Працуючы першы год у Парэцкай сярэдняй школе Акцябрскага раёна настаўніцай гісторыі і грамадазнаўства, 22-гадовая Аліна Голуб вядзе класнае кіраўніцтва ў 5 класе, актыўнічае ў школьных і раённых мерапрыемствах. І пабывала ўжо на сустрэчы са старшынёй аблвыканкама ў ліку маладых спецыялістаў Гомельшчыны. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Прафесія мяне выбрала
— Я нарадзілася ў сям’і, дзе з прафесіяй педагога знаёмы не па чутках: мая бабуля — выхавальніца дзіцячага садка, а мама — настаўніца нямецкай мовы, — пачынае аповед пра сябе і сваю сям’ю Аліна Голуб. — Будучы актыўным і дапытлівым дзіцем, я любіла праводзіць час з кнігай у руках, алоўкамі і фарбамі, пастаянна задавала шмат пытанняў бацькам. Мама часта брала мяне на свае ўрокі, а дома я нярэдка чула размовы пра школу, да таго ж з малых гадоў назірала, як мама працуе над чарговым планам урока або афармленнем стэндаў у клас. Не заўсёды гэта давалася ёй лёгка, але, нягледзячы на гэта, я заўсёды хацела быць падобнай на маму і стаць настаўніцай. Так што, можна сказаць, прафесія сама мяне выбрала, заставалася толькі вызначыцца са спецыяльнасцю.
Дачка педагога заўсёды старалася быць адказнай вучаніцай: загадзя рыхтавалася да ўрокаў, выконваючы ўсе дамашнія заданні, імкнулася ўдзельнічаць ва ўсіх школьных мерапрыемствах і конкурсах. З юных гадоў да кожнай новай задачы яна вучылася ставіцца як да магчымасці праявіць сябе, даведацца нешта новае і цікавае, чамусьці навучыцца. Свае насычаныя і цікавыя школьныя гады малады педагог успамінае з вялікай радасцю:
— У школе я асвойвала не толькі агульнаадукацыйныя прадметы, але і ўменне працаваць у камандзе, быць арганізаванай і знаходлівай. Заўсёды радавалася выдатным адзнакам і перамогам у конкурсах. Любоў да гісторыі і грамадазнаўства мне прывіла педагог Алена Васільеўна Герасіменка. Яе займальныя ўрокі-аповеды пра вялікія падзеі і гістарычных асоб запомніліся надоўга. Мабыць, дзякуючы ёй для мяне гісторыя — гэта не проста набор дат і падзей, а цэлае падарожжа ў часе, якое дазваляе даведацца і ацаніць мінулае, лепш разумець сучаснасць і будучыню.
Вучоба і практыка
Паступіўшы па мэтавым накіраванні на спецыяльнасць “Гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны” ў Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна, Аліна Голуб ўдзельнічала ў падрыхтоўцы і правядзенні інфармацыйна-выхаваўчых і грамадзянска-патрыятычных мерапрыемстваў: “Памяць у сэрцы жыве!”, “Мы выбіраем філфак!”, “Філфак. Мы разам!”, “Студэнты — дзецям”. Таксама прымала ўдзел у культурна-спартыўным фестывалі “Вытокі. Крок да Алімпу”, у акцыях “Мы гэтай памяці верныя”, “Дзень народнага адзінства”. Праводзіла прафарыентацыйную работу сярод навучэнцаў старшых класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
Сярод маленькіх дасягненняў падапечных Аліны Голуб — перамога Вікторыі Каймовіч у раённым этапе конкурсу “Ратавальнікі вачыма дзяцей” у намінацыі “Апавяданне, казка”.
Прыйшоўшы на педагагічную практыку ў сярэднюю школу № 7 Мазыра, дзяўчына крыху баялася, што вучні не будуць яе ўспрымаць сур’ёзна, і прыклала нямала намаганняў, каб зарэкамендаваць сябе з лепшага боку.
— Мне вельмі дапамагалі настаўнікі гэтай школы, у прыватнасці замацаваная за мной Вікторыя Ігараўна Кліменка. Дзякуючы яе парадам, я навучылася пісаць планы-канспекты і правільна праводзіць урокі. Навучылася быць цярплівай і назіральнай, імкнучыся лепш зразумець патрэбы, інтарэсы і здольнасці кожнага выхаванца, — расказвае Аліна Аляксандраўна. — Я засвоіла, мабыць, ключавое разуменне для эфектыўнага навучання і развіцця вучняў, што кожнае дзіця з яго асаблівасцямі і здольнасцямі ўнікальнае, і трэба адаптаваць адукацыйны працэс пад індывідуальныя патрэбы школьнікаў, прымяняючы розныя метады і падыходы для дасягнення найлепшых вынікаў. Таксама я ўсвядоміла, што важна стварыць даверлівую атмасферу ў класе, дзе кожны хлопчык і кожная дзяўчынка будуць адчуваць сябе камфортна і бяспечна. Усё гэта дапамагае стварыць аптымальныя ўмовы для навучання.
Першыя крокі
На першым працоўным месцы калегі сустрэлі маладога педагога гасцінна: расказалі пра школу, яе правілы і традыцыі, патлумачылі ўсе асаблівасці вучэбнага працэсу. Словам, зрабілі ўсё, каб яна хутчэй адаптавалася і паспяхова інтэгравалася ў калектыў.
— Напэўна, самым складаным на пачатковым этапе работы аказалася запаўненне розных дакументаў. Але я адчувала, што калегі зацікаўлены ў маім поспеху і ва ўсім падтрымліваюць, — дзеліцца сваімі адчуваннямі ў першыя месяцы работы мая суразмоўніца. — Яны паклапаціліся, каб я як мага хутчэй стала часткай каманды. Так неўзабаве і адбылося: зараз мы не толькі зладжана працуем, але, бывае, і вольны час разам праводзім.
Класнае кіраўніцтва стала дадатковай праверкай на трываласць для настаўніка-пачаткоўца. Зрэшты, агульную мову з пяцікласнікамі педагог знайшла хутка. Спачатку складаней было з бацькамі зусім юных падапечных. Яны крыху асцерагаліся, маўляў, учарашняя выпускніца ўніверсітэта наўрад ці многае дасць дзецям. Але неўзабаве, назіраючы за ўзаемаадносінамі ў класе, слухаючы водгукі дзяцей, мамы і таты канстатавалі: “Мы рады, што дзеці вас любяць, вы з імі на адной хвалі”. І гэтая любоў паміж вучнямі і педагогам узаемная.
Разважаючы аб рабоце і прызванні, прыслухоўваючыся да сваіх адчуванняў у першы год настаўніцтва, Аліна Голуб адзначае:
— Прафесія педагога — адна з самых важных і значных у грамадстве. Яна патрабуе не толькі ведаў і навыкаў, але і вялізнага цярпення, любові да дзяцей і шчырага жадання дапамагаць ім у іх развіцці. Думаю, трэба быць не проста настаўнікам, але і выхавальнікам, нават сябрам для сваіх вучняў. Працуючы першы год у школе, я зразумела, што мне гэта сапраўды падабаецца, адчуваю сябе на сваім месцы. А яшчэ ўсвядоміла, што настроена доўга ісці па педагагічным шляху з высока паднятай галавой. Для мяне педагогіка — гэта прызванне, якое патрабуе аддачы і любові да дзяцей. Невыпадкова Васіль Сухамлінскі без роздуму адказваў, што самае галоўнае ў яго жыцці — гэта любоў да дзяцей.
Вучэбны працэс
Імкнучыся зрабіць урокі цікавымі і займальнымі, а вучэбны матэрыял больш даступным, Аліна Аляксандраўна выкарыстоўвае на ўроку розныя метады і тэхнікі. Сярод іх інтэрактыўныя гульні, работа ў групах. Таксама ў ход ідуць візуальныя і аўдыявізуальныя матэрыялы (прэзентацыі, відэа- і аўдыязапісы), якія дапамагаюць зрабіць заняткі больш нагляднымі і запамінальнымі.
— Я заўсёды імкнуся добра падрыхтавацца да ўрока: вывучаю матэрыял загадзя, чытаю падручнікі, даследую дадатковую літаратуру, каб паглыбіць свае веды па прадмеце і быць гатовай упэўнена адказваць на ўсе пытанні вучняў, — расказвае педагог, якая вучыць школьнікаў быць людзьмі дапытлівымі, задаваць пытанні, праяўляць цікавасць, імкнецца падзяліцца сваімі думкамі і разважаннямі. — Яшчэ для мяне важна стварыць прыязную атмасферу на ўроку. На сваіх прадметах хочацца не толькі дзяліцца з навучэнцамі ведамі, але і натхняць іх на самастойнае пазнанне свету гісторыі і будову грамадства, на фарміраванне аб’ектыўнага разумення мінулага.
Лічачы гісторыю і грамадазнаўства прадметамі, якія адыгрываюць значную ролю ў фарміраванні светапогляду асобы, педагог бачыць сваю задачу яшчэ і ў тым, каб дапамагчы падапечным стаць адукаванымі асобамі, грамадзянамі, здольнымі прымаць узважаныя рашэнні. Веданне гісторыі і грамадазнаўства, пераканана педагог, дапамагае вучням усведамляць сваю ролю ў грамадстве і быць актыўнымі яго грамадзянамі, дапамагае разумець вытокі сучасных з’яў і працэсаў, выяўляць іх заканамернасці. А яшчэ развівае аналітычнае і крытычнае мысленне, талерантнасць і павагу да розных культур і меркаванняў.
Адказваючы на пытанне аб ідэальным педагогу, Аліна Аляксандраўна так бачыць партрэт, на які ёй хочацца быць падобнай:
— Ідэальны педагог — гэта той, хто валодае глыбокімі ведамі і вопытам у сваёй прадметнай галіне, хто натхняе і матывуе сваіх вучняў. Гэта адкрыты для новых ідэй і метадаў навучання чалавек, які пастаянна ўдасканальваецца і развіваецца ў сваёй прафесіі, гатовы адаптавацца да розных стыляў навучання, улічваючы індывідуальныя асаблівасці кожнага вучня, выкарыстоўваючы разнастайныя метады і падыходы, якія дапамогуць дзецям максімальна засвоіць матэрыял. Ён павінен быць цярплівым, эмпатыйным, сумленным, справядлівым, аб’ектыўным. Акрамя гэтага, быць аўтарытэтам для сваіх выхаванцаў, прыкладам для пераймання.
Марына КУНЯЎСКАЯ