26-­е пушкінскае месца

- 11:03Авторские колонки, Мнение
Іван ЖДАНОВІЧ

Ці трэба ўсяляк імкнуцца навучыць таго, каму не дадзена засвоіць урок?

Кліпавая свядомасць

Нядаўна ў камандзіроўцы пачуў: вучні цяпер няўседлівыя, у многіх кліпавая свядомасць, увага хутка рассейваецца… Таму паразважаем на тэму, вобразна акрэсленую ў народзе так: смачны жабе арэх, ды зубоў Бог не даў. Так, нашы магчымасці часам не ў ладах з жаданнямі. У тым ліку гэта датычыцца засваення ведаў. Адным лёгка “заходзяць” замежныя мовы, другім — не. Хтосьці на ляту запамінае абзацамі складаны тэкст і праз год можа яго працытаваць, а нехта ўвесь вечар ваюе з чатырма вершаванымі радкамі. Некаму, хоць плач, не даецца хімія ці фізіка. Нават у юнага Эйнштэйна, ка­жуць, па фізіцы была тройка. І калі яшчэ гава­рыць пра геніяў, то і Аляксандр Пушкін як вучань быў нават не сераднячок, “ленился и отставал”: у рэйтынгу паспяховасці з 29 ліцэістаў займаў, як пішуць даследчыкі, 26-е месца.

…Вясковая школа. Помніцца, як мой настаўнік рускай мовы і літаратуры Яўген Ігнатавіч у роспачы казаў: “Ну, мя­дзведзя ўжо можна было б наву­чыць!..” Гэта калі яму, былому партызану і ветэрану вайны, даводзілася не без нерваў зноў тлумачыць камусьці з маіх аднакласнікаў нейкае прой­дзенае правіла. Нехта пры гэтым хіхікаў. Хтосьці апускаў вочы, хаваючы эмоцыі. А “мядзведзік” зноў разгублена таптаўся ля дошкі, чырванеючы і чарговы раз спрабуючы засвоіць тое, што ніяк не давалася ўразумець.

Безумоўна, жыццё прымушае нас увесь час вучыцца. Інакш як выжываць? Аптымісты прыдумалі такі матыватар: маўляў, “терпение и труд все перетрут”. А вы ўпэўнены, што прама сёння зможаце засвоіць праграму падрыхтоўкі касманаўтаў? Безумоўна, каб веды адклаліся належным чынам, трэба часам не раз і не два прайсціся туды-сюды: як па траве, каб яна прымялася. Дарэчы, вобраз травы-сцежкі прыгадваю і з лексікону Яўгена Ігнатавіча Булата. І ў той жа час відавочна: засвоіць усё са школьнай праграмы на выдатна ці добра не кожнаму да­дзена. Не таму, што нейкі вучань гультай, і я ўжо не кажу пра інклюзію… У іншых сферах дзейнасці такі “мядзведзік” можа ва ўсё ўнікнуць. Думаю, многія заўважалі: са школьных троечнікаў выходзяць з часам нядрэнныя спецыялісты, майстры на ўсе рукі. Скажам, трактарысты, шафёры і аўтамеханікі, прадаўцы і спартсмены, прадпрымальнікі. З адлегласці гадоў не такое ўжо яно і сорамнае, тое 26-е пушкінскае месца…

Ад простага дворніка да…

Што да пісьменнасці моўнай, то за мае больш чым чатыры дзясяткі гадоў работы ў журналістыцы здаралася падпраў­ляць граматычныя памылкі ў тэкстах вядомых, сацыяльна праяўленых людзей. У артыкулах калег здараюцца ляпы, і свае праз гады перачытваеш — патыліцу чу­хаеш: во сказануў! Што ж, паўторым вядомае: усе людзі не ідэальныя. І абсалютна ўсе памыляюцца: як кажуць, ад простага дворніка да Папы Рымскага… У Евангеллі пра тое гаворыцца: “Он же сказал ему: что ты называешь меня благим? Никто не благ, как только один Бог”.

У кожнага ёсць, калі падыходзіць да гэтага крытычна і патрабавальна, “з высокімі стандартамі якасці”, нешта выправіць-падправіць, падлячыць і падкруціць. “Вось бачыце: накульгвае… О, пачатковая стадыя артрозу: каленныя суставы тэрмінова правяраць”, — на аўтамаце заўважае асаб­лівасці ў хадзе знаёмы артапед. І стаматолаг яўна знойдзе які дэфект, заглянуўшы вам у рот. І гэтак жа кожны спе­цыяліст па сваёй частцы кампетэнцый хібы зной­дзе. З гумару вайскоўцаў: “Калі цывільныя людзі такія разумныя, то чаму ж яны строем не ходзяць?” А запрасіце ў эксперты псіхалінгвіста, псіхааналітыка. Як не згадаць крылатую фразу з песні Высоцкага “Нет, ребята, все не так… Все не так, ребята”! Карацей, ні свет наш не дасканалы, ні мы ў ім. Вы згодны з такой логікай?

Урок — нам?

І тут давайце, што называецца, зменім рэгістр аповеду. Паглядзім з іншага ракурсу на сітуацыю з “мядзведзікам”, сі­туацыю “неапраўданых надзей”, тыповую для педагогікі і ўвогуле для нашага жыцця. Можа, гэта якраз той выпадак, калі ўрок ідзе напрамую нам? Ці ж не пра тое гаворыць і знакамітая біблейская алегорыя пра парушынку ў чужым воку і бервяно ў сваім?

Калі мы сілай нешта “прапіхваем”, а нас не разумеюць, то ці не азначае гэта, што мы ў нечым памыляемся? Можа, трэба дзейнічаць з большым розумам? Згадаем партызанскае “пайсці ў абход”. А то і адступіць. Можа, ты сам, калі цябе не ра­зумеюць, коснаязыкі ды непераканаўчы? І можа, урэшце настала пара табе глыбей зразумець, засвоіць, адчуць на ўласнай скуры (і нервах), што свет наш недасканалы, усе людзі ў ім — таксама, кожны з нас.

Думаю, многія заўважалі: са школьных троечнікаў выходзяць з часам нядрэнная спецыялісты, майстры на ўсе рукі. Скажам, трактарысты, шафёры і аўтамеханікі, прадаўцы і спартсмены, прадпрымальнікі…

Ёсць жа вялікая таямніца ў тым, чаму адным дадзена, чаму яны адораны Усявышнім (у атэістычную эпоху з’явіўся эўфемізм — ад прыроды) здольнасцямі і талентамі, а іншыя не надта. У народзе кажуць: не даў Бог. І вось глядзіце: паўсюль укараняюцца прагрэсіўныя методыкі, распінаюцца і літаральна становяцца артыстамі на ўроках “аскараносныя” настаўнікі, а паспяховаць у розных школах, класах краіны такая розная. “Кліпавая свядомасць…” “У нашай школе ў найбліжэйшыя гады медалістаў не прагназуецца…” І ў выхаванні ж не ўсё гладка, бо ў сацсетках, гэтай непадкантрольнай тэрыторыі зносін таго пакалення, што ўпэўнена расце нам на змену, “дзеткі” часам выдаюць па частцы граматыкі, ды і па-за ёй, такое, што і кандыдатам з прафесарамі не прыдумаць. Вось пачалі падлеткі, адчуваючы незразумелы шал у крыві, абменьвацца ў сацсетках фоткамі ў стылі, набліжаным да ню… Але пра тое іншым разам паразважаем.

Не астудзі сваё сэрца

Адны маюць, іншыя — не. Менавіта ў ключы таго, што ёсць нейкае найвышэйшае веданне, якое не ўсім даецца, варта прачытваць радкі: “Ибо кто имеет, тому дано будет и преумножится, а кто не имеет, у того отымется и то, что он имеет”. У народзе амаль пра тое ж гаворыцца так: “Лепш з разумным згубіць, чым з дурнем знайсці”. Што зробіш, такі наш свет: нехта, як ты яго ні вучы, “не пазнае сваіх варот”.

Ну і трэба, мяркую, кожнаму з нас, якую б ні займаў прыступку ў сацыяльнай іерархіі, а тым больш настаўніку, памя­таць: адным адно дадзена, другім — іншае. І дадзеным не заганарыцца. Не адарвацца ад рэальнасці, ад пакут і перажыванняў “мядзведзікаў”, якім не ўсё лёгка і адразу даецца-ўдаецца. Безумоўна, законы чалавечыя, інструкцыі з цыркулярамі быва­юць строгія і бескампрамісныя. Але ж і баланс міласэрнасці, дабрыні, спагады варта мець, каб, робячы справу, не стаць робатам. Бо не наша, не беларуская гэта традыцыя — дасягаць мэты любой цаной.

Згадаем напрыканцы важны запавет з вядомай у савецкі час песні: “Не асту­дзі сваё сэрца, сынок!..” Бо што, скажыце, сапраўды наша ў гэтым свеце? Хіба што сэрца? Хоць, кажуць, і яно, і розум, і дабра­быт, і зямны кавалачак недаўгавечнага шчасця — усё нам дадзена звыш. І тое месца (26-е ці якое іншае), калі нават і здаецца каму, што ён сам яго ў лёсу вырваў, заваяваў, кожнаму з нас на нешта, з нейкай найвышэйшай мэтай дадзена.

Ну, альбо — не дадзена…