Прывід музыкі

- 17:03Культура

Кожная школа мае іскрынку, выбіваецца з шэрага іншых нечым сваім. Сярэднюю школу № 33 Віцебска мы чуем раней, чым бачым. Яе лёгка пазнаць на слых. Ужо за 100 метраў ад ганка нас сустракаюць гукі музыкі.

Аркестр ёгаў

Адразу хочацца заказаць кубачак кавы, дастаць з кішэні білет на канцэрт у філармонію і настроіцца на прыемны вечар. Але ўсё не так чароўна: урокі ніхто не адмяняў. Раней 33-я была школай з музычным ухілам, а сёння музыка засталася ў ёй толькі факультатыўна. Але галоўнае — не колькасць гадзін, адведзеных на заняткі, а іх якасць.

Якасць на ўзроўні. Сёння віцебская школа ганарыцца сузор’ем музычных калектываў — узорным хорам хлопчыкаў “Віцьбічы”, узорным хорам дзяўчынак “Вяснянка”, узорным аркестрам духавых інструментаў, узорным ансамблем скрыпак. Дарэчы, не толькі харавыя, але і аркестравыя класы тут маюць своеасаблівае дзяленне: у духавікоў — адны хлопчыкі, у класе скрыпкі — адны дзяўчынкі. Чаму так адбываецца, спытаем у педагогаў…

Перш за ўсё, накіруемся да Аляксея Генадзьевіча Акімава, кіраўніка ўзорнага аркестра духавых інструментаў школы. Тым больш што пра духавікоў існуе шмат цікавых міфаў. Маўляў, яны ніколі не пакутуюць ад прастудных захворванняў і маюць такую выразную форму вуснаў, што прыгажуні з Іnstagram сарамліва хаваюць камеры…

— Насуперак распаўсюджаным міфам, — расказвае Аляксей Гена­дзьевіч, — нельга “напампаваць” вусны ігрой на трубе. Затое можна выдатна распрацаваць лёгкія. Падчас заняткаў на трубе трэніруецца дыханне. Гэта значыць, што ў нас большы аб’ём лёгкіх, чым у звычайных людзей, нам лягчэй займацца спортам. Мы дыхаем, як ёгі: у працэсе заняткаў выпрацоўваецца брушна-грудны тып дыхання, вельмі карысны для падтрымання здароўя. Духавікі пасля запалення лёгкіх, бранхітаў папраўляюцца вельмі хутка. А ўрачы рэкамендуюць бацькам дзяцей, што пакутуюць ад бранхіяльнай астмы, аддаваць іх у клас духавых інструментаў. Тут яны забудуцца на гэтую хваробу!

Сёння ў школьным аркестры Аляксея Генадзьевіча — 18 чалавек. Першакласнікі пачына­юць іграць на невялічкіх драўляных блок-флейтах, а да канца 4—5 класа, калі выпрацуюць адпаведнае дыханне і набудуць добрую фізічную форму, яны перахо­дзяць на ігру на медных духавых інструментах, якія пасля клапатліва перада­юць наступным пакаленням навучэнцаў.

Так, добры музычны інструмент — рэч трывалая, што называецца, на стагоддзі. Аляксей Генадзьевіч расказвае, што самы малады “медны” ў яго аркестры — 1961 года нараджэння. Але ж нішто не вечнае, нават метал  мае свой запас трываласці, інструменты не вытрымліва­юць. Рамонт сваіх медных сяброў у школьным аркестры ажыццяўляюць уласнымі сіламі: дзе паяюць, дзе зварваюць, каб падарыць духавым другое жыццё…

Хор хлопчыкаў: цяжка, але магчыма!

Заглядваем у наступны кабінет, дзе поўным ходам ідзе рэпетыцыя ўзорнага хору хлопчыкаў “Віцьбічы”. Як расказвае яго кіраўнік Андрэй Уладзіміравіч Шалуха, сёння сабраць хор хлопчыкаў — задачка нялёгкая, але цікавая.

— Я кірую і ансамблем дзяўчат, і хорам хлопчыкаў. І розніца відавочная. Дзяўчаты ма­юць больш пяшчотныя галасы, ад прыроды яны больш спяваючыя. Хлопчыкі па-іншаму настройваюцца на заняткі — яны мэтанакіраваныя, працуюць на вынік, менш распыляюцца. Калі дзяўчаты імкнуцца паспрабаваць свае сілы і ў адным гуртку, і ў другім, то хлопцы паказваюць большую трываласць інтарэсаў.

Трубачы дыхаюць, як ёгі: у працэсе заняткаў у іх выпрацоўваецца брушна-грудны тып дыхання, вельмі карысны для падтрымання здароўя. Пасля запалення лёгкіх, бранхітаў яны папраўляюцца вельмі хутка.

Улічваючы, што сёння ў сем’ях слухаюць менш якаснай музыкі і менш спяваюць, узровень пачаткоўцаў значна знізіўся ў параўнанні з мінулымі гадамі.

— Дзяўчынкі прыходзяць да мяне такія ж рытмічныя, як раней, але менш музычныя. Што ўжо казаць пра хлопчыкаў! Вядома, любога чалавека можна навучыць спяваць. Гэта толькі пытанне працоўных затрат. І калі з дзяўчатамі ўсё больш-менш зразумела, то хлопцы патрабу­юць асаблівага падыходу. Справа ў мутацыйным перыядзе, калі ў юнакоў ламаюцца галасы. У дзяўчат падлеткавыя мутацыі голасу праходзяць амаль непрыметна, а вось хлопчыкі сур’ёзна выбіваюцца з работы хору. Прычым, ніхто не ведае, наколькі доўгім будзе ў канкрэтнага юнака тэрмін “маўчання”. Ён можа працягнуцца некалькі месяцаў, а можа доўжыцца цэлы год.

І ўсё ж Андрэй Уладзіміравіч настойліва заклікае падапечных працягваць наведваць рэпетыцыі, слухаць, як спяваюць сябры. Ён заўважыў, што так юнакі хутчэй вяртаюцца ў строй, лягчэй пераносяць ломку голасу і… атрымліваюць узнагароду за мужнасць.

— Калі хлопчык з малодшай школы спяваў, то за перыяд мутацыі навыкі нікуды не знікаюць. І харавое мысленне, і харавыя веды застаюцца пры іх уладальніку, проста яго голас паступова расшырае дыяпазон. Тэмбральна юнацкія галасы больш светлыя, чым мужчынскія, але з цягам часу, пакуль мяняецца фізіялогія, расце арганізм, яны становяцца гусцейшымі, узмацняюцца. І гэта ў выніку дае плюс, дазваляе хору асвоіць больш сталыя, глыбокія, моцныя творы.

Дарэчы, галоўная праблема пры рабоце з хлопчыкамі — немагчымасць трымаць рэпертуар. Пастаянныя змены складу вымушаюць штогод набіраць навічкоў і вучыць з імі ўсе песні нанова. Затое гэта выдатна выпрацоўвае камандны дух і харавое мысленне: малодшыя цягнуцца за старэйшымі, вучацца ў іх, становяцца трывалай часткай музычнага мужчынскага калектыву.

Бывай, манікюр!

Накіроўваемся ў клас скрыпкі. Вобразы скрыпачоў спрадвеку былі авеяны жудаснымі легендамі. Маўляў, скрыпку стварыў сам д’ябал. Па паданні, ён моцна закахаўся ў прыгажуню, аднак яна не адказала на яго пачуцці ўзаемнасцю. Каб адпомсціць ганарлівай дзяўчыне, д’ябал ператварыў яе ў чароўны музычны інструмент, што сваёй формай так нагадвае жаночы сілуэт.

— Для таго каб іграць на скрыпцы, патрэбен абсалютны слых. Ня­дзіўна, што скрыпка лічыцца каралевай аркестра і элітным музычным інструментам. Таму і патрабаванні да скрыпічнага ансамбля строгія, адбор у яго вельмі суровы, — расказвае канцэртмайстар скрыпічнага ансамбля 33-й школы Віцебска Юльяна Валер’еўна Хмяльніцкая.

Галоўная праблема пры рабоце з хорам хлопчыкаў — немагчымасць трымаць рэпертуар. Пастаянныя змены складу вымушаюць штогод набіраць навічкоў і вучыць з імі ўсе песні нанова.

Яго кіраўнік Ларыса Артураўна Платонава дадае:

— Калі іншыя інструменты могуць адмаўчацца, то скрыпкі ў аркестры чуваць пастаянна. Лічыцца, што іх гучанне найбольш нагадвае чалавечы голас. Менавіта таму скрыпачы заўсёды лічыліся элітай у свеце музыкі. Але, вядома, і плаціць за магчымасць авалодаць чароўным музычным інструментам даводзіцца шмат, перш за ўсё, плаціць цяжкай нястомнай працай, адсутнасцю вольнага часу, дысцыплінай, патрабавальнасцю да сябе.

У звычайнай музычнай школе заняткі па класе скрыпкі доўжацца 7 гадоў, у сярэдняй школе № 33 Віцебска яны працягваюцца да 9 класа. Уявіце: навучэнцы праз усю базавую школу праходзяць са скрыпкай у руках! Але справа не толькі ў часе навучання. Ёсць дробныя побытавыя моманты, на якія гатовы далёка не ўсе.

— Напрыклад, я наогул не ведаю, што гэта такое — мець доўгія пазногці. У скрыпачак яны заўсёды коратка пастрыжаныя, інакш мяняецца гучанне інструмента. І такіх момантаў шмат, — расказвае Ларыса Артураўна…

І тут жа дадае: “Але музыка гэтага варта!”

Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ.
Фота з архіва школы.