Настасся Бірукова: «Жывое слова педагога, звычайную дошку і крэйду наўрад ці што зможа замяніць»

- 9:00Первое рабочее место

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Бабруйска Настасся Бірукова ў педагогіцы ўсяго другі год, а ўжо мае першую кваліфікацыйную катэгорыю і шэраг важкіх працоўных дасягненняў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У чым сакрэт прафесійнай паспяховасці? Трэба проста любіць тое, чаму вучыш, і тых, каго вучыш. Гэтае вядомае ўсім сцвярджэнне для мяне адзін з асноўных працоўных прынцыпаў. Педагогіку я выбірала свядома. На гэты шлях мяне натхніў школьны настаўнік беларускай мовы Міхаіл Аляксандравіч Кунцэвіч. Паўплываў і прыклад маці Ірыны Іванаўны — яна загадвае дзіцячым садам. Іншай жыццёвай дарогі для сябе нават не бачыла, — паведаміла Настасся Бірукова.

Юнацкае імкненне Настасся Віктараўна ажыццявіла ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Студэнцкія гады для яе прайшлі непрыметна, бо гэты час быў напоўнены не толькі вучобай, але і грамадскай дзейнасцю, навуковымі даследаваннямі.

Настасся Бірукова атрымала дыплом з адзнакай. Маладому педагогу было адкрыта шмат дарог, але з усіх яна выбрала тую, што вяла на малую радзіму. Па размеркаванні дзяўчына накіравалася ў родны Бабру­йск.

— Я і зараз памятаю свой першы ўрок. Калі ішла ў клас, не адчувала ніякага страху. Крыху хвалявалася, але практыка ва ўніверсітэце, парады дасведчаных калег надавалі ўпэўненасці ў сваіх сілах. Дзецям заняткі вельмі спадабаліся. І мне першы дзень у гімназіі запомніўся станоўчымі ўражаннямі, — расказала Настасся Віктараўна.

На ўрокі да Настассі Біруковай гімназісты ідуць з задавальненнем. Нягледзячы на патрабавальнасць, маладая настаўніца ўмее зацікавіць навучэнцаў.

— Заняткі будую, камбінуючы традыцыйныя падыходы з сучаснымі адукацыйнымі тэхналогіямі. Часта карыстаюся вучэбнымі магчымасцямі мультыборда: інтэрактыўныя гульнявыя заданні дазваляюць разнастаіць урок. Але прытрымліваюся думкі, што жывое слова педагога, звычайную дошку і крэйду наўрад ці што можа замяніць, — адзначыла суразмоўніца.

Адметнасць яе ўрокаў — у выразнай сістэмнасці і творчасці. Для настаўніцы важна, каб кожны вучань зразумеў тэму і замацаваў атрыманыя веды. Значным яна лічыць і фарміраванне ў дзяцей камунікабельнасці і крытычнага мыслення.

— Заўсёды выкарыстоўваю выхаваўчы патэнцыял урокаў. На маіх прадметах ён вельмі шырокі. Творы класікаў беларускай літаратуры, правільна падабраныя моўныя тэксты дазваляюць выхоўваць у навучэнцах патрыятызм, грамадзянскасць, прывіваюць ім духоўна-маральныя каштоўнасці, — падкрэсліла Настасся Віктараўна.

Выхаванне вучняў Н.Бірукова працягвае ў пазаўрочны час. Яна кіруе літаратуразнаўчым музеем і беларускамоўным тэатрам гімназіі, рэгулярна ладзіць мерапрыемствы, якія далучаюць дзяцей да родных вытокаў. Вядзе педагог і класнае кіраўніцтва: у яе 25 хлопчыкаў і дзяўчы­нак з 6 “Б”.

— Акрамя абавязковых форм работы, рэгулярна сустракаемся з класам па суботах. Стараемся праводзіць шосты школьны дзень цікава, актыўна, карысна. Наведваем кінатэатры, спартыўныя турніры, музеі, — патлумачыла Настасся Віктараўна.

У ліку працоўных прыярытэтаў Настассі Біруковай — усебаковая падтрымка адораных дзяцей. Настаўніца шмат увагі ўдзя­ляе раскрыццю вучнёўскіх талентаў. Яна пастаянна на сувязі з навучэнцамі: падказвае, стымулюе, накіроўвае. Такая не­абыякавасць прыносіць адпаведныя вынікі. Вучні Настассі Віктараўны выйшлі ў прызёры заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару, неаднаразова вызначаліся на гарадскім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры і ў творчых праек­тах.

Дарэчы, нямала перамог і ў прафесійнай скарбонцы самой Настассі Біруковай. Яна пераможца абласнога фестывалю “Прызванне — педагог”, гарадскога конкурсу “Лепшы малады спецыяліст”, абласнога конкурсу “Электронныя рэсурсы ў адукацыйным працэсе” і рэспубліканскага “Дыдактычныя асновы рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу ўрока”.

Настасся Віктараўна ўдзельнічае ў семінарах, выступае на канферэнцыях. Яна нястомна рухаецца да павышэння педагагічнага майстэрства, бо пераканана: інакш у сучасных рэаліях нельга.

— Запыты грамадства на адукацыю дынамічна мяняюцца. Гэта трэба ўлічваць, умець адпавядаць сённяшнім адукацыйным тэндэнцыям, — упэўнена мая суразмоўніца.

На прафесійны рост Настасся Віктараўна нацэлена і ў далейшым. У планах — паспрабаваць пакарыць вяршыні конкурсу “Настаўнік года”.

— Планую весці да новых дасягненняў і сваіх навучэнцаў. Бо іх поспехі для мяне — галоўны паказчык эфектыўнасці работы і матывацыя да самаўдасканалення, — запэўніла педагог.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота Аляксандра АНТАШКЕВІЧА