3D-прынтар, ІТ і сэнсарны ключ да машынабудавання

Студэнты профільных устаноў вышэйшай адукацыі ўжо цяпер пасля наведвання выставачных пляцовак Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа часам пачынаюць сумнявацца, ці правільна яны вызначыліся з месцам вучобы — настолькі ўражвае іх дэманстрацыя сучаснага абсталявання і вырабаў. А з 1 верасня ў механіка-эканамічным пачынае работу буйны рэсурсны цэнтр па машынабудаванні…

Оршу мы ведаем як горад чыгуначнікаў, буйны транспартна-лагістычны і прамысловы цэнтр, які сёння хуткімі тэмпамі развіваецца. Ключавым для вытворчасці з’яўляецца машынабудаванне, і ў гэтым плане ўнікальнае значэнне Оршы як для рэгіёна, так і для ўсёй рэспублікі ўзмацняецца шматкроць: менавіта тут знаходзяцца многія вядучыя айчынныя машынабудаўнічыя прадпрыемствы. Рыхтаваць высокакваліфікаваныя кадры для іх — стратэгічная задача, пастаўленая перад калектывам знакамітага АДМЭК.

Каледж ажыццяўляе падрыхтоўку ў дзённай і завочнай формах навучання на бюджэтнай і пазабюджэтнай аснове па 9 спецыяльнасцях. Па асноўным профілі — “Тэхніка і тэхналогіі” — прапануюцца спецыяльнасці “Механічная апрацоўка металу на станках і лініях”, “Тэхнічная эксплуатацыя электраабсталявання”, “Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў” і “Механічная апрацоўка металу на станках і лініях” па праграмах прафесійна-тэхнічнай адукацыі і “Тэхналогія машынабудавання”, “Вытворчая эксплуатацыя абсталявання”, “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў”, “Арганізацыя перавозак і кіравання на аўтамабільным і гарадскім транспарце”, “Тэхналогія пражы, нятканых матэрыялаў, тканін і нятканых вырабаў” — па праграмах сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Акрамя таго, на платнай аснове можна набыць спецыяльнасці “Правазнаўства”, “Дзяржаўна-прававая дзейнасць”, “Банкаўская справа”, “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль”, “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў”. Спецыяльнасць “Арганізацыя перавозак і кіравання на аўтамабільным і гарадскім транспарце” з кваліфікацыяй “тэхнік па арганізацыі і кіраванні” новая, набор на яе ўпершыню праводзіўся ў 2018 годзе.

— Мы беражліва захоўваем і развіваем традыцыі ў рабоце па выхаванні навучэнцаў як асоб, падрыхтоўцы іх да працоўнага і грамадскага жыцця, — падкрэслівае дырэктар каледжа Наталля Дзерваед. — Сплаў багатага вопыту і наватарства, захаванне гістарычнай спадчыны і пошук эфектыўных адукацыйных ідэй вызначаюць сучаснае аблічча кале­джа. Так, у нашы дні спецыяліст не можа абысціся ў сваёй дзейнасці без свабоднага валодання ведамі і практычнымі навыкамі ў галіне сучасных камп’ютарных інфармацыйных тэхналогій. Стварэнне і развіццё неабходнай вучэбнай базы на аснове найноўшай мультымедыйнай тэхнікі — адна з нашых прыярытэтных мэт, многае для дасягнення якой ужо зроблена (мы ў гэтым плане часцей вучым і дэманструем наяўнае, чым пераймаем і плануем набыць), але няма меж для ўдасканальвання. А самае галоўнае — сфарміраваны дружны высокапрафесійны калектыў. У адукацыйнай прасторы каледжа пануюць творчасць, энтузіязм і ініцыятыва, у нас заўсёды працавалі і працуюць эру­дзіраваныя, дапытлівыя, цікаўныя, нераўнадушныя педагогі.

Для якаснай падрыхтоўкі спецыялістаў створана неабходная матэрыяльная ба­за. У двух карпусах размешчаны 92 вучэбныя кабінеты і 17 лабараторый для правя­дзення лекцыйных, семінарскіх, практычных заняткаў і выканання практычных і лабараторных работ. Два будынкі вучэбна-вытворчых майстэрань — гэта 3 слясарныя, механічная, такарная, фрэзерная, электрамантажная майстэрні, аўтамайстэрня, майстэрні тэхнічнай эксплуатацыі і рамонту аўтамабіляў, тэхнічнага абслугоўвання і наладкі абсталявання першаснай апрацоўкі лёну, вучэбны гараж, дзе навучэнцы набываюць практычныя навыкі падчас практыкі, займаюцца ў гуртках і на факультатывах. У распара­джэнні навучэнцаў бібліятэка з чытальнай залай, 2 актавыя, 3 спартыўныя і трэнажорная залы; 2  нтэрнаты, 2 сталовыя, буфет, пункт аховы здароўя. Адкрыццё рэсурснага цэнтра плануецца на базе вучэбна-вытворчых майстэрань № 1, сюды і завіталі мы ў рамках прэс-туру.

Аршанцы ўмеюць здзіўляць, атрымалася ў іх гэта і цяпер. У стадыі завяршэння рамонтныя і аддзелачныя работы, фактычна старыя сцены атрымалі новае жыццё. Для зручнасці два будынкі, дзе знаходзяцца лабараторыі і вытворчы ўчастак, злучаны крытай галерэяй — заадно праведзены грунтоўны рамонт спартыўнай залы, што размешчана побач. І самае важнае — новае абсталяванне. Частка яго набыта ў канцы мінулага — пачатку гэтага года, частка яшчэ на падыходзе. Аднак нават тое, што ўжо ўстаноўлена (і, дарэчы, поўным ходам выкарыстоўваецца для правядзення вучэбных заняткаў і лабараторных работ), пакідае незабыўнае ўражанне. А ў выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання, калі яны знаёмілі нас з навінкамі, на эмацыянальным уздыме літаральна свяціліся вочы: яны, як ніхто іншы, разумеюць каштоўнасць кожнага стэнда і прылады. Назіраючы такія адносіны, супастаўляючы пабачанае з тым, што яны сустракалі падчас практык, па-іншаму пачынаюць успрымаць сваю альма-матар навучэнцы: тэхніка будучыні тут, а не на прадпрыемствах!

— Па многіх пазіцыях у нас ідзе апярэджанне вытворчасці з перспектывай, што, калі наш выпускнік праз два-тры гады выйдзе маладым спецыялістам, ён трапіць на прадпрыемства, дзе, магчыма, пачне з’яўляцца такое абсталяванне, — тлумачыць намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Аляксей Карманаў. — Пакуль ідзе асваенне: за паўгадзіны падысці і пачаць працаваць на новым абсталяванні нерэальна, любая канструкцыя патрабуе дадатковай падрыхтоўкі выкладчыка, адпрацоўкі метадычных рэкамендацый, якія трэба стварыць для лабараторных работ — аб’ём неверагодны. Асвойваем паралельна з заняткамі і дабіваемся патрэбных вынікаў. Напрыклад, лабараторыя матэрыяла­знаўства абсталявана такім чынам, каб навучэнцы маглі непасрэдна працаваць з уласцівасцямі матэрыялаў: не чы­таць у падручніках ці гля­дзець па відэа, а ўвачавідкі бачыць, як адбываецца тая ж дэфармацыя металу ў розных умовах, як уплывае на яе час і сілавыя ўз­дзеянні. Працэс мадэлюецца на камп’ютары, будуецца графік, пасля чаго можна адразу раздрука­ваць схему: мінімум часу на падрыхтоўчую частку, а засваенне практычнай адпрацоўкі ў разы больш эфектыўнае. У адкрыцці рэсурснага цэнтра вельмі зацікаўлены наймальнікі. Прадстаўнікі  заводаў збіраюцца ў нас рыхтаваць і перападрыхтоўваць спецыялістаў пад канкрэтныя рабочыя месцы. Ва ўмовах вытворчасці гэта даволі складана зрабіць у сувязі з тым, што там усё накіравана на выпуск прадукцыі і атрыманне прыбытку. А ў нас можна ўсе неабходныя схемы па некалькі разоў сабраць, пабачыць іх дзеянне, каб потым перанесці ва ўмовы прадпрыемства і выкарыстоўваць.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.