Год культуры ў сярэдняй школе № 18 Гродна завяршылі фестывалем “Усе колеры свету — у госці да нас!”. На творчае свята, на якім вучні сярэдніх і старшых класаў прадставілі культуру, традыцыі, нацыянальныя касцюмы 16 краін свету, запрасілі бацькоў, вучняў малодшых класаў і замежных студэнтаў, якія вучацца ў Гродне.
— Полікультурнае выхаванне ляжыць у аснове выхаваўчай работы ў школе. Пры падрыхтоўцы да фестывалю кожны клас збіраў інфармацыю аб краіне, яе культуры, гістарычных здабытках, развучваў песні і танцы, вывучаў нацыянальную кухню, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 18 Мая Марозік. — Ідэю абмяркоўвалі з педагогамі і членамі вялікага вучнёўскага савета школы. Дарэчы, старшыня савета Іна Аксаміт увайшла ў склад журы фестывалю. Наша навучальная ўстанова з 1973 года мае музычна-харавы статус, таму ўдзел у такім фестывалі — гэта яшчэ адна магчымасць праявіць свае творчыя здольнасці, бо адна з намінацый называлася “Нацыянальныя песні і танцы”.
— Дзеці за час падрыхтоўкі да фестывалю яшчэ больш здружыліся. Каб падрыхтаваць афармленне класа, а наш 9 “В” прадстаўляў Грэцыю, збіралі матэрыял у бібліятэцы і інтэрнэце, вучні літаральна фантанавалі ідэямі і прапановамі, — далучаецца да размовы класны кіраўнік Аксана Глінская.
А Цэзар, у ролі якога выступаў Максім Сарока, сказаў, што многія звесткі аб гэтай краіне былі для яго вельмі цікавымі і што дэвіз старажытных грэкаў “Элада — свабода альбо смерць” яго вельмі ўразіў.
Фестываль пачаўся з урачыстага шэсця каманд-удзельніц з таблічкамі краін, якія яны прадстаўлялі. Удзельнікаў фестывалю віталі дырэктар школы Наталля Астапчэня і старшыня зямляцтва замежных студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Гілдзі Байраммырадаў. А першым канцэртным нумарам стала выступленне студэнтаў з Кітая, якія прадставілі танец з веерамі. Потым яны разам з навучэнцамі малодшых класаў хадзілі па нацыянальных падворках і знаёміліся з культурай Англіі, Шатландыі і Аргенціны, Індыі і Украіны, Ізраіля і Егіпта, Японіі і Германіі, Ірландыі і Польшчы, Злучаных Штатаў Амерыкі і Францыі, Італіі і Грэцыі, Іспаніі і Кітая.
Кожны клас падрыхтаваў цікавую праграму і экскурсію па краіне, якую трэба было прадставіць у шырокім спектры. Сярод намінацый, па якіх ацэньвалася прадстаўленне краіны, — афармленне падворка ў нацыянальным стылі, касцюмы, кухня, святы і традыцыі, нацыянальныя гульні.
— У журы была вельмі складаная задача, таму што ўсе класы прадставілі вельмі творчыя праграмы, — гаворыць старшыня папячыцельскага савета школы Ганна Ляткоўская. — Атрымалася яркае свята, дзе не было абыякавых гледачоў і ўдзельнікаў. Бацькі таксама былі ўцягнуты ў падрыхтоўку фестывалю, і гэта вельмі добра ўплывае на адносіны дзяцей і бацькоў.
А вучаніцы 11 класа Вольга Ляткоўская і Людміла Ляткоўская ў гэты час прадстаўлялі культуру Кітая, а разам з імі гасцей вітаў сапраўдны кітайскі дракон.
На ўкраінскім падворку 5 “Г” класа гасцей сустракалі дзеці разам з бацькамі — стол быў застаўлены смачнымі нацыянальнымі стравамі, а “дзецюкі”-пяцікласнікі вельмі каларытна выглядалі ў нацыянальных касцюмах. Італьянская тарантэла ў выкананні Таццяны Русінай і Дар’і Станевіч, шатландская мода і аповед аб кілце, гульні, у якія гуляюць дзеці ў Ізраілі, агульнае кола грэчаскага сіртакі, якое аб’яднала кітайскіх студэнтаў і вучняў малодшых класаў, фотаздымак з сапраўдным іспанскім мача — свята захапіла ўсіх!
Яркія падворкі… зблыталі планы арганізатараў і журы фестывалю. Замест дыпломаў трох ступеней былі ўручаны дыпломы толькі І ступені, а чатыры класы, якія прадстаўлялі Украіну, Італію, Кітай і Шатландыю, атрымалі гран-пры фестывалю “Усе колеры свету — у госці да нас!”.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.