Даступнасць, якасць, эфектыўнасць

- 12:21Якасць адукацыі

Базавыя каштоўнасці ў новым фармаце

Жнівеньскі педагагічны форум “Сталічная адукацыя: базавыя каштоўнасці ў сучасным фармаце” прайшоў днямі ў Нацыянальнай бібліятэцы і сабраў каля 500 педагогаў і кіраўнікоў устаноў адукацыі Мінска. На мерапрыемстве былі вызначаны перспектыўныя напрамкі і прыярытэты развіцця ў новым навучальным годзе. У нарадзе прынялі ўдзел намеснік міністра адукацыі Раіса Станіславаўна Сідарэнка, памочнік прэзідэнта — галоўны інспектар па Мінску Уладзімір Валянцінавіч Карпяк, старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Віктаравіч Шорац і іншыя.

Па словах старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама М.У.Мірончыка, для сталіцы прыярытэтным з’яўляецца стварэнне прасторы адукацыйных магчымасцей, якія дазволяць выбудаваць індывідуальную траекторыю навучання для кожнага дзіцяці. У сістэме адукацыі горада больш за 288 тысяч навучэнцаў. Сёлета колькасць школьнікаў павялічыцца на 7 тысяч.

Адукацыйная сетка сталіцы развіваецца колькасна і змястоўна ў адпаведнасці з новымі жыццёвымі рэаліямі, мэтамі і задачамі. У дашкольнай адукацыі гэтыя рэаліі вельмі няпростыя.

— Тэмпы развіцця сеткі дашкольных устаноў не ў поўнай ступені адпавядаюць змяненням дэмаграфічнай сітуацыі і аб’ёмам жыллёвага будаўніцтва, — адзначыў Міхаіл Уладзіміравіч. — За апошнія тры гады пабудавана 12 дашкольных устаноў, адно на бязвыплатнай аснове перададзена гораду з рэспубліканскай уласнасці. У першым паўгоддзі 2017 года адкрыты 3 дашкольныя ўстановы, 1 верасня будуць уведзены ў строй яшчэ 2. Усяго за гэты перыяд горад атрымаў 2665 месцаў для дашкольнікаў, больш за 1500 месцаў вызвалілася ў выніку вываду першых класаў з садкоў на базу школ.

Аднак праблема забяспечанасці дзяцей месцамі ў дашкольных установах застаецца вострай. Па падліках, да 2020 года неабходна пабудаваць больш за 20 садоў. На думку старшыні камітэта па адукацыі, каб вызваліць дадатковыя месцы для дашкольнікаў, трэба звярнуць увагу на ўнутраныя рэзервы сістэмы адукацыі. Летась вялікую колькасць месцаў у дашкольных установах займалі дзеці 7-гадовага ўзросту, якія не прыступілі да заняткаў у школе па заяве бацькоў. Пры некаторай тэндэнцыі да зніжэння гэты паказчык застаецца высокім — 3420 чалавек. Важна, каб бацькі думалі не толькі пра сваіх дзяцей, але і пра тых, хто па іх жаданні застаўся без месца ў дашкольнай установе.

Сёння гораду ёсць чым ганарыцца, ён утрымлівае дастаткова высокую планку. Мінскія школьнікі паказваюць высокія вынікі на ЦТ, алімпіядах, міжнародных конкурсах. З 2000 года каманда горада лідзіруе на рэспубліканскай прадметнай алімпіядзе.

Аб узроўні ведаў навучэнцаў, якія закончылі навучанне на І ступені адукацыі, можна меркаваць і па выніках уступнай кампаніі ў 5-я класы гімназій. Сёлета ў ёй прымала ўдзел трэцяя частка выпускнікоў 4-х класаў. 88% выпускнікоў атрымалі па ўсіх прадметах ад 8 да 10 балаў. З 2014 па 2017 год больш чым у тры разы павялічылася колькасць вучняў, якія набралі 60 балаў, — кожны дзясяты ўдзельнік конкурснага адбору. Гэта магутная матывацыя бацькоў для навучання дзяцей у гімназіях і выкарыстанне ўсіх магчымых шляхоў пры падрыхтоўцы да ўступных выпрабаванняў.

Аб’ектыўным матэрыялам для ацэнкі якасці адукацыі з’яўляюцца вынікі ЦТ — аднаго з элементаў знешняга кантролю якасці ведаў. У цэнтралізаваным тэсціраванні прынялі ўдзел амаль 90% выпускнікоў сталічных школ. Сярэдні набраны бал па ўсіх прадметах — 47,1. Павысіліся вынікі па фізіцы, хіміі, нямецкай, французскай, іспанскай мовах. 100 балаў па прадметах у краіне атрымалі 259 чалавек. Трэць з іх — выпускнікі мінскіх школ. Гэта больш, чым летась. Па два стабальныя вынікі атрымалі 4 мінскія школьнікі.

Як адзначалася, за два гады ў кожным раёне сфарміраваліся свае мадэлі профільнага навучання. У іх аснове запыты рынку працы, дастатковасць рэсурснага забеспячэння, дыягностыка адукацыйных запытаў насельніцтва і задаволенасць навучэнцаў і іх бацькоў якасцю адукацыйнага працэсу. У горадзе дасягнуты аптымальныя суадносіны базавых і профільных класаў (47% і 53%). У новым навучальным годзе гэтыя суадносіны будуць прыкладна такімі ж. На думку М.У.Мірончыка, адукацыйныя запыты школьнікаў бацькоў неабходна не толькі задавальняць, але і фарміраваць.

Сярод задач на найбліжэйшую перспектыву — ажыццяўленне далейшай аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі не толькі з мэтай эканоміі бюджэтных сродкаў, але і для павышэння даступнасці адукацыйных паслуг; распрацоўка эфектыўных форм работы па дасягненні балансу паміж індывідуальнымі запытамі насельніцтва і патрэбамі сацыяльна-эканамічнага комплексу Мінска; пашырэнне сеткі факультатываў, накіраваных на вырашэнне задач профільнай адукацыі, і яе арганічнае ўбудоўванне ў адукацыйны працэс, а таксама развіццё дыстанцыйнага навучання як сродку павышэння асноўнай, спецыяльнай, дадатковай адукацыі.

Падчас сустрэчы былі закрануты пытанні грамадзянска-патрыятычнага і працоўнага выхавання моладзі, жыццеўладкавання выпускнікоў школ, работы з адоранымі дзецьмі. М.У.Мірончык прапанаваў вярнуцца да ідэі стварэння аўтарскіх школ педагогаў, якія паспяхова працуюць з адоранымі дзецьмі, каб не атрымлівалася так: пайшоў педагог — разбурылася ўся сістэма.

На нарадзе падкрэслівалася, што адна з галоўных мэт сістэмы адукацыі Мінска — павышэнне якасці адукацыі, дасягненне такога ўзроўню, які даваў бы эканамічны і сацыяльны эфект. У агульнай сярэдняй адукацыі актуальным з’яўляецца пераасэнсаванне ролі інфармацыйных тэхналогій, арганізацыя і развіццё дапрофільнага і профільнага навучання не толькі ў адпаведнасці з эканамічнай спецыялізацыяй горада, але і з арыентацыяй на падрыхтоўку будучых спецыялістаў у ІТ-індустрыі, стварэнне на базе рэсурсных цэнтраў своеасаблівых тэхнапаркаў для папулярызацыі сярод дзяцей і моладзі дасягненняў навукі, інавацый і магчымасцей ІТ.

Зразумела, для вырашэння гэтых задач патрэбны педагогі новай фармацыі. “Настаўнік перастае быць дамінуючай фігурай у адукацыйным працэсе. Наша мэта — падрыхтаваць педагога, здольнага змяняць сваё рацыянальнае мысленне ў адказ на новыя выклікі і гатовага вучыць дзяцей з такім жа менталітэтам”, — лічыць М.У.Мірончык.

Намеснік міністра адукацыі Раіса Станіславаўна Сідарэнка ў сваім выступленні акцэнтавала ўвагу педагогаў на асноўных напрамках работы ў новым навучальным годзе, што былі вызначаны на Рэспубліканскім педсавеце. Яна падкрэсліла, што за летнія месяцы абноўлены вучэбныя праграмы, па шэрагу прадметаў распрацаваны вучэбныя дапаможнікі (за што вялікі дзякуй у тым ліку сталічным педагогам), на нацыянальным адукацыйным партале размешчаны інструктыўна-метадычныя пісьмы.

— Нават самы цудоўны падручнік і праграма змогуць даць свой эфект толькі ў тым выпадку, калі яны апынуцца ў руках прафесіянала, — падкрэсліла Р.С.Сідарэнка. — Толькі пасля таго, як любая навуковая распрацоўка пабывае ў руках практыкаў, калі ў канкрэтнай установе з канкрэтнымі дзецьмі пройдзе яе апрабацыя, можна будзе гаварыць аб паспяховасці прадукту.

На думку намесніка міністра адукацыі, кропкай адліку павінна стаць разуменне таго, што не толькі кожны ўрок нясе ў сабе вялізны выхаваўчы патэнцыял, але і кожнае слова настаўніка, кожны яго жэст, кожны каментарый.

— Атрымаўшы напярэдадні навучальнага года неверагодны бонус ад кіраўніка дзяржавы — высокую ацэнку сістэмы адукацыі, мы павінны разумець, што далей усё ў нашых руках: і эфектыўнасць работы кожнай установы, і тое, як нас ацэньвае грамадства, і тое, ці зменяцца адносіны да статусу педагога з разуменнем таго, што і статус педагога пачынаецца менавіта з яго асобы, — падкрэсліла Р.С.Сідарэнка.

Старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Віктаравіч Шорац падзякаваў педагогам за іх высакародную і няпростую працу, адзначыўшы, што сістэма адукацыі сталіцы знаходзіцца на высокім узроўні, а таксама прапанаваў да святкавання 950-годдзя Мінска дадаткова прастымуляваць настаўнікаў, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё галіны.

Завяршыўся форум ушанаваннем лепшых настаўнікаў сталіцы. Педагогі атрымалі нагрудныя знакі Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі”, ганаровыя граматы і падзякі Мінгарвыканкама, Мінгарсавета дэпутатаў, прафсаюза.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.