“Напярэдадні Новага года мы стараемся ажыццявіць самыя запаветныя мары нашых дзяцей, асабліва тых, хто мае патрэбу ў найбольшым клопаце, — адзначыла Ірына Афанасьеўна Драздова, начальнік упраўлення адукацыі Полацкага райвыканкама. — Зараз у Полацку праходзіць акцыя “Нашы дзеці”, адкрыта загарадная рэзідэнцыя Дзеда Мароза. У дабрачынных навагодніх мерапрыемствах возьмуць удзел больш за 1000 дзяцей”.
— Раскажыце, калі ласка, якія цікавыя адукацыйныя праекты рэалізаваны ў апошнія гады на Полаччыне?
— Нам пашчасціла нарадзіцца на Полацкай зямлі, якая мае багатае гістарычнае мінулае. Таму ў аснове работы сістэмы адукацыі знаходзіцца рэгіянальны кампанент. Гэта дазваляе комплексна вырашаць пытанні выхавання дзяцей. Што тычыцца цікавых праектаў, варта назваць сацыяльна значныя калектыўныя справы, у якіх дзеці ўдзельнічалі разам з дарослымі. Так, у 2017 годзе ўвасоблены гісторыка-краязнаўчы праект “Полацк вачыма дзяцей, або Горад у мініяцюры”, прысвечаны святкаванню 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і юбілею горада. Пасля яго завяршэння зроблены 26 макетаў аб’ектаў архітэктуры, 8 з якіх з’яўляюцца страчанымі і адноўлены вучнямі і педагогамі па гістарычных чарцяжах і літаграфіях. У наступныя два гады з’явілася серыя арт-аб’ектаў “Краіна майго дзяцінства”, прысвечаная малой радзіме, і рэалізаваны гісторыка-адукацыйны праект “Стужка часу”. 10 творчых гістарычных майстэрань ажывілі асобныя старонкі слаўнай гісторыі Полаччыны, далі старт напісанню даследчых работ, з якімі многія школьнікі перамаглі на рэспубліканскіх конкурсах па гісторыі і краязнаўстве. Для ўмацавання сяброўскіх адносін з гарадамі-пабрацімамі з 14 краін свету ў 2021 годзе рэалізавана ідэя “Сяброўствам адзіныя: Полацк і гарады-пабрацімы”. Творчыя пляцоўкі ў анімацыйнай форме азнаёмілі з гісторыяй кожнага з гарадоў. Прайшлі майстар-класы па вырабе сувеніраў, створаны сэлфі-альбом вандроўніка.
— Ці ёсць новыя падыходы да работы з моладдзю?
— Нас хвалюе пытанне бяспечнай і карыснай для моладзі інфармацыйнай прасторы. Установы адукацыі раёна пачалі ствараць свае акаўнты ў сацыяльнай сетцы Instagram. Сярод больш чым 50 000 падпісчыкаў 27% — маладыя людзі ад 13 да 24 гадоў, якія таксама з’яўляюцца актыўнымі стваральнікамі кантэнту. У кожнай са школ раёна дзейнічае міжведамасны інфармацыйны праект “Школа — тэрыторыя здароўя”, які прыцягвае сотні ўдзельнікаў. Мы шукаем новыя формы занятасці, якія б дазволілі дзецям актыўна даследаваць навакольны свет. За апошнія тры гады ў сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з’явілася больш за 12 новых профіляў і кірункаў: робататэхніка, Scratch-праграмаванне, мотаспорт, варкаўт-рух, розныя маладзёжныя ініцыятывы і інш. Расце ахоп дзяцей дадатковай адукацыяй. На базе раённага цэнтра дзяцей і моладзі адкрыта лабараторыя для заняткаў тэхнічнай творчасцю ў галіне праграмавання, робататэхнікі і прататыпавання. Гэта развівае інавацыйнае мысленне, фарміруе цікавасць да сферы высокіх тэхналогій. Як вынік такой работы, сёння — 11 вучняў прайшлі этапы адбору ў Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк. З цэнтра дзяцей і моладзі выйшла не адно пакаленне пераможцаў конкурсаў прафмайстэрства: Алеся Пупкоўская, педагог студыі сучаснай творчасці “Арт-дэкор”; Алена Багдановіч, метадыст аддзела турызму і актыўнага адпачынку; Наталля Сляпцова, кіраўнік полацкай студыі журналістыкі “Медыя Мікс”.
— Ці павялічваецца колькасць класаў прафесійнай накіраванасці?
— Так, ствараюцца педагагічныя, спартыўна-педагагічныя, ваенна-патрыятычныя, медыцынскія і аграрныя класы. Установы адукацыі заключылі 55 дагавораў аб супрацоўніцтве з навучальнымі ўстановамі вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі краіны. Каля 70% выпускнікоў педагагічных класаў сёлета паступілі на адпаведныя прафесіі. Кожны другі выпускнік аграрных груп працягнуў навучанне па спецыяльнасцях гэтай накіраванасці. 40% з першага выпуску спартыўна-педагагічнай групы паступілі па выбраным профілі. Ёсць і аддача: сёння ў працоўных калектывах Полаччыны 27% ад усіх педагогаў — маладыя людзі да 31 года. Полацкае кадэцкае вучылішча па выніках мінулага навучальнага года ўвайшло ў тройку лідараў сярод 11 устаноў кадэцкай адукацыі краіны. За апошнія два гады каля 90% яго выпускнікоў выбралі для сябе ўстановы вышэйшай адукацыі сілавых структур.
— Надзвычай важна знаёмства з культурнай і духоўнай спадчынай Полацкай зямлі.
— Так, на працягу дзесяці гадоў Полацк з’яўляецца пляцоўкай для правядзення рэспубліканскіх Свята-Ефрасіннеўскіх педагагічных чытанняў. Значнымі з’яўляюцца праекты “Дарога да храма”, “З верай у сэрцы”. Незабыўнае ўражанне пакідаюць штогадовыя Скарынаўскія дні ў Полацку, фестывалі, святы, урачыстасці, якія праводзяцца ў супрацоўніцтве з Полацкім епархіяльным упраўленнем і выхоўваюць беларускую дзяржаўнасць і духоўнасць. Такі выхаваўчы падыход дапамагае педагогам Полаччыны ў папярэджанні дэвіянтных паводзін дзяцей.
— З якімі спадзяваннямі і пажаданнямі да калег вы сустракаеце Новы год?
— У 2022 год сістэма адукацыі Полаччыны працягне развівацца ў кірунку выкарыстання IT-тэхналогій, стварэння рэсурсных цэнтраў, паспяховай дзейнасці класаў прафесійнай накіраванасці, значных выхаваўчых праектаў. Напярэдадні Новага года і Каляд пажадаю паважаным калегам моцнага здароўя, душэўнай стойкасці, упэўненасці ў сваіх сілах і аптымізму. Няхай надыходзячы год прынясе поспехі і дасягненні Няхай спраўдзяцца лепшыя надзеі і самыя смелыя мары, а любым пачынанням заўсёды спадарожнічаюць творчае натхненне і стваральная ініцыятыва. І, безумоўна, ваша нястомная энергія паслужыць залогам выканання намечаных планаў.
Надзея ЦЕРАХАВА.