі дзецьмі падчас адаптацыйных гульняў. Але сёння мамы і таты нароўні з выхавальнікамі даюць дзецям веды, прывіваюць нормы правільных паводзін. І малышы, калі бачаць зацікаўленасць і актыўнасць бацькоў, не хаваюцца за іх спіны, смялеюць на вачах, імкнуцца да дзейнасці, да праяўлення свайго “я”. Заўважу, што гады тры назад у адаптацыйнай групе не было ні аднаго таты. Зараз яны з радасцю прыходзяць да нас. Пра што гэта сведчыць? Перш за ўсё пра разуменне ролі абодвух бацькоў у выхаванні дзіцяці”.

Зваротная сувязь з бацькамі — вельмі важны кампанент для эфектыўнага развіцця і існавання адаптацыйнай пляцоўкі. Яшчэ да пачатку заняткаў у мацярынскай школе бацькам прапаноўваецца анкета з мэтай вывучэння меркаванняў і прагнозаў па адаптацыйных занятках з дзецьмі, якая дапамагае вызначыць тэматыку групавых і індывідуальных кансультацый спецыялістаў па асноўных пытаннях падрыхтоўкі будучых наведвальнікаў установы да паступлення ў яе. Зваротная сувязь арганізавана праз сайт установы, дзе створана група “Адаптацыйная пляцоўка”. Усім удзельнікам пляцоўкі вядомы спецыяльныя коды для ўваходу ў гэтую групу. Пасля заканчэння работы мацярынскай школы праводзіцца бліцапытанне бацькоў малышоў — наведвальнікаў пляцоўкі. Аб высокай выніковасці яе работы сведчыць высокая ацэнка адаптацыі дзяцей (ад 30 да 100% — у розныя гады). Многія з бацькоў адзначалі, што заняткі дапамаглі наладзіць канструктыўныя міжасабовыя адносіны з малышамі, палепшыць іх паводзіны дома.

Гэта звязана ў першую чаргу з тым, што падчас адаптацыйных гульняў бацькі навучыліся новым спосабам узаемадзеяння з дзецьмі, павысілі ўзровень сваёй агульнай псіхолага-педагагічнай культуры, у іх з’явілася ўпэўненасць ва ўласных сілах. Яны ўбачылі, наколькі па-рознаму праяўляюць сябе дзеці ў працэсе зносін з дарослымі і аднагодкамі. Увогуле, сумеснае знаходжанне з дарослымі забяспечвае дзіцяці пачуццё бяспекі, дазваляе свабодна праяўляць сваю індывідуальнасць. Гэта меркаванне большасці бацькоў — удзельнікаў бліцапытання.

Ад гульні рэпрадуктыўнай да творчай

Інавацыйны праект накіраваны не толькі на павышэнне кампетэнтнасці бацькоў пры арганізацыі сумеснай гульнявой дзейнасці з дзецьмі, а перш за ўсё на ўдасканаленне прафесійнага майстэрства выхавальнікаў у гэтым кірунку, а таксама на развіццё гульнявых здольнасцей дзяцей. Важна аказаць малышам неабходную падтрымку і дапамогу, каб іх дзейнасць у гульні прайшла праз пэўныя этапы развіцця — ад рэпрадуктыўнай да рэканструктыўнай, варыятыўнай і самастойна-творчай. Іншымі словамі, ад простага маніпуліравання прадметамі да ўмення самастойна, без дапамогі дарослага, арганізоўваць і кантраляваць працэс гульні. Задача педагога — не толькі ўладкаваць дзіцяці неабходную прастору і прадаставіць магчымасць гуляць, але і акрэсліць перспектыву гульні, прапанаваць найбольш эфектыўны гульнявы маршрут, улічваючы пры гэтым гендарны аспект.

Якія формы ўзаемадзеяння паміж педагогам і дзецьмі магчымы пры гульнявой дзейнасці? Перш за ўсё індывідуальныя зносіны паміж выхавальнікам і малышом, а таксама сумесныя заняткі педагога з падгрупай дзяцей і арганізацыя калектыўнай дзейнасці з імі. Якія метады і прыёмы ўзаемадзеяння выхавальніка і дзяцей у сюжэтна-ролевай гульні можна прапанаваць, на погляд педагогаў ясляў-сада? Найперш стварэнне гульнявых праблемных сітуацый, паказ інсцэніроўкі ў тэатры цацак, у прыватнасці сцэнак-загадак з удзелам лялечных персанажаў, дыдактычныя гульні. Педагог павінен супрацоўнічаць з дзецьмі і пры вырабе атрыбутаў, элементаў касцюмаў для гульняў (заказы могуць прымацца ў спецыяльную “скрыню для заказчыкаў”, якая пастаянна знаходзіцца ў кутку “Умелыя рукі”). Форма заказаў можа быць прадстаўлена ў выглядзе малюнкаў. 1—2 разы на тыдзень педагог разам з дзецьмі разглядае, класіфікуе заказы, стварае групы выхаванцаў па іх вырабе. Арганізоўваюцца і праводзяцца конкурсы касцюмаў і на атрыманне ролі ў тэатральных інсцэніроўках, на выразнасць прамоў, што суправаджаюцца жэстамі, мімікай прамоўцаў, або сумесныя з выхавальнікамі гутаркі, разгляд ілюстрацый і абмеркаванне ўбачанага на іх.

Педагогі прывучаюць дзяцей да самастойнай творчасці, прапаноўваюць, напрыклад, “напісаць” ліст сваім сябрам у іншы дзіцячы сад, паведаміць пра асаблівасці сваіх гульняў або скласці апавяданне пра ўласнага героя — персанажа пэўнай гульні, прааналізаваць драматызм асобных сітуацый з яго ўдзелам. Выхавальнікі груп арганізоўваюць чытанне дзіцячых твораў, праводзяць абагульняючыя гутаркі па іх, параўноўваюць вобраз героя, створанага дзецьмі падчас гульні, з тым, якім яго прадставіў аўтар твора, і г.д. Такім чынам, дзеці вучацца ствараць выразныя вобразы з дапамогай інтанацый, дзеянняў, жэстаў, мімікі, рухаў. Яны адчуваюць сваю значнасць і паспяховасць у працэсе гульні, падчас самарэалізацыі і паказу персанажаў.

Павысіць якасць гульнявой дзейнасці

Павысіць якасць гульнявой дзейнасці дзяцей дапамогуць эфектыўныя метады і прыёмы, якія выкарыстоўваюць педагогі сада, напрыклад, элементы методыкі інтэнсіўнага інтэлектуальнага і фізічнага развіцця дзяцей Глена Дамана. Настаўнікі-дэфектолагі і выхавальнікі спецыяльных груп, якіх у садзе № 23 дзве, выкарыстоўваюць палачкі К’юзінера і блокі Дзьенеша.

Для развіцця даследчыцкіх здольнасцей і навыкаў выхаванцаў падыдзе метад “шасці капелюшоў, якія думаюць” Дэ Бано. Дарэчы, ва ўстанове яго прымяняюць як на занятках з дзецьмі, так і для вырашэння пэўнай задачы ці праблемнай сітуацыі на педагагічных семінарах-практыкумах. Дэ Бано, у прыватнасці, рэкамендуе разглядаць праблемы з розных пунктаў гледжання. Ён падзяляе ўсе разумовыя працэсы, якія адбываюцца ў галаве чалавека, на шэсць тыпаў. Кожнаму тыпу мыслення, па меркаванні аўтара, можа адпавядаць пэўны каляровы капялюш. Дзіця або дарослы выбіраюць у кожны момант свой тып мыслення, нібыта надзяваюць у думках капялюш таго колеру, які больш асацыіруецца з гэтым мысленнем. Напрыклад, капялюш белага колеру больш падыходзіць да правераных высноў і фактаў, капялюш чорнага колеру — да крытычнага погляду на праблему, а вось чалавек у жоўтым капелюшы паведамляе толькі аб станоўчых фактах той ці іншай з’явы. З гэтага пункту гледжання можна ахарактарызаваць абсалютна любую праблему. Напрыклад, паразважаць разам з дзецьмі аб плюсах і мінусах утрымання хамякоў у хатніх умовах.

Для развіцця маўлення дашкольнікаў выхавальніца сада Вольга Уладзіміраўна Бацянкова выкарыстоўвае метад мадэлявання. Ён падыходзіць для завучвання вершаў або невялікіх паведамленняў. Так, словы з адпаведных тэкстаў фіксуюцца з дапамогай піктаграм: мядзведзь — гэта круг, ягады і грыбы — маленькія кружочкі, лес — трохвугольнічкі і г.д.

Музычны кіраўнік установы Таццяна Мікалаеўна Кервяк працуе згодна з методыкай Карла Орфа, прытрымліваецца таго погляду, што малышоў спачатку трэба вучыць іграць не на складаных інструментах, на асваенне якіх звычайна ідуць гады, а на простых (напрыклад, ударных — ксілафоне, металафоне, трохвугольніку, цымбалах, званочках, маракасах або больш меладычных — блокфлейце). Такую музычную адукацыю можна пачынаць з трох гадоў. Гэты падыход садзейнічае збліжэнню бацькоў і дзяцей. Дарослыя майструюць разам з малышамі, выкарыстоўваючы падручныя матэрыялы, музычныя інструменты і атрыбуты да іх. Самаробныя прыстасаванні Таццяна Мікалаеўна абавязкова выкарыстоўвае на занятках, уключае іх у дзіцячы аркестр.

Другі музычны кіраўнік сада Алена Дзяменцьеўна Цвяткова выкладае харэаграфію, а дакладней, рытмапластыку з элементамі лагарытмікі (ва ўстанове ёсць яшчэ харэаграфія класічная і з элементамі спартыўнага танца “Чырлідынг”). Займаецца педагог з дзецьмі з парушэннямі маўлення. Асаблівасць метаду, які яна выкарыстоўвае, — у сумяшчэнні рухальных практыкаванняў, што выконваюцца пад музыку, з маўленчымі заданнямі, якія неабходна асіліць выхаванцам з цяжкімі парушэннямі маўлення. Падчас лагарытмічных заняткаў у дзяцей выпраўляюцца артыкуляцыйныя памылкі, развіваецца фанематычнае ўспрыманне, пашыраецца лексічны запас, развіваецца слыхавая ўважлівасць і памяць, удасканальваецца агульная і дробная маторыка, выпрацоўваюцца дакладныя і скаардынаваныя рухі ва ўзаемасувязі з маўленнем, развіваюцца інтанацыйныя кампаненты, фантазія і ўяўленне. Дарэчы, элементы лагарытмікі ўключаюцца і ў заняткі са звычайнымі дзецьмі.

Распрацоўваюць педагогі сада і свае гульні. Так, выхавальніца Марына Іванаўна Дарашкевіч пазнаёміла калег з серыяй дыдактычных гульняў, звязаных з бяспечнымі паводзінамі дзяцей, за што атрымала дыплом на штогадовым конкурсе “Бяспечнае дзяцінства”.

***

“Яслі-сад ганарыцца сваімі выпускнікамі, — адзначае Іна Мікалаеўна Сурмач. — Некаторыя з іх працягнулі навучанне ў школе спартыўнага рэзерву, у музычнай школе, з якой установа падтрымлівае сувязь. Юныя музыканты часта наведваюць сваю першую альма-матар з канцэртамі: іграюць на флейце, скрыпцы і тым самым паказваюць добры прыклад малышам. Супрацоўнічае сад і з сярэдняй школай № 12 Гродна, што знаходзіцца па суседстве. Кожны год педагогі дзвюх устаноў сустракаюцца падчас сумеснага кансіліуму, на якім абмяркоўваюць пытанні сумеснага ўзаемадзеяння. Выхаванцы — частыя госці ў школе, школьнікі з радасцю робяць візіты ў адказ. Напрыклад, юныя інспектары дарожнага руху неаднаразова праводзілі з малышамі цікавыя, пазнавальныя віктарыны.

Яслі-сад № 23 Гродна падтрымлівае сувязь з гуманітарным каледжам. Яго навучэнцы часта прыходзяць да нас на практыку. Шмат практыкантаў у садзе і з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Нашым педагогам ёсць чым падзяліцца з будучымі маладымі спецыялістамі”.

Надзея ЦЕРАХАВА.