50 гадоў назад быў адкрыты мемарыяльны комплекс «Дальва»

- 16:28Новости

15 ліпеня спаўняецца роўна 50 гадоў, як на месцы спаленай карнікамі Дальвы быў адкрыты мемарыяльны комплекс, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

У гэты дзень людзі нясуць на мемарыял вянкі, кветкі і… дзіцячыя цацкі. Гэта невыпадкова. Пасля таго як у пачатку Вялікай Айчыннай вайны мужчын забралі на фронт, у вёсцы засталіся ў асноўным жанчыны і дзеці. Усе яны (44 чалавекі) былі забіты, зажыва спалены карнікамі 19 чэрвеня 1944 г. Самаму малодшаму, Косцю Кухаронку, было ўсяго 2 годзікі…

Толькі аднаму Мікалаю Гірыловічу пашчасціла выжыць у той трагічны дзень. У памяці 13-гадовага падлетка назаўсёды засталіся целы забітых аднавяскоўцаў, якія ён убачыў, прыбегшы з лесу на крыкі і агонь. Мэтай свайго жыцця Мікалай Пятровіч вызначыў стварэнне мемарыяла на месцы спаленай вёскі. Яго ўрачыстае адкрыццё адбылося 15 ліпеня 1973 г. Гэта была дыпломная работа скульптара Уладзіміра Церабуна, за якую ён атрымаў прэмію Ленінскага камсамола.

Мемарыяльны комплекс «Дальва» з’яўляецца абавязковым для наведвання школьнікамі Лагойскага раёна, уваходзіць ва ўсе экскурсійныя маршруты Лагойшчыны. Замацаваны комплекс за Акалоўскай сярэдняй школай. Кожнае памятнае мерапрыемства на месцы спаленай вёскі праходзіць з удзелам мясцовых настаўнікаў і вучняў.

Я добра памятаю свае школьныя гады, калі разам з аднакласнікамі мы стаялі на ўрачыстым адкрыцці. Ганаруся тым, што наведвала комплекс ужо шмат разоў падчас экскурсій, агітпрабегаў. Спачатку ў школьныя гады, потым калі працавала настаўніцай пачатковых класаў. Цяпер традыцыі працягваю ў якасці дырэктара школы, — падзялілася Анжэла Уладзіміраўна Сівец.

Пра стварэнне мемарыяльнага комплекса, а таксама гісторыю вёскі Дальва раскажа экспазіцыя школьнага музея. Многія экспанаты ўнікальныя і нідзе больш не сустракаюцца. Сярод іх — макет з даваеннай выявай Дальвы, зроблены па ўспамінах М. П. Гірыловіча.

Пра тое, якую ролю адыгрывае мемарыял у выхаванні школьнікаў, як захоўваюць памяць пра ахвяр генацыду беларускага народа на Лагойшчыне, чытайце падрабязней у аўторак у «Настаўніцкай газеце».

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара