Страшная справа ці ўпэўненым крокам да вар’яцтва

- 11:57Рознае, Сацыяльны ракурс
У свой час, лічу, мне вельмі пашанцавала: бацькі, настаўнікі выхавалі ў мяне абсалютнае непрыманне наркотыкаў, дзякуючы чаму спажыванне любых наркатычных ці псіхатропных рэчываў заўсёды падавалася з’явай настолькі знішчальнай і разбуральнай, што і думкі ніколі не ўзнікала “паспрабаваць”. Таму, напэўна, асабіста для мяне ўдзел у рэйдзе па выяўленні спажыўцоў і распаўсюджвальнікаў спайсаў сярод падлеткаў быў з катэгорыі шокавых мерапрыемстваў. Аказваецца, для многіх сённяшніх падлеткаў “перакур са спайсам” — гэта нібы схадзіць у буфет за булачкай. Кураць на перапынках (і добра, калі не пад сценамі навучальнай установы), кураць у пакоях у інтэрнатах, кураць сямікласнікі, дзесяцікласнікі і тым больш “самастойныя” навучэнцы прафесійна-тэхнічных устаноў, кураць і юнакі, і дзяўчаты. Штосьці з гэтага давялося ўбачыць на свае вочы, пра штосьці пачуць, як кажуць, з першых вуснаў. Але эфект ад убачанага і пачутага аднолькава ўражвае. Для астатніх жа ўдзельнікаў рэйду гэта была ўжо, на жаль, руцінная, ледзьве не штодзённая работа.

— А вы прыязджайце, і самі ўсё на свае вочы ўбачыце, — так адказалі на маю просьбу пагутарыць аб праблеме спажывання спайсаў сярод непаўналетніх у інспекцыі па справах непаўналетніх упраўлення ўнутраных спраў адміністрацыі Савецкага раёна Мінска. — Якраз рэйд будзе па гэтай тэматыцы.
Як высветлілася далей, такія рэйды — справа для супрацоўнікаў інспекцыі ўжо не новая, таму да іх асабліва і не рыхтуюцца. Дата і час правядзення вызначаюцца адвольна. Так было і на гэты раз.
— На жаль, для нас гэта ўжо стала сапраўды руціннай работай. Калі яшчэ некалькі гадоў назад выяўленне ўжывання наркатычных ці псіхатропных рэчываў непаўналетнім нават для вялікага раёна Мінска было з’явай надзвычайнай, то зараз кожны наш выхад па гэтай тэматыцы — выніковы, — з гэтага пачаў нашу размову на пачатку рэйду Сяргей Карповіч, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Савецкага РУУС Мінска.
І, сапраўды, як кажуць, далёка хадзіць не прыйшлося. Яшчэ да выхаду групы ў рэйд на мабільны Сяргея Аляксандравіча патэлефанавалі з аднаго з каледжаў раёна: двое навучэнцаў прыйшлі на заняткі ў стане бессвядомасці, па ўсіх прыкметах пад уздзеяннем курыльных сумесей. Тут жа пачала дзейнічаць ужо адпрацаваная схема: падлеткаў агледзеў на месцы ўрач навучальнай установы, зрабіў адпаведнае заключэнне, і маладых людзей даставілі ў аддзяленне міліцыі.
— Далей будзе праводзіцца разбіральніцтва з улікам усіх акалічнасцей справы ў адпаведнасці з заканадаўствам, — расказвае начальнік ІСН. — Многае залежыць ад таго, ці ўдасца выявіць, што ўжывалі падлеткі, ці будзе яшчэ пры іх гэтае рэчыва, ці адносіцца яно да ліку забароненых, і многіх іншых прычын. Але што ўжо адназначна — падлеткі ў любым выпадку трапяць пад пільнае вока нарколага і нашай інспекцыі.
У гэтай гісторыі адметна, што пра непаўналетніх у інспекцыю паведамілі непасрэдна работнікі навучальнай установы. Яшчэ нядаўна гэта было з разраду фантастыкі, зараз жа — зноў-такі штодзённая справа.
— Гэта я лічу адным з вызначальных аспектаў у рабоце па прафілактыцы распаўсюджвання спайсаў сярод моладзі, — адзначае Сяргей Карповіч. — Справа ў тым, што да нядаўняга часу прадстаўнікі ўстаноў адукацыі паведамлялі супрацоўнікам органаў унутраных спраў пра падобныя сітуацыі толькі ў самых крайніх выпадках. Бо ўрэшце самі цярпелі ад гэтага: такія факты адбіваліся на выніках работы ўстановы, а значыць, і на заробку адказных работнікаў.

Пік спажывання спайсаў пачаўся дзесьці год назад. Мы пачалі біць трывогу са свайго боку, начальнік аддзела адукацыі раёна — са свайго. Як паказвае практыка, праблема характэрна сёння не толькі для сталіцы, але і для іншых рэгіёнаў, але далёка не ўсюды яна агучваецца. А замоўчваць яе нельга. І выдатна, што ў сталіцы было прынята рашэнне, згодна з якім, калі ўстанова адукацыі сама выяўляе непаўналетняга, які ўжывае наркатычныя ці псіхатропныя рэчывы, то гэта не ўплывае на вынікі яе работы.
Далей мой суразмоўца паказвае той самы дакумент. Гэта сумесны Загад МУС Рэспублікі Беларусь, ГУУС і камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама па ўзмацненні мер па процідзеянні распаўсюджвання ў Мінску наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў сярод навучэнскай моладзі ад 29 сакавіка 2013 года. У адным з пунктаў гэтага дакумента значыцца: “начальнікам упраўленняў адукацыі, кіраўнікам устаноў адукацыі — выключыць з крытэрыяў ацэнкі работы факты ўдзелу навучэнцаў у здзяйсненні правапарушэнняў у выпадку выяўлення іх самімі педагагічнымі работнікамі”.
— Сітуацыя пагаршаецца з кожным днём. Як паказвае практыка, спайсы ўжываюць падлеткі пачынаючы з 7 класа. Таму сёння мы працуем у вельмі цесным кантакце з прадстаўнікамі ўстаноў адукацыі, — адзначае Сяргей Карповіч, — асабліва тых, дзе патрабуецца ўзмоцнены кантроль.
Пад такімі мой суразмоўца мае на ўвазе найперш прафтэхустановы раёна: Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж паліграфіі і прафесійны ліцэй № 12 будаўніцтва (у апошнім, дарэчы, вучыцца каля 130 непаўналетніх, якія знаходзяцца на ўліку ІСН усяго горада).
— Толькі за адзін з выхадаў, які, праўда, расцягнуўся на цэлы дзень, у гэтым ліцэі выявілі 7 непаўналетніх, якія знаходзіліся пад уздзеяннем курыльных сумесей, — прыгадвае далей начальнік ІСН. — Праўда, не кожнае такое выяўленне цягнула за сабой узбуджэнне справы. Па-першае, да нядаўняга часу, згодна з заканадаўствам, мы нават не мелі магчымасці прыцягнуць да адказнасці за ўжыванне наркатычных ці псіхатропных рэчываў, як было з ужываннем алкаголю. Такі вось “кульбіт” заканадаўства. Таму многім з тых, каго выяўлялі, мы маглі хіба што пальцам прыгразіць. Як высвятлялася, рэчыва, якое яны ўжывалі, яшчэ не паспелі ўнесці ў спіс забароненых, а за знаходжанне пад уздзеяннем псіхатропных рэчываў прыцягнуць да адказнасці таксама не было заканадаўчых падстаў. Выніковасць такіх “пакаранняў”, напэўна, разумееце і самі.
Тым не менш нават у такой сітуацыі за мінулы год было выяўлена не менш за 50 злачынстваў за захоўванне, рэалізацыю, распаўсюджванне спайсаў. Па горадзе штодзень за захоўванне, збыт спайсаў затрымліваецца як мінімум адзін непаўналетні.
Сёння сітуацыя іншая: ёсць заканадаўчыя падставы для прыцягнення да адказнасці за знаходжанне пад уздзеяннем псіхатропных рэчываў. Гэта вельмі вялікі плюс. Палепшылася сітуацыя і са своечасовым папаўненнем спіса забароненых псіхатропных рэчываў.
Безумоўна, цікавіла мяне і пытанне, як непасрэдна выяўляюць тых, хто знаходзіцца пад уздзеяннем курыльных сумесей: не правяраюць жа ў кожнага на ўваходзе кішэні на наяўнасць таго самага характэрнага пакеціка…
— Па-першае, гэта вочы — самая яскравая аб’ектыўная прыкмета таго, што чалавек знаходзіцца пад уздзеяннем курыльных сумесей. Вочы ў такім выпадку слязяцца, а на бялку з’яўляюцца характэрныя чырвоныя прожылкі, — расказвае Сяргей Аляксандравіч. — Ну, і, безумоўна, псіхічны стан чалавека звяртае на сябе ўвагу. Паверце, зблытаць гэта ні з чым немагчыма, як і спісаць на “кубак піва”…

Упэўніцца ў гэтым, дарэчы, мне давялося на ўласныя вочы. Рэйд, у які давялося трапіць мне, меў на ўвазе адпрацоўку трох прафесійна-тэхнічных устаноў і 10 школ раёна. Супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх, аддзела па наркакантролі раздзяліліся на групы. Пад кіраўніцтвам Сяргея Карповіча мы накіраваліся на адзін з самых складаных участкаў — інтэрнат прафесійна-тэхнічнага каледжа, дзе пражывае значная колькасць навучэнцаў сіроцкай катэгорыі.
— Больш за ўсё праблем з сіротамі, — расказвае Сяргей Карповіч. — Цяжка дастукацца да іх таму, што гэтыя падлеткі ўсведамляюць: дзяржава будзе клапаціцца пра іх у любым выпадку, і грошы яны заўсёды будуць атрымліваць, няхай і невялікія. Часам гэтыя грошы ідуць зусім не на добрыя мэты. Таму, напрыклад, у мінулым годзе ў каледжы вымушаны былі абмежаваць у дзеяздольнасці ў распараджэнні грашыма дваіх навучэнцаў гэтай катэгорыі: апякун, у гэтым выпадку кіраўнік навучальнай установы, выдзяляе пражытачны мінімум на дзень гэтым падлеткам. Але і гэта не заўсёды вырашае праблему. Чаму распаўсюджаны спайсы? Яны недарагія — так званая “полка”, паўграма, каштуе каля ста тысяч рублёў — а гэтага хопіць на пяцярых. А па ўздзеянні на псіхіку з алкаголем нават блізка не параўнаецца. Зрывае “дах”, кажучы мовай падлеткаў, за раз. За мінулы год мы, дарэчы, больш склалі пратаколаў за спажыванне спайсаў, чым за ўжыванне непаўналетнімі алкаголю.
І вось той самы інтэрнат. Не губляючы час, супрацоўнікі міліцыі падымаюцца на неабходны паверх. Тут у асноўным жывуць навучэнцы сіроцкай катэгорыі. Сярод іх нямала і тых, хто знаходзіцца пад асаблівай увагай супрацоўнікаў інспекцыі па справах непаўналетніх. Заходзім у адзін з пакояў. Усе яго жыхары — на месцы, нягледзячы на тое, што на гадзінніку — каля 10 гадзін раніцы і заняткі ў самым разгары. Але пра гэта ніхто тут, здаецца, і не прыгадвае. На сталах — курыльныя трубкі са слядамі нагару. Побач — характэрныя палімерныя пакеты, скруткі купюр. Не памыляўся мой суразмоўца, калі казаў пра немагчымасць зблытаць праяўленне ўздзеяння гэтых сумесей на чалавека. І справа нават не ў вачах — гэта хутчэй аб’ектыўны доказ адпаведнага стану для ўрача. Справа ў паводзінах: здаецца, вось тут ён — чалавек — стаіць на сваіх нагах, не куляецца, як п’яны, не губляе прытомнасць, але паводзіны яго агрэсіўныя, абсалютна бяздумныя, не паддаюцца ніякай логіцы; здаецца, чалавек наогул не ўсведамляе, хто перад ім. І гэта нягледзячы на афіцыйную форму нечаканых для падлеткаў гасцей. Асабіста мне так і не ўдалося зразумець, што было ў галаве тых маладых людзей у гэты час…
— Бывае і страшней, — “супакоіў” мяне Сяргей Карповіч. — Неяк таксама ў навучальнай установе выявілі падлетка ў такім стане. Бачым яго неадэкватныя паводзіны, спыняем, а ён кідаецца на нас з тым, што пад руку трапляе: потым высветлілі — за чорта прыняў…
Сяргей Аляксандравіч нібыта жартуе, але я разумею — зусім не да жартаў у такіх сітуацыях. Асабліва калі разумееш: спыніць распаўсюджванне гэтых рэчываў у найбліжэйшы час наўрад ці ўдасца.
— Рэалізаваць спрабуюць усюды па-рознаму: і праз знаёмых: “На, пакуры, класная рэч!”, і нават на тэрыторыі ўстаноў адукацыі былі адзначаны выпадкі. Але ўсё ж асноўны рэсурс — гэта інтэрнэт. Усе распаўсюджвальнікі добра разумеюць, што за збыт і распаўсюджванне наркотыкаў прадугледжана крымінальная адказнасць — ад 8 гадоў пазбаўлення волі. Таму яны “шыфруюцца”. Але ж зацікаўленасць у іх проста велізарная. Даход — неймаверны. Па некаторых даных, даход у дзень аднаго такога сайта — каля 45 млн рублёў. З 1 кг рэчыва пры вырабе курыльных сумесей можна атрымаць даход да паўмільёна долараў. Вось літаральна ў снежні на тэрыторыі Фрунзенскага раёна ў гаражах была канфіскавана вялікая партыя — каля 47 кг спайса, а гэта — дзясяткі тысяч доз.
***
Адпрацоўка ўстаноў адукацыі ў той дзень не спынілася. І хлопцы з таго першага пакоя былі не адзіныя, на каго звярнулі ўвагу супрацоўнікі інспекцыі. Але мне, шчыра кажучы, хапіла і гэтых уражанняў, каб яшчэ раз пераканацца: страшная справа — наркотыкі. І каб яшчэ раз у думках сказаць “дзякуй” тым, хто ўкладваў у маю галаву ўстаноўкі аб непрымальнасці наркотыкаў у любым іх выглядзе. І каб яшчэ раз зацвердзіцца ў думцы: у сітуацыі, калі распаўсюджванне наркотыкаў прыносіць такія неймаверныя даходы, заўсёды знойдзецца той, хто будзе ўсялякімі спосабамі шукаць новых патэнцыяльных ахвяр. І, напэўна ж, з ліку маладых. Адзінай абаронай для апошніх могуць стаць не супрацоўнікі міліцыі, якія канфіскуюць, выяўляюць ці пагражаюць, а тыя самыя ўстаноўкі ў іх галовах, якія здолеюць закласці дарослыя. Будзь тое бацькі ці настаўнікі.

Алена МАРКЕВІЧ.