У настаўнікаў асаблівы лёс — жыць вечна, паколькі часцінка іх душы, думак, пачуццяў, імкненняў застаецца ў вучнях, сябрах, калегах. 33 гады на высокім узроўні выкладае беларускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе № 1 Старых Дарог імя Героя Савецкага Саюза Ф.Ф.Кулікова Жанна Жаўняровіч.
У педагогіку Жанна Антонаўна прыйшла ўсвядомлена.
— Праца настаўніка падабалася мне з дзяцінства. Любіла гуляць у школу, правяраць сшыткі, заводзіла нават свае чыстыя сшыткі для ўмоўных вучняў (за што бацькі сварыліся). А стаць менавіта настаўніцай беларускай мовы і літаратуры падштурхнулі мае настаўнікі Таццяна Іосіфаўна Шпакава і Станіслаў Іосіфавіч Ліноўскі, — успамінае Жанна Антонаўна.
Ужо 38 гадоў яна выкладае беларускую мову і літаратуру. У скарбонцы шмат дыпломаў і ўзнагарод, вельмі добрыя вынікі здачы цэнтралізаванага тэсціравання і цэнтралізаванага экзамену яе навучэнцамі, яна занесена ў Кнігу гонару ўстановы адукацыі, імкнецца ўвесь час павышаць сваю кваліфікацыю. Жанна Антонаўна — узор педагагічнай этыкі, самаахвярнасці, працавітасці. З першых дзён настаўніцкай працы яна пераканалася, што ўсмешка мацнейшая за абурэнне і раздражненне. І таму з вучнямі ў яе заўсёды цудоўныя адносіны, ёсць узаемаразуменне і павага.
Вучаніца 11 класа Паліна Дубік адзначае:
— Педагагічнае майстэрства Жанны Антонаўны немагчыма ацаніць ніякімі разрадамі і кваліфікацыямі. Такіх педагогаў называюць проста — ідэальны настаўнік. Вытрыманая, мудрая, пазітыўная, вытанчаная, яна прыцягвае да сябе з першага погляду і слова. Яе ўрокі напоўнены не толькі напружаным вучэбным працэсам, але і радасцю пазнання. Мяне заўсёды захапляў стыль падачы матэрыялу, які адрозніваецца актуальнасцю і даступнасцю. А колькі душэўных сіл аддае Жанна Антонаўна нам, навучаючы правільна і проста разбірацца не толькі ў таямніцах беларускай мовы, але і ў таямніцах жыцця! Побач з гэтай жыццярадаснай настаўніцай пануе неверагодная атмасфера. Яна дае нам, вучням, каласальны зарад бадзёрасці, натхняе на новыя здзяйсненні. Гледзячы на яе, хочацца ісці толькі наперад.
Жанна Антонаўна не толькі настаўнік-прадметнік, але і класны кіраўнік — патрабавальны, душэўны. Яна ганарыцца сваімі выпускнікамі: усе яны сталі дастойнымі людзьмі.
— Гэта асаблівая старонка ў рабоце настаўніка, — лічыць педагог. — Для мяне мае выпускнікі — гэта мае дзеці. Я ніколі не губляла з імі сувязі пасля заканчэння школы. Заўсёды цікаўлюся іх жыццём і радуюся іх поспехам, таму што ў іх душах ёсць і часцінка майго сэрца.
Нездарма менавіта радкі з верша С.Грахоўскага “Народная настаўніца” запалі ў душу Жанне Антонаўне яшчэ з дзяцінства:
Ты ўзышла на ганак роднай школы,
Ты гэтым дзецям блізкая, свая…
Наталля ЛЯЦКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 1 Старых Дарог
імя Героя Савецкага Саюза Ф.Ф.Кулікова
Фота Алега ІГНАТОВІЧА