18 дзён на “Сонейку”

- 17:14Навіны рэгіёнаў

21 чэрвеня адбылося ўрачыстае закрыццё нашага лагера з дзённым знаходжаннем дзяцей “Сонейка”, што пры Алекшыцкай сярэдняй школе. На працягу 18 дзён працавалі дзве кінастудыі — “Гармідар” і “Смайлік”. Вельмі цікавым было жыццё ў лагеры: лагерныя справы ажыццяўляліся па праекце “У кадры я і маё лета”, у выніку чаго ўсе 18 дзён знайшлі адлюстраванне ў відэароліку, створаным сумеснымі сіламі школьнікаў і педагогаў.


Чаго толькі не прыдумлялі выхавальнікі, каб зрабіць наш адпачынак разнастайным, напоўненым, карысным! Тут і спартыўныя спаборніцтвы (валейбол, футбол, баскетбол, піянербол, спартландыі), і разнастайныя віктарыны ды конкурсы для эрудытаў, і караоке, канцэрты, дыскатэкі, маляванне, тэатральныя пастаноўкі. Кожны змог знайсці сабе справу па густу, вызначыць, што ў яго лепш атрымліваецца, да чаго ляжыць душа. Я, напрыклад, раней ніколі не ўдзельнічаў у канцэртах, саромеўся выходзіць на сцэну ў смешных пастаноўках, а цяпер мне гэта нават спадабалася. А якія артысты выйшлі з Паўла Малашкі і Яраслава Савіцкага! У танцах паказалі клас трэцякласнікі. Аказалася, што Андрэй Шалесны, Валера Васільеў, Павел Эйсмант так ліха танцуюць, што старшакласнікі маглі толькі пазайздросціць. Мы здымалі ролікі і складалі прэзентацыі. Цікавую прэзентацыю пра сваю сям’ю склала Лера Пазняк.

У нашым школьным лагеры дзеці заўсёды весела і змястоўна праводзяць час, таму прабіцца туды можна толькі па конкурсе. Я выйграў сваю пуцёўку ў гэтым годзе. Восенню пайду ў 8 клас. Я дзякую ўсім педагогам лагера: дырэктару Людміле Іванаўне Садаўнічай, выхавальнікам Аляксандру Анатольевічу Камяку, Ірыне Уладзіміраўне Легашчовай, Наталлі Аляксандраўне Баброўскай, Галіне Вадзімаўне Андрыянавай, Галіне Уладзіміраўне Румак, выкладчыку фізічнай культуры Уладзіміру Дзмітрыевічу Цалюку — за такі цікавы час, праведзены разам.

Гогі ПАЛАКЯН,
вучань 7 класа Алекшыцкай сярэдняй школы
Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці.