А ў вас ёсць музей?

- 10:59Адукацыйная прастора

Гісторыя родных мясцін дарагая і блізкая сэрцу кожнага чалавека. Гэта багаты матэрыял для выхавання ў маладога пакалення грамадзянскасці і патрыятызму. Фотаздымак, дакумент, нейкі прадмет з мінулага нярэдка пакідаюць у памяці і сэрцы вучня больш глыбокі след, чым урок ці прачытаны параграф падручніка, таму вельмі часта ў навучальных установах ствараюцца музейныя пакоі, музеі. І наша школа не выключэнне.

Дзякуючы плённай працы настаўнікаў, актыўнаму ўдзелу бацькоў і вучняў, была сабрана вялікая колькасць маўклівых сведкаў гісторыі Запольскага краю. Першапачаткова яны размяшчаліся ў кабінеце беларускай мовы былой Запольскай школы. Пасля адкрыцця новай школы ў вёсцы Краснае, якая аб’яднала ў сабе Астухоўскую сярэднюю і Запольскую васьмігадовую, пад музей было адведзена асобнае памяшканне. Экспанаты карпатліва збіраліся і захоўваліся на працягу некалькіх гадоў настаўніцай беларускай мовы Зояй Васільеўнай Бунчук і яе вучнямі. Ініцыятарам стварэння своеасаблівага куточка ўспамінаў у Красненскай сярэдняй школе стаў яе першы дырэктар Андрэй Мікалаевіч Навумовіч. Афіцыйнае адкрыццё музея адбылося ў 1999 годзе.

Профіль нашага музея — комплексны краязнаўчы, у якім цэнтральнае месца займае этнаграфічны пакой. У ім размясціліся два раздзелы: “Вытворчасць лёну і ткацтва” і “Этнаграфія і быт”. Ніхто не застаецца абыякавым, калі ўваходзіць у залу, дзе размяшчаюцца раздзелы “З гісторыі Запольскага краю”, “Ваеннае ліхалецце”, “СВК “Маяк-Заполле”: гісторыя і сучаснасць”, “З гісторыі адукацыі”. Увагу наведвальнікаў прыцягваюць шматлікія дакументы на польскай мове, кнігі, выдадзеныя ў пачатку ХХ стагоддзя. Тут можна ўбачыць партрэты землякоў — тых, хто не вярнуўся з поля бою, былых франтавікоў і партызан, іх узнагароды і пісьмы-трохвугольнікі. Штогод праходзяць сустрэчы выпускнікоў. На стэндах экспазіцыі і ў фондасховішчы ёсць фотаздымкі гісторыі школьнага жыцця, выпускнікоў апошніх 64 гадоў. Тут можна ўбачыць падручнікі, слоўнікі, выдадзеныя ў пачатку мінулага стагоддзя. Музей захоўвае чарніліцы-невылівайкі, пёравыя ручкі і грыфельную дошку. У раздзеле “СВК “Маяк-Заполле”: гісторыя і сучаснасць” экспануюцца фотаздымкі мінулай і сучаснай гаспадаркі, яе былых кіраўнікоў, складзена гістарычная даведка. Змешчаны таксама граматы перадавікоў сельскай гаспадаркі, некаторыя з іх мелі званне Героя Сацыялістычнай Працы (Ева Раманаўна Карачан, Надзея Сцяпанаўна Трускоўская).

У музеі вучні вывучаюць матэрыяльную і духоўную культуру беларускага народа, мінулае роднага краю. Відавочна, што яго па праве можна назваць цэнтрам выхаваўчай работы. За час дзейнасці музея назапашаны багаты вопыт у правядзенні цікавых экскурсій. Школьны музей з’яўляецца базай для правядзення ўрокаў і заняткаў дашкольнікаў, для сустрэч з вядомымі людзьмі. Дзякуючы натхненню і плённай працы педагагічнага і вучнёўскага калектыву, краязнаўчы музей у 2014 годзе быў удастоены ганаровага звання “народны”.

Наша скарбніца даўніны стымулюе вучняў і настаўнікаў на навукова-даследчую работу. У 2011 годзе на ІV Міжнароднай маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна 1941—1945 гг. у гістарычнай памяці народа” дыпломам ІІІ ступені адзначана работа вучня Сяргея Араб’я “Педагогі — ураджэнцы Беларусі — удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны”, у 2012 годзе — даследчая работа “Спявай, душа народная” ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені на раённай канферэнцыі “Шляхі да пазнання”. Дыпломам І ступені быў адзначаны Сяргей Рабко за ўдзел у фестывалі “Скарбы Гарадзеншчыны” (намінацыя “Фалерыстыка”) з калекцыяй значкоў, якую падарыў школьнаму музею былы настаўнік беларускай мовы і літаратуры С.С.Печанко. Даследчая работа працягваецца. Спадзяёмся, што зацікаўленасць вучняў краязнаўчай работай будзе і далей прыносіць добрыя вынікі.

Іна САВОСЬКА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Красненскага
дзіцячага сада — сярэдняй школы Карэліцкага раёна.