Адной з галоўных падзей Года навукі стаў фінал конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. Конкурс шосты год запар становіцца для маладых інаватараў адначасова і выставачнай, і стартавай пляцоўкай, бо дае магчымасць не толькі заявіць пра сябе і свае ідэі, але і атрымаць фінансаванне на іх рэалізацыю. А сваю ідэю — рэалізоўваць маладзёжныя ідэі — усе 6 гадоў паспяхова рэалізуе Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.
Навуковыя акцэнты
Сімвалічна, што сёлетняе свята навукі і інавацый прайшло ў Нацыянальнай акадэміі навук. Старт жа яму дало маладзёжнае шоу “Нас мільёны” з удзелам зорак беларускай эстрады, робатаў-трансформераў, гіраскутарыстаў і танцораў брэйк-данса. З прывітальнымі словамі выступілі ганаровыя госці: Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч, першы намеснік старшыні Адміністрацыі прэзідэнта Максім Рыжанкоў, намеснік Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў і інш.
На інтэрактыўнай выставе-прэзентацыі было прадстаўлена 120 лепшых інавацыйных праектаў і навукова-тэхнічных распрацовак пераможцаў абласных і мінскага гарадскога этапаў праекта “100 ідэй для Беларусі”. Менавіта яны былі адабраны з больш як 2 тысяч заявак з усёй краіны.
Кожны наведвальнік выставы мог ацаніць перспектывы маладзёжнай навукі ў сферы медыцыны, нана-, бія-, 3D- і інфармацыйных тэхналогій, робататэхнікі, хіміі, энергетыкі, прамысловасці. Тэлескоп-рэфрактар з падручных матэрыялаў, гасцініца для кветак з аўтаматызаванай сістэмай кіравання мікракліматам, кліматычная камера для мерыстэмнага кланіравання раслін, хімічная грэлка, антытэрарыстычны комплекс — сваё ўвасабленне знайшлі самыя смелыя навуковыя задумкі.
Мнагалюдна было каля стэндаў робататэхнікаў. Напрыклад, студэнт БНТУ Максім Масальскі разам са сваёй камандай стварыў робата-рэпетытара ў галіне IT, які навучыць школьніка або студэнта праграмаваць, а таксама разбірацца ў электроніцы і робататэхніцы.
Не меншую цікавасць у маладых навукоўцаў выклікаюць і 3D-тэхналогіі. На выставе быў прадстаўлены 3D-прынтар са школьных парт, які можа ствараць аб’ёмныя дэталі для прылад, якія ўжо не выпускаюцца і, адпаведна, дэталі на іх купіць немагчыма, праграма для 3D-праектавання печаў, камінаў, барбекю і пячных комплексаў.
У сферы медыцыны і медтэхнікі было некалькі трэнажораў для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія дапамагаюць развіваць дробную маторыку. Прадстаўлена новая тэхналогія лячэння дзіцячай плоскаступнёвасці: яна ўжо запатэнтавана аўтарамі. Яшчэ адзін цікавы праект — сістэма тэсціравання лякарстваў, якая дазваляе ўлічваць індывідуальныя асаблівасці арганізма пры падборы прэпаратаў і тым самым пазбягаць пабочных эфектаў.
На выставе можна было пазнаёміцца з мабільнымі дадаткамі і электроннымі рэсурсамі. Напрыклад, мабільны дадатак Report Антона Любахінца з Брэста дазваляе даведацца, што адбываецца ў любой кропцы планеты, у любым горадзе. А можна даведвацца, ці ёсць чэргі ў суседнім магазіне, ці перапоўнена любімае кафэ. Гэта дазваляе эканоміць час.
Пазнаёміўшыся з выставай, міністр адукацыі Ігар Карпенка зазначыў: “Радуе, што многія праекты — практыка-арыентаваныя. Цяпер вельмі важна (незалежна ад таго, ці ўвойдуць яны ў дзясятку лепшых) паглядзець, як іх звязаць з рэальным сектарам эканомікі, дзе могуць быць выкарыстаны гэтыя работы. Узяць, напрыклад, распрацаваную студэнтам БДУ сістэму маніторынгу і рэагавання на ўцечку бытавога газу ў кватэрах. На жаль, апошнім часам такая праблема ў жылых дамах стала актуальнай, таму наладзіць серыйную вытворчасць такой распрацоўкі і ўкараненне яе ў сферу ЖКГ было б вельмі дарэчы. Цяпер трэба прапрацаваць гэтае пытанне з рэальнымі вытворцамі, прадпрыемствамі. Гэтая ідэя павінна быць падтрымана адпаведнымі ведамствамі. Міністэрства адукацыі гатова падставіць плячо і дапамагчы прасоўваць гэты праект. І так на кожны праект трэба паглядзець. Мала правесці гэты конкурс, трэба, каб з’яўляліся лабараторыі падтрымкі і прасоўвання гэтых праектаў, каб яны хутчэй і прасцей укараняліся. Важна, каб і УВА гэтай работай сур’ёзна заняліся, магчыма, пры падтрымцы нашых часовых навуковых калектываў”.
Топ-10 вызначана
Абарона праектаў праходзіла ў фармаце start-up, і ў выніку экспертны савет конкурсу вызначыў дзесяць пераможцаў у асноўных намінацыях.
Галоўны прыз, грант 11,5 тысячы беларускіх рублёў, прысуджаны афіцыйным партнёрам конкурсу — прадпрыемствам “Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь” — выкладчыку кафедры ліквідацыі надзвычайных сітуацый Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Беларусі Арцёму Марозаву за праект “Ствол пажарны ручны ўніверсальны камбінаваны “Вікінг”.
“Ідэя зарадзілася ў нас ужо гадоў пяць назад, калі мы паглядзелі, як працуюць нашы замежныя калегі з пажарнымі стваламі новага пакалення. Мы распрацавалі і зрабілі падобны ствол, якія падае ваду для тушэння незвычайным спосабам. Раней для розных відаў пажараў выкарыстоўваліся розныя ствалы: для нязначнага — адзін ствол, для вялікага — іншы. Асаблівасць жа нашага ў тым, што ён замяняе некалькі розных ствалоў, мы можам рэгуляваць колькасць вады, а пры неабходнасці, скажам, пры тушэнні бензіну, можам па ім падаваць пену”.
Пра актуальнасць вынаходства гаворыць і тое, што на мінулагоднім конкурсе “100 ідэй для Беларусі” калегі Арцёма Марозава па ўніверсітэце таксама выйгралі гран-пры, прадставіўшы кавітацыйны вадапенны насадак для пажарных ствалоў старога ўзору. Інавацыя гэтай распрацоўкі ў тым, што заменены і сам ствол. Куды патраціць выйгрыш, аўтар ужо ведае: “На дапрацоўку і ўдасканаленне. Плануем пашырыць мадэльны рад, дадаць аксесуары. Нашым падраздзяленням паставілі ўжо 20 ствалоў, на падыходзе яшчэ 300. Будзем выходзіць і на замежныя рынкі”.
Іншыя пераможцы ў намінацыях атрымалі гранты ў памеры 40 тарыфных ставак. Так, у намінацыі “Хімічныя тэхналогіі, нафтахімія” перамога таксама дасталася Універсітэту грамадзянскай абароны МНС і маладым вучоным Аляксандру Лук’янаву, Дзянісу Крывалю, Андрэю Назаровічу за работу “Нанакампазіцыйныя матэрыялы на аснове поліэфіру і поліаміду, якія валодаюць перманентнай вогнеўстойлівасцю”.
У намінацыі “Бія- і нанаіндустрыя” перамог Андрэй Шункевіч з работай “Дабаўка кармавая бялковая з малочнай сыроваткі” (Інстытут фізікаарганічнай хіміі НАН), у намінацыі “Інфармацыйна-камунікацыйныя і авіякасмічнай тэхналогіі” — індывідуальны прадпрымальнік Сяргей Косік з работай Button SOS.
У намінацыі “Энергетыка і энергаэфектыўнасць, атамная энергетыка” перамогу атрымалі Мікалай Карнаухаў, Уладзіслаў Вальфовіч, Канстанцін Бунас (Беларуская дзяржаўная акадэмія авіяцыі) за аўтарскі праект “Перспектыўная сістэма рэгулявання напружання на аснове штучнага інтэлекту для самалётаў канцэпцыі All electric aircraft”.
У намінацыі “Аграпрамысловыя тэхналогіі і вытворчасць” лепшым стаў праект “З’еш мяне” студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту Івана Рудкова і дзяўчат з ідэальнымі для пераможцаў прозвішчамі Вольга Пахвалава і Настасся Талантава.
“Наша фірма будзе спецыялізавацца на выпуску ядомых шкляначак, — расказвае Настасся. — Такі посуд мы распрацавалі з розных матэрыялаў: для кавы — з пшанічнай мукі, пячэння, вафель, пакрытых цукровай глазурай, а для прахаладжальных напіткаў і дэсертаў — жэлейныя. Для тых, хто сочыць за сваёй вагой, мы прапаноўваем нізка-каларыйныя шкляначкі з міндальнай мукі, з дабаўленнем пекціну, жэлейныя робім з агар-агару. Пакуль мы вырабляем шклянкі дома ў спецыяльна зробленых формах. Сёння мы атрымалі права на патэнт нашай тэхналогіі, на адкрыццё сайта. Спадзяёмся, гэта дазволіць хутчэй наладзіць вытворчасць ядомага посуду. Мы плануем пастаўляць такую прадукцыю ў мясцовыя кафэ і рэстараны хуткага харчавання. Будзе магчыма дастаўка на дом для таго, каб здзівіць сваіх блізкіх і сяброў і зрабіць наш горад крыху чысцейшым”.
У намінацыі “Прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі і вытворчасць” перамога дасталася Андрэю Глушакову з Фізіка-тэхнічнага інстытута НАН за распрацоўку “Новая эканомналегіраваная сталь для зубчастых колаў каробкі перадач аўтатрактарнай тэхнікі”.
Аляксандр Ганчар, Максім Амельяновіч і Мікіта Седляр з Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН сталі лепшымі ў намінацыі “Медыцына, фармацыя, медыцынская тэхніка” з работай “Выяўленне генетычных прычын невыношвання цяжарнасці — шлях да павышэння нараджальнасці”. У гэтай жа намінацыі пераможцам прызнаны Максім Кір’янаў за распрацоўку “Пальчатка-трэнажор для рэабілітацыі пасля інсульту” (Гомельскі дзяржаўны машынабудаўнічы каледж).
“Пасля інсультаў у 80 працэнтах выпадкаў парушаецца адчувальнасць рук, — расказвае Максім. — Наша пальчатка дапамагае праводзіць аўтаномную рэабілітацыю пасля інсульту без асаблівых затрат. У адрозненні ад замежных аналагаў, кошт якіх пачынаецца ад 25 тысяч еўра, наша каштуе каля 50 беларускіх рублёў. Прычым па некаторых параметрах наша пальчатка пераўзыходзіць аналагі, бо яна аўтаномная, рэабілітацыю можна праводзіць па-за бальнічнымі сценамі, папярэдне запраграмаваўшы яе ці праграмуючы дыстанцыйна праз інтэрнэт”.
Лепшымі ў намінацыі “Рацыянальнае прыродакарыстанне і глыбокая перапрацоўка прыродных рэсурсаў” перамагла Дар’я Залеская са Старобінскай сярэдняй школы (Мінская вобласць) за распрацоўку “Эказол “Тры мядзведзі” — новы экалагічны Антыпірэн для папярэджання лясных пажараў. У намінацыі “Сацыяльная сфера” лепшай аказалася Наталля Катовіч з праектам “Азбука маленькага беларуса” (Гродзенскі дзяржаўны каледж тэхнікі, тэхналогіі і дызайну).
Усе пераможцы атрымалі ў якасці дадатковага бонусу пуцёўкі на Міжнародны маладзёжны конкурс “100 ідэй для СНД — 2018”, дзе яны прадставяць нашу краіну.
Навука будучыні — навука маладых
“Наша моладзь крочыць у нагу з навукай, — рэзюмаваў выставачныя навінкі першы намеснік старшыні Адміністрацыі прэзідэнта Максім Рыжанкоў. — Прадстаўленыя праекты сведчаць пра тое, што маладыя людзі актыўна адсочваюць дасягненні навукова-тэхнічнага прагрэсу, ствараюць аналагі сусветных распрацовак, прыстасоўваючы іх пад беларускія рэаліі”.
А вось падтрымаць таленты, дапамагчы маладым талентам не згубіцца і развівацца далей, стварыць для іх прывабныя ўмовы — клопат дзяржавы. Як гэта зрабіць, маладыя даследчыкі, вядомыя навукоўцы, дэпутаты і дзяржаўныя служачыя абмеркавалі ў адкрытым дыялогу. Усяго дыскусія сабрала каля 400 удзельнікаў.
Так, Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч лічыць, што ўдзельнікаў праекта БРСМ “100 ідэй для Беларусі” трэба матываваць да паступлення ў аспірантуру і для гэтага стварыць банк даных. Ён выказаў занепакоенасць тым, што моладзь не хоча ісці ў аспірантуру, асабліва гарадская, адсюль і нізкія конкурсы. “Трэба думаць, як выправіць гэтую сітуацыю, як не толькі выяўляць самародкаў з прыроднымі задаткамі даследчыка, але і стымуляваць іх, як дапамагчы ім вырасці ў прафесійных навукоўцаў, — зазначыў ён і і дадаў: — Не сумняваюся, што ў пераможцаў “100 ідэй для Беларусі” — зайздросныя перспектывы”.
Падчас адкрытага дыялогу Старшыня Савета Рэспублікі выказаў шэраг прапаноў па ўдасканаленні арганізацыі конкурсу і адказаў на пытанні ўдзельнікаў. Нагадаўшы аб нядаўняй сустрэчы прэзідэнта з навукоўцамі, Міхаіл Мясніковіч заклікаў маладых вучоных накіроўваць у акадэмію навук прапановы па ўдасканаленні арганізацыі навуковай дзейнасці, паколькі гутарку пра перспектывы беларускай навукі плануецца працягнуць у верасні.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.