Крыніца “Ахоўская” знаходзіцца за 750 метраў на паўднёвы захад ад ускраіны вёскі Ахова, што ў Пінскім раёне, — на краі ляснога масіву, размешчанага на невялікім узвышшы. Да яе ад шашы вядзе грунтавая дарога.
Гісторыя гэтай святой крыніцы каранямі ідзе ў глыбіню стагоддзяў. Адны лічаць, што пра яе было вядома ў перыяд уніі Вялікага Княства Літоўскага з Польшчай у 1569 годзе. Іншыя кажуць, быццам крыніца была вядома яшчэ з 1054 года, калі адбыўся раскол царквы на каталіцкую і праваслаўную. Не ўдаючыся ў дыскусію па гэтым пытанні, толькі адзначым, што спакон веку на гэтым месцы былі дзве капліцы: праваслаўная і каталіцкая. Ля кожнай з іх стаяў жалезны крыж. Паводле падання, тут было вельмі прыгожае месца. Векавыя дубы ў два абхваты раслі літарай “П”, над адным з дубоў з’яўляўся крыж з распяццем Хрыста і абраз Божай Маці, якая асабліва шанавалася ў навакольных жыхароў.
Згодна з народным погаласам, што перадаецца з пакалення ў пакаленне, вада з крыніцы была не толькі святой, але і лячэбнай, у сувязі з чым сюды заўсёды імкнуліся паломнікі. Але падчас Вялікай Айчыннай вайны дубы высеклі, а ў канцы 1940-х мясцовыя атэісты разбурылі і капліцы. Цудам захаваўся толькі жалезны крыж.
Аднак людзі памяталі гэтае святое месца і з часам аднавілі крыніцу, а ў 1990 годзе збудавалі над ёй драўляную капліцу. Недалёка паставілі і драўляны праваслаўны паклонны крыж. Вада ў крыніцы чыстая, празрыстая, без паху, з выдатным смакам. Яна валодае нізкай мінералізацыяй, малой жорсткасцю. Узровень вады ў калодзежы — больш за метр. Па цеплавых уласцівасцях вада мае адносна пастаянную нізкую тэмпературу.
Апякуецца над крыніцай Крыжаўзвіжанская царква в.Ахова.
Алена ХАРАШЭВІЧ.
Фота аўтара.





