Выхаванне павагі да малой радзімы — на гэтым робяць акцэнт у навучанні дзяцей педагогі Вілейскага раёна

- 9:41Образование

Чарговая рабочая паездка прадстаўнікоў Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” адбылася ва ўстановы адукацыі Вілейскага раёна. Увазе журналістаў быў прадстаўлены вопыт работы настаўніка гісторыі, педагогаў дадатковай адукацыі, адміністрацыі ўстаноў адукацыі.

Бабулін куфэрак

Першай у маршруце журналістаў значылася Даўгінаўская сярэдняя школа імя Уладзіміра Слабодчыкава, якую калісьці скончыў знакаміты скульптар.

Адметнаць гэтай установы адукацыі — высокі ўзровень арганізацыі адукацыйнага працэсу. Менавіта Даўгінаўская сярэдняя школа была першай у раёне па ўкараненні профільнага навучання. Але не толькі гэта вылучае яе сярод іншых. Ужо тое, што школа носіць імя свайго вядомага выпускніка, гаворыць пра многае. На першым паверсе знаходзяцца скульптуры, якія Уладзімір Іванавіч у розныя перыяды сваёй творчасці падарыў школе. Сярод іх бюст Ваньковіча, кампазіцыі “Роздум”, “Тры ўзросты”, “Дзяўчына з залатымі валасамі”, “Францыск Скарына” і “Зімовыя поцемкі”. Дарэчы, Уладзімір Іванавіч — аднакласнік былога дырэктара Даўгінаўскай сярэдняй школы Галіны Іванаўны Тупіцынай, якая шмат гадоў кіравала ўстановай. Гэтым фактам сённяшняе пакаленне настаўнікаў вельмі ганарыцца.

“Калі прывозіў да нас “Зімовыя поцемкі”, Уладзімір Іванавіч сказаў, што менавіта гэтая скульптура яму больш за ўсё нагадвае пра родныя вытокі і родную школу”, — расказвае дырэктар Даўгінаўскай сярэдняй школы Іна Кабановіч.

Краязнаўчы музей, які працуе ва ўстанове адукацыі, таксама называецца “Родныя вытокі”. Ён складаецца з некалькіх экспазіцый, сярод якіх “Рэчы хатняй гаспадаркі”, “Ткацтва”, “Бабулін куфэрак”, “Школа! У кожным сэрцы назаўжды!”, а таксама “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. Тэматычны пакой, прысвечаны тэме генацыду, быў адкрыты ў Год гістарычнай памяці. Увогуле, у адзінай музейнай прасторы сёння налічваецца 177 экспанатаў. Усе яны інтэрактыўныя і могуць выкарыстоўвацца педагогамі ў практычнай дзейнасці. Экскурсіі па музеі праводзіць настаўніца гісторыі Наталля Пятроўна Пташнік.

“Наш музей з’яўляецца адкрытым, і гэта зроблена спецыяльна, — тлумачыць Наталля Пятроўна. — Мы хочам, каб вучні мелі магчымасць дакрануцца да кожнай рэчы з экспазіцыі. Педагогі, праводзячы ўрок, могуць узяць той экспанат, які ім патрэбен для больш поўнага адлюстравання тэмы, што вывучаецца”.

Школа ганарыцца экспазіцыяй “Бабулін куфэрак”. Яе педагогі напаўнялі сумесна з навучэнцамі і бацькамі, усе рэчы сваімі рукамі стваралі бабулі і прабабулі вучняў.

“Гэтую экспазіцыю вельмі лю­бяць вучні і я, — дадае Наталля Пташнік. — Куды ні кінь вокам — усюды гісторыя. Мы вывучаем побыт і жыццё нашых продкаў, разважаем аб тым, якім было мінулае. Гледзячы на вырабы, якімі напоўнены “Родныя вытокі”, ганарымся талентамі нашых продкаў”.

Унікальнай Наталля Пятроўна называе экспазіцыю “Школа! У кожным сэрцы назаўжды!”. Настаўніца гісторыі вельмі адказна падышла да напаўнення гэтага раздзела, што не дзіўна: педагог упэўнена, што ў гісторыі няма дробязей, а кожнае адукаванае дзіця павінна ведаць асноўныя падзеі мінулага.

“Заходзячы ў куточак, дзе размешчана экспазіцыя, адчуваем настальгію, — прызнаецца апантаная настаўніца. — Тут мы можам успом­ніць, якой была школа два стагоддзі назад, паглядзець на школьную форму, на прылады, якімі карысталіся тагачасныя вучні”.

Экспазіцыя “Школа! У кожным сэр­цы назаўжды!” уключае ў сябе яшчэ адзін невялікі музей, аналагаў якому, са слоў настаўніцы, няма ні ў вобласці, ні ў краіне. Тут размешчана інфармацыя пра гісторыю тых школ, якіх ужо няма. І на гэтым Наталля Пятроўна не ставіць кропку. Педагог плануе, што за кожным ралапам, які ў храналагічным парадку расказвае гісторыю пэўнай ліквідаванай установы адукацыі, бу­дзе стаяць рэч, якая характарызуе яе: сшыткі, кнігі, парта ці крэсла.

“Каштоўнасць нашага музея ў тым, што мы ўсё рабілі сваімі рукамі, — рэзюмуе педагог. — Яскравае пацвярджэнне гэтага — музей ткацтва. Тут знаходзяцца старыя кросны, а ўсё, чым аздоблены пакой, саткалі нашы продкі. На жаль, іх ужо няма, але памяць аб гэтых людзях жыве, а мы будзем захоўваць яе для іншых пакаленняў”.

Казачны гарадок

На эстэтыцы і інтэрактыўным развіцці ро­бяць акцэнт у выхаванні педагогі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Вілейкі.

Ужо многа гадоў студыяй выяўленчага мастацтва “Пластылінавая краіна” кіруе педагог дадатковай адукацыі Алена Сарока. Дзякуючы яе творчаму светапогляду, прастора дашкольнай установы нагадвае казачны гарадок, дзе ўсё зроблена сваімі рукамі. У адказ на пытанне, чаму назва студыі выяўленчага мастацтва звязана з пластылінам, а не з фарбамі, педагог падзялілася сваёй гісторыяй. Акрамя малявання, Алена Тадэвушаўна вельмі любіць працаваць з пластылінам і глінай. Да гэтага захаплення яна далучыла сваю дачку, а пасля і ўсіх маленькіх выхаванцаў сада.

“Падчас заняткаў у студыі малышы развіваюць дробную маторыку, памяць, — гаворыць Алена Сарока. — Маленькія мастакі часта сутыкаюцца з тым, што многае даведваюцца ўпершыню. Гэта дазваляе ім заўва­жаць больш нюансаў, быць назіральнымі і ўважлівымі. Ва ўстанове ёсць выстава малюнкаў нашых дзетак, тэматыка якой мяняецца што­месяц”.

Для павышэння якасці адукацыйнага працэсу патрэбна не толькі добрая матэрыяльна-тэхнічная база, але і высокакваліфікаваныя педагогі. Загадчык дашкольнага цэнтра Таццяна Калядова падкрэслівае, што менавіта такія спецыялісты працуюць ва ўстанове і адказваюць за мастацка-эстэтычны кірунак.

Амаль дзесяць гадоў у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Вілейкі дзейнічае тэатральная студыя “Казачны калейдаскоп”. Тэатр мініяцюр, тэатр аб’ёмных фігур, тэатры на шкарпэтках, лыжках і лапатках — гэта толькі частка таго, што стварыла для сваіх выхаванцаў таленавіты педагог Таццяна Балінская. Калі пачынала работу над тэатральнай атрыбутыкай, педагог выкарыстоўвала для гэтага ўсё, што было пад рукой: тканіну, старыя цацкі, кнігі, аднаразовыя лыжкі, талеркі і інш.

Ствараць тэатр настаўніцы дапамагалі выхаванцы і іх бацькі. Дзеці, якія калісьці першымі прыйшлі займацца ў студыю да Таццяны Мікалаеўны, ужо даўно скончылі школу, але рэквізіт, які яны разам прыдумвалі і стваралі, педагог выкарыстоўвае і сёння.

“Казачны калейдаскоп” — гэта больш чым 50 міні-тэатраў у адным, але работа па іх стварэнні працягваецца, — заўважае Таццяна Балінская. — У кожную самаробную ляльку, кожнага героя з паперы ці тканіны я ўкладваю часцінку душы і спадзяюся, што з дапамогай тэатра мы выхоўваем нашых малышоў”.

Сучасная харэаграфія — гэта трэці кірунак, які дапамагае фарміраваць у дзяцей эстэтычны густ і ўласны стыль. Танцаваць малышоў вучыць педагог Ангеліна Саўчыц. Яе творчы падыход і светапогляд заўсёды кладуцца ў аснову новых творчых нумароў.

“На сваіх занятках Анге­ліна Мікалаеўна тлума­чыць дзецям асновы рытмікі, вучыць элементам класічнага і народнага танца, імправізацыі, займаецца пастаноўкай эстраднага танца, — расказвае загадчык установы. — Разам з дзецьмі і іх бацькамі малады спецыяліст прымае ўдзел у раённых святах. Такая планамерная работа прыносіць плён. У мінулым годзе дзіцячы калектыў “Грацыя”, якім кіруе Ангеліна Саўчыц, стаў лаўрэатам адкрытага конкурсу дзіцячай творчасці “Капітошка-2023”, а педагог узнагароджана дыпломам ІІ ступені VIII Міжнароднага конкурсу прафесійнага майстэрства спецыялістаў да­школьных адукацыйных арганізацый краін СНД “Майстэрства без меж”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА