Новы Агульнадзяржаўны класіфікатар “Спецыяльнасці і кваліфікацыі” 0112022 пачне дзейнічаць адначасова з новай рэдакцыяй Кодэкса аб адукацыі. Пра тое, як ішла праца, на якія напрамкі класіфікацыі была звернута асаблівая ўвага і чым урэшце будзе адрознівацца новы класіфікатар ад папярэдняга, расказваюць прадстаўнікі рабочай групы —прарэктар па навуковаметадычнай рабоце РІВШ кандыдат гістарычных навук ІгарУладзіміравіч ЦІТОВІЧ і першы прарэктар РІПА кандыдат педагагічных навук Юлія Сяргееўна СЫЧОВА.

— Ігар Уладзіміравіч, чым была абумоўлена распрацоўка новага класіфікатара?
— Мэтазгоднасць распрацоўкі новага праекта Агульнадзяржаўнага класіфікатара “Спецыяльнасці і кваліфікацыі” абумоўлена некалькімі прычынамі. Узнікла неабходнасць у далейшай і больш прадметнай арыентацыі ў спецыяльнасцях бесперапыннай прафесійнай адукацыі, каб сувязь з відамі эканамічнай дзейнасці і заняткамі стала больш цеснай і відавочнай і каб арыентацыя кваліфікацый стала сугучнай з планаваннем падрыхтоўкі кадраў для ўсіх галін нацыянальнай эканомікі. Акрамя таго, структуру і змест класіфікатара трэба было гарманізаваць з міжнароднымі класіфікацыямі адукацыі і прывесці ў адпаведнасць з новай рэдакцыяй Кодэкса аб адукацыі ў той частцы, якая тычыцца структуры ўзроўняў бесперапыннай прафесійнай адукацыі, відаў адукацыйных праграм вышэйшай адукацыі.
— Як вялася работа над новым дакументам? Якія этапы сталі ключавымі?
— Работа над новым класіфікатарам ажыццяўлялася паэтапна. Спачатку была праведзена аптымізацыя структуры спецыяльнасцей магістарскай падрыхтоўкі, каб сарыентаваць вышэйшую адукацыю ІІ ступені на патрэбнасці навукова-інавацыйнай сферы, павышэнне эфектыўнасці і якасці магістарскай падрыхтоўкі, уключэнне магістратуры ў інтэграванае адукацыйнае, навукова-даследчае і прадпрымальніцкае асяроддзе ў рамках “Універсітэта 3.0”. На другім этапе работы, а гэты перыяд захапіў 2021 і бягучы год, вялася распрацоўка структуры скразных класіфікацыйных груповак (профіляў адукацыі, напрамкаў адукацыі і груп спецыяльнасцей), ішло праектаванне найменняў спецыяльнасцей і кваліфікацый з улікам відаў эканамічнай дзейнасці, галін навуковых ведаў у залежнасці ад узроўню і віду адукацыі. Распрацоўваючы праект, яго аўтары прытрымліваліся таго, каб спецыяльнасці і кваліфікацыі адпавядалі асноўным кірункам дзяржаўнай палітыкі, а нацыянальная класіфікацыя нашай адукацыі гарманізавала з Міжнароднай стандартнай класіфікацыяй адукацыі, кірункамі адукацыі і прафесійнай падрыхтоўкі (МСКА-2011 і МСКА-В-2013), прынятымі ЮНЕСКА. Распрацоўшчыкі імкнуліся ўзбуйніць дзеючыя і скасаваць дубліруючыя спецыяльнасці вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, арыентаваць спецыяльнасці на віды эканамічнай дзейнасці. Трэба было пашырыць магчымасці навучальных устаноў вышэйшай адукацыі, каб яны маглі ўводзіць прафілізацыі ў рамках узбуйненых спецыяльнасцей. У фінансавым плане неабходна было павысіць эканамічны эфект сродкаў, выдаткаваных на падрыхтоўку кадраў, за кошт аптымізацыі структуры адукацыі.
— Што ўключае выніковая версія праекта?
— У праект уключана 10 профіляў адукацыі (раней было 15), 26 напрамкаў адукацыі (65), 72 групы спецыяльнасцей (236), а таксама 1170 спецыяльнасцей прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі і перападрыхтоўкі кадраў, у тым ліку 247 спецыяльнасцей бакалаўрыята, 166 спецыяльнасцей магістратуры, 41 спецыяльнасць бесперапыннай вышэйшай адукацыі. Як бачна, агульная колькасць спецыяльнасцей і кваліфікацый вышэйшай адукацыі, якая ўвайшла ў новы класіфікатар, значна зменшана.
Спецыяльнасці ўзбуйнены, дубліруючыя ануляваны, а таксама выключаны тыя, якія сталі неактуальнымі для эканомікі, навукі і сацыяльнай сферы. Назвы спецыяльнасцей спраектаваны з арыентацыяй на віды прафесійнай і эканамічнай дзейнасці, кваліфікацыі сістэматызаваны ў адпаведнасці з міжнароднымі патрабаваннямі і з улікам запраектаванай Нацыянальнай рамкі кваліфікацый. У новай рэдакцыі класіфікатара структура спецыяльнасцей выключае ўвядзенне дробных варыятыўных элементаў — спецыялізацый і напрамкаў спецыяльнасцей, як гэта было ў папярэднім, дзеючым сёння АКРБ
011-2009. Таксама ў новым класіфікатары скарочана колькасць класіфікацыйных адзінак. Пярвічнай адзінкай класіфікацыі вызначана спецыяльнасць.
Для ўдакладнення, спецыяльнасць — гэта комплекс адукацыйнай дзейнасці, накіраванай на падрыхтоўку выпускніка да выканання дакладных прафесійных задач і функцый. Кожнай спецыяльнасці адпавядае адна ці некалькі кваліфікацый, якія разглядаюцца як афіцыйнае прызнанне кампетэнцый выпускніка, неабходных для ажыццяўлення працоўнай дзейнасці, пацверджанае адпаведным дакументам. Згодна з новай рэдакцыяй Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, навучальныя ўстановы будуць рэалізоўваць варыятыўнасць падрыхтоўкі кадраў па спецыяльнасцях сродкамі прафілізацыі, што пашырае іх магчымасці аператыўна рэагаваць на патрэбы работадаўцаў да зместу адукацыі выпускнікоў.
Адначасова з распрацоўкай класіфікатара былі сфарміраваны перакадзіровачныя табліцы спецыяльнасцей і кваліфікацый, якія дазваляюць ажыццявіць навукова-метадычнае забеспячэнне прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі, дадатковай адукацыі дарослых, ліцэнзаванне адукацыйнай дзейнасці і дзяржаўную акрэдытацыю спецыяльнасцей і ўстаноў адукацыі.
— Як прайшла экспертная ацэнка класіфікатара?
— Экспертная ацэнка канчатковай рэдакцыі праекта АКРБ 011-2022 праведзена ў Беларускім дзяржаўным інстытуце стандартызацыі і сертыфікацыі. Выніковы праект класіфікатара ўзгоднены з зацікаўленымі рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, установамі адукацыі, іншымі арганізацыямі. Зацвердзіць праект плануецца ў найбліжэйшы час, што дасць магчымасць сфарміраваць прававую аснову для яго ўступлення ў дзеянне адначасова з нормамі новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі з 1 верасня 2022 года.
Перакадзіровачныя табліцы спецыяльнасцей і кваліфікацый таксама плануецца зацвердзіць разам з класіфікатарам, што дазволіць на прававой падставе ўнесці змяненні ў ліцэнзіі на адукацыйную дзейнасць і сертыфікаты аб дзяржаўнай акрэдытацыі. Таксама трэба будзе арганізоўваць распрацоўку новага пакалення адукацыйных стандартаў вышэйшай адукацыі па спецыяльнасцях агульнай, паглыбленай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі, навукова-метадычнага забеспячэння вышэйшай адукацыі.
Акрамя таго, будуць унесены змяненні ў аўтаматызаваную сістэму “Заказ на падрыхтоўку кадраў”. Неабходна, каб універсітэты, згодна з нормамі новага класіфікатара, сумесна з работадаўцамі вывучалі рэальную патрэбнасць у кадрах па спецыяльнасці, больш актыўна ўключалі заказчыкаў кадраў у распрацоўку новага пакалення (пакаленне 3+) адукацыйных стандартаў і вучэбна-праграмнай дакументацыі новых адукацыйных праграм.
Дакладны аналіз рынку працы
Ю.С.СЫЧОВА:
— На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі таксама адбылося ўзбуйненне спецыяльнасцей. У новай рэдакцыі класіфікатара адсутнічаюць такія адзінкі, як напрамкі — спецыяльнасці і спецыялізацыі. Назвы спецыяльнасцей сфармуляваны ў адпаведнасці з відамі эканамічнай дзейнасці і адлюстроўваюць напрамкі прафесійнай дзейнасці будучых рабочых і спецыялістаў.
Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі распрацаваў табліцы, якія сістэматызуюць спецыяльнасці і кваліфікацыі ўзроўняў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Асобна выдзелены спецыяльнасці, прызначаныя для асоб, якія плануюць вучыцца па спецыяльнасцях і кваліфікацыях прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Яна забяспечвае атрыманне кваліфікацыі рабочага (служачага) без атрымання агульнай сярэдняй адукацыі на аснове спецыяльнай адукацыі (18 спецыяльнасцей, 39 кваліфікацый).
Пашыраны пералік спецыяльнасцей, якія забяспечваюць атрыманне кваліфікацыі рабочага з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй (39 спецыяльнасцей, 56 кваліфікацый). Акрамя таго, у працэсе работы над Агульнадзяржаўным класіфікатарам АКРБ 011-2022 Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі праводзіў дакладны аналіз рынку працы і адукацыйных паслуг, вывучаліся прафесійныя функцыі работнікаў. Ад арганізацый — заказчыкаў кадраў паступілі прапановы па ўвядзенні новых спецыяльнасцей. Так, на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі ўведзена спецыяльнасць “Выраб і настройка музычных інструментаў”, дабаўлена 26 кваліфікацый у 12 спецыяльнасцей. На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі ўведзены 5 новых спецыяльнасцей, напрыклад, “Тэхнічнае забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі”, “Будаўніцтва і эксплуатацыя энергаэфектыўных будынкаў і збудаванняў” і інш.
Матэрыялы
Алы КЛЮЙКО.





