Сяргей САЧКО, дырэктар Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка:
— Наша дзяржава заўсёды дапамагала адораным дзецям. Спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі быў створаны яшчэ ў 1996 годзе. Удасканаленне пошукаў інтэлектуальна і творча адораных маладых людзей, развіццё і аказанне падтрымкі такой моладзі — адзін з галоўных прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі. На ўсіх узроўнях адукацыі адораная, творчая моладзь краіны далучаецца да навуковай і інавацыйнай дзейнасці.
Сёння адным з яркіх прыкладаў падтрымкі такой моладзі дзяржавай з’яўляецца стварэнне Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Гэты праект рэалізуецца па даручэнні кіраўніка дзяржавы, дадзенага на II з’езде вучоных Рэспублікі Беларусь у 2018 годзе. Праект распрацаваны сумеснымі намаганнямі Міністэрства адукацыі разам з вядучымі ўніверсітэтамі краіны, Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях. Над зместам новага праекта працавалі лепшыя выкладчыкі і вучоныя краіны.
У выніку з 1 студзеня 2021 года ў Мінску пачаў функцыянаваць Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк. Місія дзіцячага тэхнапарка — выяўленне і падтрымка адораных дзяцей і моладзі, стварэнне ўмоў для развіцця іх здольнасцей да даследчай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці, фарміраванне ўстойлівай матывацыі да выбару будучай прафесіі ў сферы высокіх тэхналогій.
Асноўнай базай для стварэння дзіцячага тэхнапарка стаў Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці. У аснове навучання ў тэхнапарку — праекты. Праектнае навучанне — сучасны падыход, які супрацьпастаўляецца класна-ўрочнай сістэме. Пры праектным навучанні не даюцца гатовыя веды, а выкарыстоўваецца тэхналогія абароны індывідуальных праектаў. Праектнае навучанне з’яўляецца непрамым, і тут каштоўны не столькі вынік, колькі сам працэс. І мы шукаем дзяцей, здольных працаваць менавіта над праектамі.
Праграма для адораных дзяцей у дзіцячым тэхнапарку рэалізуецца ў вочнай (дзённай) і завочнай (дыстанцыйнай) формах атрымання адукацыі. Вочны адукацыйны працэс арганізаваны па адукацыйных зменах у групах. Адукацыйныя змены працягласцю 24 дні праводзяцца штомесяц. У працэсе навучання кожны школьнік у складзе групы або індывідуальна рэалізоўвае праект даследчага або вынаходніцкага характару. Некаторыя
прыязджаюць са сваімі праектамі, некаторыя пачынаюць над імі працаваць непасрэдна падчас навучання ў тэхнапарку. Усе дасягненні школьнікаў вітаюцца. Да нас прыязджаюць пераможцы прадметных алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый.
Місія дзіцячага тэхнапарка — выяўленне і падтрымка адораных дзяцей і моладзі, стварэнне ўмоў для развіцця іх здольнасцей да даследчай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці, фарміраванне ўстойлівай матывацыі да выбару будучай прафесіі ў сферы высокіх тэхналогій.
Пакуль дзейнасць дзіцячага тэхнапарка арганізавана ў рэжыме апрабацыі. Да лістапада рэалізоўваліся праграмы па трох напрамках: “Зялёная хімія”, “Інфармацыйныя і камп’ютарныя тэхналогіі”, “Робататэхніка”. З лістапада стартаваў чацвёрты кірунак — “Інжынерная экалогія”. Разам з тым на сённяшні дзень праведзена восем адукацыйных змен, навучанне ў дзіцячым тэхнапарку прайшлі 250 навучэнцаў. Нягледзячы на тое, што мы пакуль не маем уласнай базы для дыслакацыі і навучання, выкарыстоўваем магчымасці ўстаноў вышэйшай адукацыі, попыт на адукацыйныя паслугі дзіцячага тэхнапарка даволі высокі. Заявак паступае ў 4—5 разоў больш, чым прадугледжваецца наборам.
Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк становіцца своеасаблівай адукацыйнай і камунікацыйнай пляцоўкай, якая аб’ядноўвае адораную моладзь і таленавітых выкладчыкаў, дзе юнакі і дзяўчаты з усіх куткоў краіны могуць абменьвацца сваімі ідэямі, дзяліцца вопытам і ствараць сумесныя праекты навукова-даследчага характару. Акрамя таго, мы арганізуем пазавучэбную дзейнасць навучэнцаў, якая накіравана на фарміраванне актыўнай жыццёвай і грамадзянскай пазіцыі, развіццё ў іх арганізатарскіх навыкаў, лідарскіх якасцей, камунікатыўных здольнасцей. Для навучэнцаў прадугледжаны экскурсійныя праграмы, прапануюцца мерапрыемствы вучэбнага і развіццёвага характару — літаратурныя вечары, квізы, калектыўныя творчыя справы, спартыўныя эстафеты, турніры па настольным хакеі і многае іншае. Тут мы зыходзім з запытаў і схільнасцей дзяцей.
Адкрываючы і закрываючы змены ў тэхнапарку, я заўсёды гавару школьнікам, што ім вельмі пашчасціла займацца тым, што падабаецца, на такім высокім узроўні. Гэта каштоўны вопыт, бо набліжае кожнага да мары — спачатку стаць студэнтам жаданага ўніверсітэта, а пасля працягнуць сваё развіццё, займаючыся навуковай (даследчай) дзейнасцю. Дзецям падабаецца вучыцца на базе тэхнапарка. Высокі ўзровень выкладання і сучасныя лабараторныя магчымасці ўніверсітэтаў натхняюць.
Калі я вучыўся ў школе, то не меў магчымасці карыстацца такім вучэбным абсталяваннем, хоць наведваў радыёгурток. Мне падабалася займацца лыжным спортам, я 7 гадоў вучыўся ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе. Мы ж вучыліся ў іншы час, таму, канечне, і магчымасці ў нас былі іншыя. Я, напрыклад, добра памятаю свайго класнага кіраўніка Людмілу Іванаўну Хіневіч (вучыўся ў сярэдняй школе № 7 Мінска), якая шмат увагі ўдзяляла фарміраванню культуры паводзін, і многіх правіл прытрымліваюся і сёння. Увогуле, я рос у сям’і педагогаў. Мама — настаўніца замежнай мовы, бацька працаваў у вучэбна-вытворчым камбінаце, быў дырэктарам ВВК, пасля — дырэктарам школы. Бабуля таксама была настаўніцай: працавала ў пачатковай школе. Таму на маё асобаснае станаўленне вялікі ўплыў аказалі як школьныя педагогі, так і сямейныя.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.