80 гадоў невычэрпнай творчасці

- 11:52Навіны рэгіёнаў

Гомельскі абласны палац творчасці дзяцей і моладзі адзначыў сваё 80-годдзе. У рамках святкавання юбілейных мерапрыемстваў адбылася навукова-практычная канферэнцыя “Адукацыя, натхнёная творчасцю: рэгіянальныя аспекты развіцця сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”, удзел у якой прынялі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

На канферэнцыі прысутнічала больш за 70 удзельнікаў, у тым ліку члены рэспубліканскага савета дырэктараў, кіраўнікі, метадысты, педагогі дадатковай адукацыі раённых цэнтраў творчасці Гомельскай вобласці, а таксама калегі з суседніх краін.

На пленарным пасяджэнні з цікавымі разважаннямі выступілі прадстаўнікі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны і Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна. Размова ішла аб развіцці сістэмы дадатковай адукацыі ад вытокаў яе станаўлення да сённяшніх дзён, аб ролі педагога дадатковай адукацыі ў станаўленні асобы дзіцяці і развіцці яго здольнасцей.

Калегі з Бранскага і Чарнігаўскага абласных палацаў дзіцячай і юнацкай творчасці падзяліліся вопытам работы па арганізацыі інавацыйнай дзейнасці ў сваіх установах. Дзяліліся сваім бачаннем падтрымання іміджу пазашкольных устаноў, разглядаючы гэты аспект як рэсурс іх развіцця.

Гамяльчане ж у сваю чаргу прадставілі вопыт рэалізацыі інавацыйнага праекта па ўзаемадзеянні ўстаноў дадатковай і спецыяльнай адукацыі ў прасоўванні інклюзіўных працэсаў.

Пасля навукова-практычнай дзейнасці педагогаў дадатковай адукацыі і гасцей чакала ўрачыстае мерапрыемства. Да пачатку ўрачыстасцей можна было азнаёміцца з выставай творчых работ выкладчыкаў і выхаванцаў Палаца творчасці, якая была разгорнута ў фае абласнога культурнага цэнтра.

У канцэртнай зале сабралася шмат гасцей. Павіншаваць педагогаў, дзяцей і іх бацькоў прыйшлі кіраўнікі ўпраўлення адукацыі, прафсаюзнага камітэта, былыя выхаванцы палаца, калегі з Расіі і Украіны. Іх парадавалі выступленні вакальных, харэаграфічных і тэатральных калектываў Гомельскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі.

Як правіла, у юбілейныя даты прынята не толькі віншаваць, але і дзякаваць, адзначаць лепшых работнікаў. Педагогі дадатковай адукацыі за добрасумленную плённую педагагічную дзейнасць, дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення атрымалі граматы і падзякі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта, упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама, Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, Гомельскага гарадскога Савета дэпутатаў і адміністрацыі Цэнтральнага раёна Гомеля.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.