Будучыня за наватарамі

- 12:39Навука і інавацыі, Увайсці ў IT

Галоўная якасць вынаходніка — думаць нестандартна. Дзесяцікласнік сярэдняй школы № 4 Рагачова Андрэй Мамаеў — горды ўладальнік такой здольнасці. Падчас звычайнай прагулкі ён заўважыў цікавую дэталь, дзякуючы чаму сфарміраваў прарыўную ідэю, а праз некалькі месяцаў ўвасобіў яе ў жыццё.

Калі ў галаве пілавінне

Якім бы перспектыўным ні было зерне, яму патрэбна ўрадлівая глеба. Андрэй трапіў па адрасе — у Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк, дзе атрымаў імпульс для інтэлектуальнага развіцця, а таксама матэрыяльна-тэхнічную базу для доследаў і эксперыментаў.

— У верасні я паехаў на адукацыйную змену па кірунку “Зялёная хімія”, мэта якога — стварэнне экалагічна чыстага і бяспечнага вырабу. Спачатку не занадта гарэў жаданнем, але мая настаўніца Таццяна Міхайлаўна Лашакова здолела мяне пераканаць. У выніку я ёй вельмі ўдзячны, бо ўсё прайшло выдатна. Кожны з 24 дзён змены быў насычаным. Праходзілі лекцыі, практычныя заняткі, разнастайныя доследы і хімічныя аналізы — мы вывучалі базавы матэрыял. Затым выбіралі тэму для індывідуальнага праекта і стараліся што-небудзь прыдумаць.

На адным з семінараў мне ў галаву прыйшла цікавая ідэя. Я часта бываю ў лесе і не раз заўважаў, што пасля высечкі дрэў застаецца кара і пілавінне. Іх проста спальваюць, хоць можна выкарыстоўваць больш рацыянальна. У тэхнапарку я працаваў па кірунку “Ачыстка гідрасферы”, таму падумаў: “А чаму б не вырабіць з гэтай габлюшкі сарбент для ачысткі вады?”. Выкладчыкам гэта спадабалася. Яны падказалі мне, што, калі насыціць адходы спецыяльнай кіслатой, атрымаецца актываваны вугаль. Мы пачалі працаваць, правялі неабходныя эксперыменты і атрымалі выдатныя вынікі — адны з лепшых у свеце!

Не проста вугаль

Значэнне даследавання Андрэя Мамаева складана пераацаніць. І гаворка не толькі аб высокіх паказчыках карыснасці. Галоўнае — распрацоўка ўніверсальная: яна можа прымяняцца для ачысткі і вады, і паветра.

— Пілавінне здрабняецца, праводзіцца хімічнае апыленне, а затым ідзе двухстадыйная апрацоўка ў муфельнай печы пры вельмі высокіх тэмпературах. У выніку атрымліваецца высокаактыўны мезапорысты вугаль. Сфера яго прымянення вельмі шырокая. Па-першае, гэта ачыстка сцёкавых вод розных прадпрыемстваў і нават атамных электрастанцый ад сярэдне- і нізкаактыўных радыенуклідаў. Вугаль убірае гэтыя радыеактыўныя рэчывы, пасля чаго яго можна пахаваць. Па існуючай тэхналогіі даводзіцца пазбаўляцца ад сцёкавых вод, што нашмат складаней.

Па-другое, гэта ачыстка сцёкавых вод фармацэўтычнай прамысловасці. У іх змяшчаюцца антыбіётыкі і лекі, што пагражае вялікімі праблемамі, калі яны трапляюць у навакольнае асяроддзе. Па-трэцяе, мезапорысты вугаль прымяняецца для ачысткі паветра ад шкодных арганічных і неарганічных рэчываў.

“Дзякуючы сваім унікальным уласцівасцям, наш мезапорысты вугаль здольны выдаляць большасць шкодных рэчываў з навакольнага асяроддзя. У гэтым і заключаецца сутнасць кірунку “Зялёная хімія”. Эколагі выносяць праблемы на парадак дня, а хімікі думаюць, як іх вырашыць”.

Праект ужо тэсціруецца на базе Навукова-даследчага Інстытута фізіка-хімічных праблем БДУ і ў хуткім часе будзе запатэнтаваны. Яшчэ неабходна запусціць рэкламную кампанію, каб распрацоўка знайшла свайго пакупніка і была ўвасоблена ў жыццё. З намі ўжо звязваліся некалькі прадпрыемстваў, якім было б цікава выкарыстоўваць гэтую тэхналогію. Таксама плануем ўзаемадзейнічаць з ляснымі гаспадаркамі.

Лепшы з лепшых

Усведамляючы важнасць свайго даследавання, Андрэй прыняў рашэнне прадставіць яго на конкурсе “Экаідэі — у жыццё!”, які праводзіўся ў рамках Міжнароднага студэнцкага экалагічнага кангрэса ў БДУ. Там мезапорысты вугаль таксама высока ацанілі.

— Спачатку быў адборачны этап, на якім журы выбрала з вялікай колькасці праектаў 5 лепшых. Іх стваральнікі трапілі ў фінал, дзе неабходна было прадставіць сваю ідэю з дапамогай прэзентацыі. У гэты ж дзень адбылося і абвяшчэнне вынікаў, а таксама ўручэнне падарункаў.

Не адмаўляю, перад выступленнем прысутнічала хваляванне. Затое калі ўсё скончылася, зразумеў: нездарма паўдзельнічаў. Спачатку прыйшла палёгка, потым усведамленне: ваў, у мяне ж першае месца! А затым мяне апанавалі радасць і гордасць, бо кампетэнтнае журы па заслугах ацаніла маю работу.

Два ў адным

Выдатныя здольнасці выявіліся ў Андрэя Мамаева ў сярэдняй школе. Раскрыць іх дапамагла любімая настаўніца, а таксама свядомы падыход да справы: хлопец з дзяцінства шукаў свой шлях, каб рэалізаваць сябе.

— Вывучаю хімію з 6 класа, хоць звычайна гэты прадмет пачынаецца на сёмым годзе навучання. Да гэтага спрабаваў паглыбіцца ў матэматыку, але не пайшло. Тады Таццяна Міхайлаўна прапанавала ў якасці эксперыменту звярнуць увагу на навуку аб будове і ўласцівасцях рэчываў. Разгледзела ўва мне здольнасці і кожны тыдзень займалася са мной дадаткова. Неўзабаве я пайшоў на дэбютную алімпіяду, а праз год перамог на раённым этапе. З кожным днём хімія падабалася мне ўсё больш. Я старанна працаваў, і вынік не прымусіў сябе чакаць: летась стаў першым на рэспубліканскім этапе. Такія вынікі былі дасягнуты дзякуючы адданасці сваёй справе. Важную ролю адыграла і здольнасць працаваць самастойна. Безумоўна, мне дапамагалі выкладчыкі і навуковыя супрацоўнікі, але, каб дасягнуць поспеху ў навуцы, трэба ўмець працаваць без дапамогі або прымусу збоку. Для мяне хімія адначасова і асноўны занятак, і хобі. Я прысвячаю гэтаму прадмету амаль увесь свой вольны час, пры гэтым атрымліваю задавальненне ад працэсу. У гэтым сакрэт поспеху.

Дзмітрый АРХІПЕНКА.