У гэты дзень з раніцы навучэнцаў і выкладчыкаў сустракалі дзяўчаты-гаспадынькі з салодкімі пачастункамі і пажаданнямі цудоўнага дня. Інсталяцыя, выкананая з паперы і тканіны, прапаноўвала азнаёміцца з праграмай мерапрыемстваў на наступныя дзесяць дзён. Так у Ваўкавыскім каледжы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы пачыналася традыцыйная метадычная дэкада цыклавой камісіі тэхналогіі.
Мерапрыемствы ў рамках дэкады былі разнастайнымі. Майстар-клас па брыльянтавай мазаіцы “Свой дом упрыгожу я сама!” паказаў, як “алмазны жывапіс”, што ўдала злучае такія папулярныя віды творчасці, як маляванне па клетках і вышыўку, можа быць выкарыстаны для ўпрыгожвання дома. Захопленыя, творчыя навучэнцы займаюцца “алмазным жывапісам” пад кіраўніцтвам выкладчыка Людмілы Станіславаўны Нячай.
Інфармацыйны выпуск “Як мы апранаемся”, падрыхтаваны творчай групай навучэнцаў пад кіраўніцтвам выкладчыка Вольгі Іванаўны Кур’яновіч, пазнаёміў навучэнцаў першых курсаў са стылявымі рашэннямі касцюма і тэндэнцыямі сучаснай моды. Нашы дзяўчаты даведаліся, як правільна апранацца, каб цябе ўспрымалі добразычліва і сур’ёзна, пачулі меркаванні псіхолагаў пра сакрэты жаночай прывабнасці.
Аўтарам і рэжысёрам інтэлектуальнай гульні “Брэйн-рынг”, у якой удзельнічалі навучэнцы спецыяльнасці “Абслуговая праца і выяўленчае мастацтва”, стала выкладчык Наталля Віктараўна Ганчар, а вядучыя, навучэнцы 4 курса Кацярына Жылінская і Настасся Есіна, не давалі сумаваць зале і надавалі асаблівы пазітыў гульні. 1-е месца заняла група 2 “З”, а памятныя падарункі дасталіся ўсім удзельнікам брэйн-рынга.
— У кожнага жадаючага ў нашай групе з’явілася выдатная магчымасць прадэманстраваць сваё хобі, — дзеліцца ўражаннямі аб выставе “Мы можам усё” навучэнка 3 “В” групы спецыяльнасці “Абслуговая праца і выяўленчае мастацтва” Дар’я Клімец. — На выставе былі прадстаўлены работы ў тэхніцы бісерапляцення, квілінгу, вырабы з прыроднага матэрыялу і гафрыраванай паперы, вышыўка. Для нас падобнае майстэрства не толькі цікавае, але і неабходнае для будучай прафесійнай дзейнасці. Нягледзячы на інтэнсіўную вучобу, заўсёды можна знайсці крыху часу на занятак для душы.
Навучэнцы спецыяльнасцей “Абслуговая праца і выяўленчае мастацтва” і “Дашкольнае выхаванне” прынялі ўдзел у дыскусійным практыкуме “Лесвіца да поспеху”, які правяла выкладчык-куратар Валянціна Васільеўна Бялевіч.
Парадам творчасці навучэнцаў стала дэфіле нетрадыцыйных мадэляў сукенак “Папяровая карусель”. На суд гледачоў былі прадстаўлены мадэлі, вырабленыя навучэнцамі каледжа ў сутворчасці з выкладчыкам Наталляй Аляксандраўнай Манцэвіч. Пераможцамі журы прызнала мадэлі: 4 “З” групы — “Рэтрафантазія”; 2 “З” групы — “Снежная каралева”; 1 “В” групы — “Кармэн”. Ні адна з удзельніц дэфіле, якая ўвасобіла сваё бачанне незвычайнага вобраза ў папяровай мадэлі, не пакінула подыум без намінацыі і салодкага падарунка. А падарунак у выглядзе творчага настрою і натхнення атрымалі ўсе ўдзельнікі мерапрыемстваў дэкады цыклавой камісіі тэхналогіі.
Вольга ТАРАТУТА,
старшыня цыклавой камісіі тэхналогіі
Ваўкавыскага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы.